Сербія атрымала ад Беларусі чатыры знішчальнікі МіГ-29


Пра гэта ў нядзелю ў інтэрв’ю газеце «Палітыка» заявіў міністр абароны Сербіі Аляксандар Вулін, піша ТАСС.

«У адпаведнасці з дамоўленасцю прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Беларусь перадала нам самалёты, і мы вельмі ўдзячныя за гэта», – заявіў Вулін.

Ён падкрэсліў, што дзякуючы пастаўцы з Расеі шасці МіГ-29 і чатырох знішчальнікаў гэтага тыпу з Беларусі, ВПС Сербіі ў будучыні атрымаюць эскадрыллю з 14 самалётаў, што забяспечыць паветраную перавагу Бялграду ў рэгіёне.

Нагадаем, восенню 2017 года зʼявілася інфармацыя, што ў 2018 годзе Беларусь перадасць Сербіі восем знішчальнікаў МіГ-29 і два дывізіёны зенітных ракетных комплексаў «Бук» з умовай, а Бялград аплаціць іх мадэрнізацыю.

28 сакавіка 2018 года адбылася тэлефонная размова паміж прэзідэнтамі Беларусі і Сербіі. Падчас яе кіраўнікі дзяржаў «абмеркавалі ў тым ліку спосабы павелічэння ўзаемнага таваразвароту».

На наступны дзень Менск наведаў спецпрадстаўнік прэзідэнта Сербіі, намеснік старшыні ўрада – міністр унутраных спраў Сербіі Нэбойша Стэфановіч. Ён перадаў «асабістае запрашэнне прэзідэнта Вучыча прэзідэнту Лукашэнку на працягу наступных некалькіх месяцаў наведаць Сербію».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў