Міністр сельскай гаспадаркі РФ: беларусы мусяць шукаць новыя рынкі збыту


Міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў заявіў у інтэрв’ю РИА Новости, што расейскі бок мае намер адмовіцца ад імпарту беларускага малака – вытворцы з Беларусі павінны шукаць новыя рынкі збыту.

«Значная частка сухога малака пастаўляецца ў Расею праз суседнюю Беларусь. Яна ўвогуле зʼяўляецца найбуйнейшым экспарцёрам малочнай прадукцыі ў Расею – амаль 120 беларускіх малочных прадпрыемстваў увозяць да нас сваю прадукцыю – у 2017 годзе яе доля ў агульным абʼёме паставак склала 86% – гэта 950 тысяч тон малочнай прадукцыі. Рост за 3 гады на 24%. І, вядома, беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сурʼёзныя намеры напаіць расейцаў айчынным малаком, як я ўжо сказаў. Мы плануем у бліжэйшыя 5-7 гадоў закрыць гэтае пытанне», – падкрэсліў ён.

Ткачоў абвінаваціў беларускіх пастаўшчыкоў у дэмпінгу пры пастаўках на расейскі рынак і невыкананні дамоўленасцей аб абʼёмах паставак.

«За мінулы год з Беларусі было пастаўлена 101,1 тысячы тон сухога абястлушчанага малака, хоць па балансах мы дамовіліся аб пастаўках 80 тысяч тон. Штогод у першым квартале года мы ўзгадняем балансы з Беларуссю, але яны не выконваюцца і, як правіла, рэальныя пастаўкі перавышаюць зацверджаныя абʼёмы. Перавышэнне адбылося і па сухім абястлушчаным малаком», – дадаў ён.

Па словах расейскага міністра, да Беларусі ёсць пытанні і па якасці прадукцыі:

«Як паказалі праверкі Рассельгаснагляду, пачынаючы з ліпеня 2017 года, у беларускай малочнай прадукцыі знаходзяць раслінныя тлушчы, а таксама рэшткі антыбіётыкаў. А гэта ўжо не толькі пытанне эканомікі, няякасная малочная прадукцыя – гэта, без перабольшання, пытанне здароўя нацыі».

Больш пра «малочныя войны»:

ІІ, belsat.eu, паводле РИА Новости

Стужка навінаў