Арменія сёння, Беларусь заўтра?


Прагнозы шматлікіх экспертаў не спраўдзіліся, пратэсты ў Арменіі не пайшлі на спад. На вуліцы Ерэвану ўсцяж выходзяць тысячы армянаў, а пачаткова спантанны рух супраціву пачынае ўсё больш ясна фармаваць свае патрабаванні да ўладаў. Ці магчыма, што сённяшняя Арменія – гэта Беларусь праз некалькі гадоў?

Дэманстрацыі на вуліцах Ерэвану не сціхаюць ні зранку, ні ўвечары. Шматтысячны натоўп скандуе: «Зрабі крок, адкінь Сэржа!».

Цяпер, калі парламент Арменіі зацвердзіў кандыдатуру Сэржа Саргсьяна ў якасці прэм’ер-міністра, галоўнае патрабаванне пратэстоўцаў змянілася. Яны цвёрда патрабуюць ягонае адстаўкі. Большасць дэманстрантаў – моладзь, хоць дастаткова і людзей больш сталага ўзросту. Перад камерамі замежных журналістаў людзі не стрымліваюцца і выліваюць усё, што накіпела.

«Мы ўжо сытыя імі па горла. І карупцыя, і няма пракуратуры, няма Следчага камітэту, няма паліцыі, нічога. Дзе напісанае ў гісторыі, што людзі ўсталі супраць яго, а ён агнём змагаецца супраць нас? Страляе ў нас, бачыце, якую паліцыю супраць нас выставіў… Навошта?» – гаворыць удзельніца пратэстаў.

Нягледзячы на тое, што ў панядзелак супрацьстаянне паліцыі і дэманстрантаў вылілася ў сутыкненні, пасля якіх некалькі дзясяткаў чалавек былі шпіталізаваныя, апошнімі днямі ўлады больш стрымана рэагуюць на пратэст. Некалькі дзясяткаў актывістаў былі затрыманыя. З аднаго боку, прадстаўнікі кіроўнае партыі Арменіі заклікаюць Нікола Пашыньяна, аднаго з лідараў апазіцыі, да перамоваў. З другога боку, самаўпэўнена дадаюць, што гэты пратэст не дасць вынікаў.

«Мы маем дзве рэальнасці. Першая – гэта тая, якую бачыць Сэрж Саргсьян і якую хоча падтрымаць. Гэта рэспубліканская рэальнасць нацыі нявольнікаў, нацыі быдла, якое не мае голасу і не можа ўзняць галавы. І другая рэальнасць, якая цяпер за маймі плячыма падымаецца. Гэтая другая, пазітыўная рэальнасць за свабодную Арменію, за незалежнага грамадзяніна, яна набірае моц. І сёння ці заўтра, або ў іншы час, яна абавязкова вырвецца і пераможа», – каментуе ўдзельнік пратэстаў Тыгран Саргсьян.

Лідары пратэстаў назвалі падзеі ў Арменіі – «аксамітнаю рэвалюцыяй», гучыць амаль як каляровая. Тэрмін, якімі звычайна пужаюць грамадзянаў постсавецкіх краінаў. Але галоўная маса дэманстрантаў – гэта моладзь, якіх байкаю пра марыянетак ЦРУ не напужаць. Таму з некаторых крыніцаў гучыць іншая версія: пратэст кіруецца Масквою, за ім стаіць былы прэмʼер, а цяпер першы віцэ-прэмʼер Карэн Карапэтʼян, цесна звязаны з расейскім «Газпромам». Гэтая версія працуе лепей. Тыя, хто ў яе верыць, часцей адмаўляюцца ад удзелу ў дэманстрацыях.

«Такія чуткі ў асноўным запускае менавіта Расея або нейкія прарасейскія колы. Яны незадаволеныя тым, што адбываецца. Ім выгадна распускаць такія чуткі, каб падзяліць апазіцыю, унесці сумневы ў сапраўдныя намеры апазіцыі, пратэстоўцаў», – гаворыць палітолаг Эдгар Варданьян.

Схему, праз якую былы прэзідэнт Арменіі Сэрж Саргсьян вырашыў застацца пры ўладзе надалей, улады тлумачаць наступным чынам: Арменія згодна з чаканнямі Еўразвязу праводзіць палітычную рэформу ў дэмакратызацыі. Рэферэндум замяніў прэзідэнцкую форму праўлення на парламенцкую рэспубліку. Камар носам не падлезе! Чуткі пра падобныя канстытуцыйныя змены, таксама праз рэферэндум, вядуцца і ў нашае краіне. Гэта можа быць спосабам фармальнага паляпшэнне адносінаў з Захадам. Але ўсё гэта толькі гульня.

«Гэта выпрабаваны ў гісторыі ды адпрацаваны механізм, які адной і той жа эліце дазваляе заставацца пры ўладзе праз шматразовае пераабранне. Для палітычнай эліты гэты варыянт добры, але для грамадства не», – заяўляе Яўген Красулін, даследчык нееўрапейскіх цывілізацыяў.

Але наўпроставую паралель паміж рэжымамі ў Менску і Ерэване праводзіць не выпадае: з аднаго боку ў яе Азербайджан з гарачым карабахскім канфліктам, з другога – Турцыя. З абедзвюма краінамі межы закрытыя.

Арменія заціснутая ў кола рэальных, а не патэнцыйна варожых суседзяў

Нягледзячы на гэта ў Арменіі апазіцыя лепш рэпрэзентаваная ў парламенце, а выбарчыя механізмы больш празрыстыя. Прычынаю можа быць тое, што ўлады часцей азіраюцца на міжнародную супольнасць і армянскую дыяспару ў ЗША, ад якіх залежаць фінансава.

«Улады Арменіі глыбока зацікаўленыя ў атрыманні заходніх крэдытаў і ў добрых дачыненнях з ЕЗ. Таму яны будуць усяляк пазбягаць сілавых рэпрэсіяў супраць грамадзянскага непадпарадкавання. Аднак, калі пратэсты будуць узмацняцца, што ціск павялічваецца, то ўлада можа змяніць сваю палітыку. Але гэта будзе ёй вельмі дорага каштаваць», – працягвае Варданьян.

Працэс павольнага заангажавання ў больш глыбокую супрацу з Еўразвязам адбываецца і на лініі Брусель-Менск. Што ў далёкай перспектыве таксама можа прывесці да азірання: а калі мы пабʼем дэманстрантаў, чым нам гэта адгукнецца?

«Беларускі рэжым таксама робіцца пакрысе рукапаціскальным у Еўропе. Еўропа заўсёды кажа: рабіце нам крокі насустрач і мы тады да вас падцягнемся», – працягвае Яўген Красулін.

На фоне ўсё большае міжнароднае ізаляцыі Расеі, якая і для Арменіі, і для Беларусі ўсцяж застаецца найважнейшым эканамічным і вайсковым саюзнікам, Менск і Ерэван будуць сустракацца з усё большаю патрэбай шукаць падтрымання ў іншых месцах. Арменія ступіла на гэтую сцежку раней, а таму сёння грамадзяне гэтае краіны маюць большы ўплыў на ўладу.

«З’явілася новае пакаленне, якое зусім па іншаму думае, у іх больш развітая грамадзянская свядомасць, яны маюць пачуццё доўгу і адказнасці, якія жадаюць пераменаў. І яны ведаюць як націснуць на ўладу», – дадае Эдгар Варданьян.

А таму сённяшні пратэст у Арменіі, нават калі ён не скончыцца адстаўкаю Сэржа Саргсьяна, не заціхне бясследна. Ён можа выплыць пры першай жа няўдачы ўраду, а незадаволенасць асобаю былога прэзідэнта працуе супраць яго і ўнутры ўласнае партыі. І хто ведае, ці сённяшняе пацяпленне адносінаў паміж Менскам і Бруселем праз некалькі гадоў не прывядзе да падобнага выніку і ў Беларусі?

Матэрыял Ігара Кулея і Тэхмінэ Енак’ян паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 20 красавіка

Стужка навінаў