«Адышла ад пліты і стала апазіцыянеркай». Як і чаму маці-328 галадуюць дванаццаць дзён


Лецішча ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. На пляцоўцы ля невялікага драўлянага доміку стаіць намёт. Пад навесам, які абараняе ад раскаленага сонца, сядзяць шасцёра жанчын. Бледныя і схуднелыя, яны п’юць ваду. Вось ужо 12 дзён, ад 27 красавіка, жанчыны трымаюць галадоўку. Гэта – маці-328, чые сыны трапілі ў турмы «за наркотыкі».

Яны дамагаюцца змякчэння пакарання па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу, пераразгляду справаў сваіх дзяцей, а таксама асабістай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. 2 траўня, падчас прыёму ў Адміністрацыі прэзідэнта, жанчынам адмовілі ў сустрэчы з Лукашэнкам, але кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава паабяцала, што законапраект аб змяншэнні турэмных тэрмінаў «амаль гатовы» і неўзабаве яго пачнуць разглядаць у Палаце прадстаўнікоў. Тым не менш, маці-328 не збіраюцца спыняць галадоўку, пакуль усе іхныя патрабаванні не будуць выкананыя.

Галадоўніцы-328,фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Штодня зранку да галадоўніцаў у Востраў прыязджае мясцовы фельчар з Пухавічаў, каб памераць ціск і ўзяць аналіз крыві. Адну з жанчын, 64-гадовую Людмілу, пачало ванітаваць страўнікавым сокам і медыкі катэгарычна забаранілі ёй галадаваць надалей. Тыя, хто пачуваецца лепей, спяць проста ў двары, накрыўшыся ўначы коўдрамі і апрануўшы некалькі швэдраў. Таксама, каб сагрэцца, жанчыны заварваюць корань дзьмухаўца ў кіпені. За 11 дзён – ні кавалку ежы. Усе згубілі за гэтыя дні 7-8 кілаграмаў вагі.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пасярэдзіне лецішча стаіць фігурка, зробленая са старой шэрай вопраткі. На спіне ў «чалавечка» надпіс – «неўстаноўленая асоба». Як кажуць маці, гэта і ёсць тая самая «неўстаноўленая асоба», што фігуруе ў матэрыялах крымінальных спраў.

«На судах мы чулі прыкладна адны і тыя ж словы. Як ва неўстаноўленым месцы, у неўстаноўлены час нейкая група асобаў збывала рэчывы…», – тлумачаць яны.

Удзень 7 траўня ў Востраве мы сустрэлі шасцёра ўдзельніц галадоўкі. За час, праведзены разам, яны сталі сапраўднымі сяброўкамі: падтрымліваюць адна адну, часам жартуюць, часам разам плачуць. «Нас аб’ядноўвае адна мэта і гэта дае сілы», – кажуць маці-328.

Галодны стол. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
У Наталлі кружыцца галава, таму яна часта ляжыць, фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Ларыса Жыгар. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ларыса Жыгар, маці Максіма, асуджанага на 8 гадоў:

«Мой сын ужо амаль 6 гадоў адбывае пакаранне ў калоніі «Волчыя норы» у Івацэвічах. На момант затрымання яму было ўсяго 18 гадоў – мой малодшы з траіх дзетак, любімы сын. Максім – натура творчая, марыў і марыць дагэтуль быць мадэльерам, займацца модай. Калі ён выйдзе на волю, то абавязкова з’едзе за мяжу…

У 2012 годзе ён знайшоў сяброў у інтэрнэце, яны разам фатаграфавалі, планавалі зладзіць выставу ў Польшчы… Аднойчы яны пайшлі ў поле, там знайшлі тры кусты каноплі і прынеслі іх дахаты, загарнулі ў рулон шпалераў. Яны сказалі, што высушаць і будуць курыць удвох з сябрам. Аператыўнікі прыйшлі з вобшукам па наводцы. У нас чатырохпакаёвая кватэра, я прапанавала паказаць іншыя пакоі, а тыя абшукалі выключна пакой Максіма. У выніку па справе праходзілі 4 чалавекі, але фармулёўка «з мэтаю збыту» аказалася толькі ў майго сына. Астатнія фігуранты пасля прызналіся, што на іх аказвалі ціск. Усё абвінавачванне было збудаванае на вусных паказаннях, кантрольная закупка не праводзілася.

Яшчэ ў ізалятары часовага ўтрымання Максіма збілі аператыўнікі. Яму пагражалі «прэс-хатай», прымушалі ўзяць усю віну на сябе. Ягонаму сябру, які, паводле следства, арганізаваў прытон, схіляў няпоўнагадовых да ўжывання, далі 4 гады, другому суддзя замяніў трэцюю частку 328-га артыкула на першую і даў 2 гады з адтэрміноўкай. Мой, наймалодшы з кампаніі, атрымаў найбольш жорсткі прысуд – 8 гадоў. Я ўпэўненыя, што іншым знізілі тэрміны, бо тыя вырашылі пытанне з дапамогай грошай, далі камусьці хабар».

Наталля Ляўхіна. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Наталля Ляўхіна, маці Кірыла, асуджанага на 8 гадоў

«Я – дачка палкоўніка міліцыі. Мой брат таксама пайшоў у міліцыю, але потым звольніўся, не вытрымаўшы псіхалагічнага ціску. Цяпер мой сын ужо больш за 5 гадоў у турме.

Спачатку яго асудзілі ўмоўна, па першай частцы 328-га артыкула, не было складу злачынства, каб на 8 гадоў пасадзіць. Кірыл вярнуўся дадому пасля прысуду і паспеў прабыць дома 23 дні. Аднойчы да яго прыехалі сябры і пачалі клікаць на вуліцу. Ён адмаўляўся, але тыя званілі па дзесяць разоў і выклікалі. У выніку пагадзіўся і паехаў. Знайшоўся ўжо ў СІЗА. Кірылу тады было 18 гадоў. З навучальнай установы яго хацелі выключыць завочна, каб не было «плямы на іх рэпутацыі».

Асноўнае пытанне – якім чынам у Беларусі пры такой колькасці сілавікоў стала магчыма, што 18-гадовыя і няпоўнагадовыя падлеткі ствараюць арганізаваныя злачынныя групоўкі? Хто, як і калі будзе спыняць наркатрафік у краіне? Бо, натуральна, нашыя дзеці – не наркабароны.

За гады, што Кірыл у калоніі, я і іншыя маці дасканала вывучылі заканадаўства, навучыліся адстойваць свае правы. Хай дзяржаўныя СМІ нас залічваюць да апазіцыі ў такім выпадку. Я была вымушаная адысці ад пліты і стала апазіцыянеркай».

Партрэты асуджанных па арт. 328, фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ала, маці Аляксандра, асуджанага на 14 гадоў:

«У гісторыі з маім сынам сваю ролю адыгралі высокапастаўленыя людзі… З падлеткавага ўзросту Саша сябраваў з дзяўчынкай, вельмі яе кахаў, планаваў ажаніцца. Яна хацела прыгожае вяселле, з роспісам у палацы ў Пецярбургу, з брыльянтавымі ўпрыгожаннямі. А сын намагаўся зарабіць на ўсё гэта. Ён працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, рабіў нацяжныя столі. Пасля працы стамляўся настолькі, што дома засынаў над талеркай супу. Бацька ягонай дзяўчыны – палкоўнік ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, – заўв. Рэдакцыі). Незадоўга да вяселля сын пазычыў сям’і дзяўчыны 5 тысяч долараў. Магчыма, гэта і былі грошы на вяселле.

Саша пайшоў жыць да іх, а праз два месяцы яго затрымалі за распаўсюд наркотыкаў, нібыта ён быў закладчыкам. Я задаю пытанне: як бацька дзяўчыны, дасведчаны сілавік, гэтага не заўважаў? А, можа, ён і паспрыяў усяму, што адбылося з маім сынам? Ні ён, ні сама дзяўчына не прысутнічалі на судзе, а са сведкаў былі толькі я ды аператыўнікі. Неўзабаве я ўбачыла, як гэтая дзяўчына шпацыруе па раёне з іншым хлопцам, а ў інстаграме піша, як кахае гэтага іншага…. Думаю, яна цудоўна ведала, што адбывалася з Сашам, але не папярэдзіла мяне.

Гэта цэлае пакаленне народжаных у 90-я, а калі яно будзе спрэс сядзець па турмах, то які прыклад атрымаюць малодшыя? Я выхоўвала сына годна, з павагай да жанчыны, з пачуццём уласнай годнасці. Хіба няправільна я рабіла?»

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі ў Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў.

Паводле дадзеных Вярхоўнага суду, па наркатычных артыкулах у 2017 годзе асуджана 2942 асобы (у 2016-м – 3608, у 2015-м – 3929). Паводле Міністэрства аховы здароўя, таксама знізілася колькасць пацыентаў, якія паступаюць у шпіталі з перадазіроўкай: у 2014 годзе такіх было 1351, у 2015 – 1068, у 2016 – 759, у 2017 – 437. У апошнія два гады не было перадазіровак са смяротным зыходам у непаўналетніх і ў цэлым сярод паўналетніх колькасць перадазіровак знізілася ў два разы.

Між тым сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах.

Тэкст – Каця Андрэева, фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў