Беларусы п'юць больш за ўсіх ў свеце


Аналітыкі з Нью-Ёрку падлічылі, у якіх краінах людзі разбураюць сябе найбольш зацята.

Супрацоўнікі найвялікшага у свеце прэс-агенцтва «Bloomberg» ацанілі колькасць літраў алкаголю, які выпіваюць за год у кожнай краіне, а таксама колькасць выпаленых цыгарэтаў, узровень спажывання амфетамінаў ды марыхуаны, спажыванне цяжкіх наркотыкаў, а таксама страты ад азартных гульняў у працэнтных суадносінах да ВУП краіны.

У спіс сусветнага дэкадансу ўвайшлі 57 краінаў: найбольш дэструктыўным народам аказаліся чэхі, найменш – жыхары Замбіі.

Паводле сёлетніх вынікаў Беларусь у рэйтынгу распаду заняла дзявяты радок. У 2015 годзе беларусы выпілі алкаголю больш за ўсіх у свеце – каля 19 літраў на кожнага дарослага. Жыхары нашай краіны выкурылі ў сярэднім больш 2200 цыгарэт на чалавека. З наркотыкамі і азартнымі гульнямі беларусы былі больш асцярожныя – гэтыя паказчыкі блізкія да сярэдняга па Еўропе ўзроўню.

Нашыя суседзі разбураюць сябе з рознай хуткасцю. Нас перагналі толькі расейцы: яны на 8 месцы. Украіна аказалася на 13-ым, Латвія – на 26-ым, Польшча – на 29-ым, Літва – на 34-ым.

Летась Сусветная арганізацыя здароўя паведамляла, што Беларусь – сусветны лідар па спажыванні алкаголю, аднак беларускае Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў