Заснавала горад пасля смерці і помсціла драўлянам. У Віцебску з'явіцца помнік–недарэчнасць


Віцебскія гісторыкі звярнуліся да мясцовых уладаў з прапановаю не ставіць помнік кіеўскай княгіні Вользе.

Паводле аўтараў петыцыі, помнік Вользе на вул. Леніна ў Віцебску – недарэчнасць.

«Кіеўская княгіня Вольга не засноўвала Віцебск. Прынамсі, пра гэта няма аніякіх сведчанняў. Таму ў гэтай якасці няма сэнсу ўшаноўваць гэты персанаж, тым больш за бюджэтныя сродкі», – гаворыцца ў петыцыі.

«Што значыць «заснаваць Віцебск»? Яна прыехала з Кіева, сагнала мужыкоў, якія хаваліся па балотах і лясах, і сказала: «Так, капайце сабе зямлянкі, зараз будзем гарод гарадзіць і вы тут будзеце жыць? – кажа археолаг Ігар Цішкін. – Як і старажытны Полацк, Віцебск заснаваны крывічамі.Няма канкрэтнай гістарычнай асобы. Людзі, нейкі род, племя, якое асела тут і пачало разрастацца – з гэтага і ўтвараліся нашыя гарады, ніхто канкрэтна іх не засноўваў, як, скажам, у ХVIII стагоддзі, калі была нейкая неабходнасць і хтосьці закладаў на стратэгічных кропках крэпасці».

У петыцыі таксама звяртаецца ўвага на неадназначнасць гістарычнай постаці Вольгі.

«Вызначылася княгіня Вольга нечуванай лютасцю, каб адпомсціць драўлянам за смерць свайго мужа князя Ігара. Як вядома з пісьмовых хронікаў, акупанты бязлітасна рабавалі жыхароў Беларусі і Украіны, сілай зброі па 2 – 3 разы на год адбіраючы даніну і павязаўшы халопаў з тутэйшых, адпраўлялі іх на нявольніцкія рынкі Канстанцінопаля і Дамаска ў якасці жывога тавару», – гаворыцца ў петыцыі.

Падрыхтоўка месца для ўстаноўкі помніка, паводле дакументацыі тэндару, абыдзецца падаткаплацельшчыкам у Br 1 154 546.

«Такое ўражанне, што ў гарвыканкаме пачалася нейкая «помнікаманія», бо апошнім часам практыка ўсталявання ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжання (патрыярх РПЦ Аляксей Другі, наўгародскі князь Аляксандр Неўскі) або недарэчных (Залатая рыбка) помнікаў праяўляецца выразна. Гарадскія ўлады адкрыта ігнаруюць меркаванні месцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў. Горад пакрысе засмечваецца дзіўнымі скульптурамі», – адзначаюць аўтары петыцыі.

Помнік князю Аляксандру Неўскаму. Фота – 4esnok.by

У 2014 годзе на Рынкавай плошчы ў Віцебску з’явіўся помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў