Мамін Чацвер на Палессі. Унікальныя традыцыі з куфра бабы Стэпы


У Маларыцкім раёне маюць выключную традыцыю Радаўніцы. Тут гэты дзень назваюць Мамін чацвер. Пра ўшанаванне памяці продкаў пакаленнямі дбае 81-гадовая Стэпаніда Стэпанюк. Кожны год напярэдадні дня памінання разам з некалькімі пакаленнямі свайго роду яна рыхтуецца адзначыць Радаўніцу згодна з даўнім звычаем.

Баба Стэпа разам са сваёй дачкой мыюць палатно як калісьці.

У даўнія часы на вёсцы, каб адбяліць і адмыць палатно ці бялізну, спачатку клалі ў жлукту (бондарская пасудзіна з дзіркай знізу), абцягвалі палатном зверху, ды сыпалі попел па ўсёй паверхні. Пазней палівалі жлукту лугам (шчолкам) некалькі разоў, каб зліць праз дзірку брудны луг. Пасля гэтага палатно неслі на вадаём, каб адмыць. Найлепшым для такіх справаў лічыўся час з сярэдзіны красавіка і да пачатку траўня.

Згодна з традыцыяй, пасля адбельвання і мыцця ў вадаёме палатно раскатвалі на траве ды чысцілі венікам.
Яшчэ стагоддзе таму ў вёсцы палатно прасавалі пранікамі, накруціўшы яго на круглы драўляны валік.
Баба Стэпа накідвае для сушкі доўгае палатно ў адмысловы спосаб.
Стэпаніда Стэпанюк вышывае з дзяцінства і мае не адныя кросны ў хаце. За сваё майстэрства яна атрымала ўжо шмат узнагародаў на радзіме і за мяжою. Калі Стэпа была маленькай, большасць вяскоўцаў ужо не насілі платы (наміткі), іх апраналі ў асноўным сталыя кабеты на святы. Але мама навучыла Стэпаніду вырабляць і гэты старажытны абярэжны галаўны ўбор замужняй жанчыны.
Стэпаніда ведае шмат разнастайных арнаментаў-абярэгаў і высакаякасных традыцыйных касцюмаў яна ўжо нашыла на увесь Маларыцкі раён.
Баба Стэпа абірае, чым упрыгожыць хату да Мамскага Чацвярга з багатага куфара.
Розныя пакаленні за аднымі кроснамі.
81-гадовая Стэпаніда вучыла і працягвае вучыць традыцыйнаму ткацкаму майстэрству шмат дарослых і дзяцей. Часткова дзякуючы бабе Стэпе ў Маларыце зараз працуе паўнавартасны цэнтр народной творчасці, дзе на кроснах працуюць ейныя пераемнікі.
У вёсцы Дарапеевічы ёсць дзяўчынкі, які вышываюць на абручы і на кроснах ужо ва ўзросце 8-9 гадоў .
Баба Стэпа ідагэтуль часам карыстаецца калаўроткай ды іншымі традыцыйнымі прыладамі для стварэння льняных нітак. Таму некаторыя людзі называюць Стэпіну хату жывым музеям.
Любая традыцыйная штодзённая праца на вёсцы рабілася раней з адмысловымі песнямі і часта пад музыку. Вось і баба Стэпа спявае, як кажуць, ад Бога, таму і ўдзельнічае ў мясцовым царкоўным хоры і ведае больш за 100 разнастайных песень.
Перад святамі баба Стэпа разам са сваімі сябрамі і сваякамі ідуць прыбраць ды ўпрыгожыць мясцовы святы крыж.
Святыя крыжы-абярэгі ў вёсках цэнтральнага і заходняга беларускага Палесся любяць упрыгожваць рознакаляровымі стужкамі, што нагадвае традыцыйнае святочнае «квітнеючае» адзенне жаночага боства ўрадлівасці і плоднасці.
Вячаровы краявід з калаўроткай ды буслам каля хаты Стэпаніды.
Баба Стэпа рыхтуе дзежку да замесу цеста перад выпяканнем святочнага хлебу для продкаў у Мамскі Чацвер у вёсцы Дарапеевічы.
Перад тым, як вырабіць з цеста святочны хлеб адпаведнай формы, па традыцыі трэба абавязкова зрабіць рукой на ім крыжык ды прачытаць малітву.
У цэнтры святочнага хлебу для ўшанавання памерлых баба Стэпа кладзе ўпрыгожанне ў выглядзе кветкі (ці сонейка).
Адмовіцца ад пачастунку святочнымі булкамі са свежым смачным водарам не зможа, бадай, ніхто.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў