У Менску затрымліваюць удзельнікаў акцыі за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў


Міліцыя затрымала актывістаў Алеся Таўстыку і Вячаслава Касінерава. Пётр Маркелаў не выходзіць на сувязь з сябрамі – магчыма яго таксама затрымалі. Усе яны ўчора на плошчы Незалежнасці патрабавалі зменаў у артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу.

Паводле праваабаронцаў, Таўстыку затрымалі а 14-й ля пад’езда свайго дома. Цяпер ён знаходзіцца ў РУУС Маскоўскага раёна. Дакладныя прычыны затрымання Талстыкі пакуль не вядомы, аднак гэта можа быць звязана з яго ўдзелам у мірнай акцыі за дэкрыміналізацыю ў малых колькасцях кантраляваных рэчываў, мяркуюць праваабаронцы.

Сёння з самае раніцы пад вокнамі Вячаслава Касінерава дзяжурыў сіні мікрааўтобус з рэгістрацыйнымі нумарамі 9320 HI-7. Паводле актывіста, у ягоныя дзверы пастаянна званілі.

А 16:15 Касінерава затрымалі на вуліцы.

«Нас дагнаў супрацоўнік Маскоўскага РАУСу і 2 Амапаўца не па форме. У аднаго па дакументах прозвішча Кімінчыжы. Іншы агулам не прадставіўся», – напісала жонка Касінерава Марына Насенка ў «Фэйсбуку».

Насенка паведаміла Белсату, што яе муж, імаверна, знаходзіцца ў Маскоўскім РАУСе, бо яны прапісаныя ў Маскоўскім раёне.

«Людзей затрымліваюць за ўдзел у акцыі за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў, якая адбылася ўчора. Вядома, што ўжо затрымалі Алеся Таўстыку і Пецю Маркелава – яны там былі ўчора», – кажа Марына Насенка.

Актывіста забраў сіні мікрааўтобус, які дзяжурыў пад вокнамі іхнай кватэры.

Акцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў адбылася ў Менску 2 красавіка на плошчы Леніна. Моладзевыя актывісты трымалі ў рукох шыльды з вялікімі літарамі, якія склаліся ў словы «дэкрыміналізацыя». Праз хвіліну на плошчы з’явіліся міліцыянты, актывісты спынілі акцыю і пакінулі плошчу. У пікеце ўзялі ўдзел 14 чалавек.

КА, ДД

Стужка навінаў