Яўген Магда: Расея не можа лёгка завалодаць Украінаю


Кіеў ставіць сабе мэтаю да 2020 года выканаць усе тэхнічныя патрабаванні NATO. Навошта, калі Украіну ў Альянс пакуль не бяруць? Колькі батальёнаў ужо падрыхтавалі паводле стандартаў NATO? Зміцер Міцкевіч паразмаўляў з Яўгенам Магдам, дырэктарам Цэнтру грамадскіх дачыненняў, украінскім экспертам у пытанні гібрыдных агрэсіяў.

«Белсат»: Як цяпер ідзе рэформа для прывядзення ўкраінскага войска да стандартаў NATO? Якія ёсць падводныя камяні? Можа, відаць пэўны супраціў?

Яўген Магда: Відавочна, што з 2014 года ўкраінскае войска пачало змяняцца. І тыя, хто бачыў у 2014 годзе тыя некалькі тысяч вайскоўцаў, гатовых ваяваць за сваю радзіму, канкрэтна баяздольных частак – калі цяпер яны ўбачаць украінскія ўзброеныя сілы, моцна здзівяцца. Зразумела, што гэта не такі просты працэс, але ў першую чаргу гэта пераўтварэнні пад натаўскія стандарты, паводле якіх мы ўжо навучылі 10 батальёнаў. Гэты працэс працягваецца.

Украіна ставіць сабе мэтаю да 2020 года выканаць усе тэхнічныя патрабаванні NATO. Гэта азначае, што мы не адмовіліся ад прызыву, але адначасова часткі, размешчаныя на ўсходзе, тыя людзі, якія бяруць удзел у баявых дзеяннях, – яны або кантрактавікі, або вельмі невялікая з іх частка добраахвотнікі.

Тое, што кажуць расейскія медыі пра батальёны карнікаў, – усё гэта міф, не большы за той, што Расея сёння можа лёгка ў ваенным плане завалодаць Украінаю.

Вучэнні ўкраінскіх дэсантнікаў паводле стандартаў НАТОу зоне АТА. Фота мінабароны Украіны

Ці рэальна да 2020 года выканаць усе гэтыя патрабаванні?

Думаю, у плане ваенна-тэхнічным, у плане ваеннага будаўніцтва, калі Украіна яшчэ будзе эфектыўна выкарыстоўваць траставыя фонды NATO, гэта дасягальная мэта. Трэба разумець, што гэта ў любым выпадку неабходна для ўкраінскага войска, бо стандарты NATO – не проста абстракцыя. На сённяшні момант гэта стандарты найбольш баяздольнага ваенна-палітычнага аб’яднання ў свеце. Узяўшы на ўзбраенне стандарты NATO, украінскае войска адпаведна да іх прасоўваецца. Задача ўкраінскага войска, наколькі я гэта бачу, незалежна ад рашэнняў палітыкаў, максімальна наблізіцца да таго, каб стаць сябрам NATO дэ-факта, не будучы ім дэ-юрэ, у ваенным плане. Гэта сурʼёзна змяняе ўкраінскае войска, гэта становіцца сурʼёзным аргументам для ўкраінскіх палітыкаў на міжнароднай арэне і падштурхоўвае развіццё ўзброеных сілаў у іх прафесійным плане.

Чым далей мы ад 2014–2015 гадоў, перыяду інтэнсіўных баявых дзеянняў, тым вышэй па службовай іерархіі падымаюцца афіцэры, часцяком маладыя афіцэры, якія атрымалі шмат у чым унікальны баявы досвед. Гэта элемент змены пакаленняў у арміі, якая адбудзецца ўжо, напэўна, у сярэдзіне наступнага дзесяцігоддзя.

Міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак наведвае сумесныя вучэнні Украіны з НАТО Rapid Trident 2017. 15 верасня 2017 г. Reuters/Gleb Garanich

Наколькі сабатуюцца тыя рэформы, што праводзяцца, і наколькі цяпер эфектыўна Украіна карыстаецца тымі магчымасцямі, што дае супраца з NATO? Наколькі эфектыўны кантроль за тым, як гэта ўсё адбываецца?

Прэзідэнт ужо ўнёс рамачны Закон аб нацыянальнай бяспецы. Некаторыя яго крытыкуюць, але хутчэй праз тое, што ўспрымаюць яго як палітычны элемент. Я думаю, што Закон аб нацыянальнай бяспецы не можа быць прадметам каляпалітычнай крытыкі. Ён прадугледжвае пераўтварэнне міністра абароны і ягоных намеснікаў у цывільных, падзел паўнамоцтваў галоўнага камандуючага сухапутнымі войскамі і начальніка генеральнага штабу, падпарадкаванне Нацыянальнай гвардыі начальніку генеральнага штабу. Гэта значыць, што фактычна Украіна бярэ на ўзбраенне прынятыя ў заходнім свеце прынцыпы грамадзянскага кантролю і кіравання войскамі. Безумоўна, першыя цывільныя міністры абароны набʼюць вельмі шмат гузоў, зазнаюць шмат крытыкі. Незалежна ад таго, ці стане ім цяперашні міністр абароны Сцяпан Палтарак, які здыме пагоны і стане фармальна цывільным, ці гэта будзе іншая асоба. Працэс пераходу кіравання войскам ад вайскоўцаў да фармавання ваеннай палітыкі асобамі цывільнымі быў балючым ува ўсіх постсацыялістычных дзяржавах. Але калі мы ўзялі курс на еўраатлантычную інтэграцыю, калі ёсць адпаведныя патрабаванні, думаю, што Украіна будзе іх выконваць.

Наколькі эфектыўна?

Украіна сёння – адзін з лідараў паводле ваенных выдаткаў у Еўропе (6 % ВУП). У абсалютных лічбах, магчыма, гэта не так шмат, але гэта значная частка бюджэту, якую ва ўмовах гібрыднай вайны з Расеяй, ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі ўсё роўна даводзіцца выдаткоўваць.

Але Украіна не мае іншага выйсця. Фактычна, сёння Украіна раздае даўгі за свае папярэднія нявылучаныя сродкі на развіццё арміі. Яна выкарыстоўвае грошы, каб досвед канвертаваць у стварэнне не проста шматлікага войска – яно і так налічвае каля 200 тысяч вайскоўцаў, якія існуюць рэальна, не на паперы, – але і войска, здольнага даваць адпор агрэсару. Гэта і мадэрнізацыя СПА, якая ідзе сёлета, і развіццё ды стварэнне новых танкаў, і рэалізацыя ракетнай праграмы – аператыўнага ракетнага комплексу «Гром».

Камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША у Еўропе Крыстофер Каволі з начальнікам Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў Паўло Ткачуком і канадскім вайскоўцам. 1 лютага 2018 г. Фота Мінабароны Украіны

Якія сілы сабатуюць рэформы ва Украіне? Хто ім супрацьстаіць, якімі метадамі яны карыстаюцца?

Трэба сказаць, што Закон аб нацыянальнай бяспецы пакуль завіс на стадыі парламенцкага камітэту. З аднаго боку, гэта элемент палітычнай гульні, з другога – імкненне часткі палітыкаў, пераважна прарасейскіх, не дапусціць прыняцця гэтага рашэння. Расея будзе ўсяляк перашкаджаць збліжэнню Украіны з NATO. Прытым сярод палітыкаў, якія будуць перашкаджаць, будуць і тыя, на кім ёсць ярлык прарасейскага палітыка, і тыя, якія будуць ірваць на грудзях вышыванкі ды казаць: мы за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага. Але я думаю, што нягледзячы на ўвесь гэты супраціў, палітычныя стаўкі дастаткова высокія, бо Пётр Парашэнка кажа пра неабходнасць адпаведных канстытуцыйных зменаў, якія пазначаць еўраатлантычную, еўрапейскую перспектыву Украіны ў Канстытуцыі. А казаць пра іх без прыняцця Закону аб нацыянальнай бяспецы не выпадае.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

Таксама ў праграме:

Без малака, без бульбы, без інтэграцыі

Аляксандр Фядута: Лукашэнка будзе сыходзіць і дэмакратызуе Канстытуцыю

Беларусь у новай Халоднай вайне

Расея ўзбройвае НАТО, каб яго пасварыць

Стужка навінаў