Пішыце лісты на Валадарку: журналісту Змітру Галко прад'явілі абвінавачанне


Зміцер Галко і ўкраінскі жаўнер

З 27 красавіка журналіст Зміцер Галко знаходзіцца ў СІЗО на Валадарцы (Менск).

Бацька журналіста, Мікалай Галко пацвердзіў Belsat.eu інфармацыю пра прад’яўленне абвінавачання. «Так. Па гэтым артыкуле, але больш пра гэта я размаўляць не хачу», – сказаў Мікалай Галко.

22 красавіка журналіста і блогера Змітра Галко затрымалі на беларуска-украінскай мяжы.

Незалежны журналіст быў абвешчаны ў вышук у якасці падазраванага па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў».

30 красавіка Зміцер даслаў першы ліст з Валадаркі, напісала ў сваім «Facebook’у» маці журналіста, Таццяна Галко.

Летась у лістападзе Ян Галко, непаўналетні сын Змітра, адзначаў дзень нараджэння. На вечарынцы прысутнічаў бацька Яна. Праз гучную музыку нехта выклікаў участковага і ў міліцыянта нібыта адбылася сутычка са Змітром, у выніку якой разбіўся мабільны тэлефон участковага. Пазней на імпрэзу прыехаў АМАП. Адзін з падлеткаў паспрабаваў уцячы з вечарынкі ды скочыў з балкона, але зламаў нагу.

Сам Галко кажа, што проста ўзяў міліцыянта за рукі і ніякай бойкі не было.

Пасля гэтага інцыдэнту Зміцер з’ехаў у Марыупаль (Украіна), дзе жыве ягоная жонка. Галко вярнуўся ў Беларусь, каб вырашыць «пытанні з падатковай». Журналіст прыехаў у Беларусь, імаверна ведаючы, што ў снежні 2017 года Следчы камітэт узбудзіў супраць яго крымінальную справу.

«На жаль, у мяне няма ніякай канкрэтыкі пра Змітра. Вам лепш звязвацца з бацькамі», – паведаміла Belsat.eu жонка журналіста Юлія Гаркуша.

Змітру Галко можа пагражаць да 6 гадоў зняволення.

Лісты Змітру Галко можна дасылаць на адрас: СІЗО №1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага. д. 2, камера 44.

Зміцер Галко некалькі гадоў супрацоўнічаў з беларускім выданнем «Новы час». Аўтар шэрагу спецыяльных рэпартажаў з перадваеннага Данбасу, артыкулаў на міжнародную тэматыку.

Скрыншот з thetimes.co.uk. Артыкул пра затрыманне Змітра Галко ў «The Times»

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў