Памёр бацька Міхася Жызнеўскага


Пра гэта «Белсату» паведаміў журналіст Кастусь Жукоўскі.

«Быў у іх удома сёння. Ніна Васільеўна кажа, што Міхась Пятровіч сеў на канапу – і памёр», – кажа наш калега.

Міхаілу Пятровічу Жызнеўскаму было 72 гады.

Спадарыня Ніна адзначыла, што муж апошнім часам скардзіўся на сардэчны боль, у яго быў павышаны крывяны ціск. Неўзабаве Міхаіл Пятровіч як бацька Героя Украіны меўся ехаць падлячыцца ў адзін з украінскіх санаторыяў, але не паспеў.

Міхаіл і Ніна Жызнеўскія, бацькі Міхася, на магіле сына ў студзені 2018-га

Міхась Жызнеўскі-малодшы – удзельнік Еўрамайдану. Загінуў 22 студзеня 2014 года ў выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ўва ўзросце 25 гадоў. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці беларуса сталі агнястрэльныя раненні. Герой Нябеснай сотні. Пахаваны 28 студзеня на могілках у вёсцы Сцяг Працы (Абрэзы), што на Гомельшчыне.

Міхаіл Жызнеўскі-старэйшы заўсёды падкрэсліваў, што ягоны сын загінуў не толькі за свабоду Украіны, але і Беларусі.

Бацькам Жызнеўскага-малодшага кабінет міністраў Украіны прызначыў пажыццёвую стыпендыю.

Белсат» выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім памерлага.

ДД

Стужка навінаў