«Ты ўсё адно сядзеш на 8 гадоў!» Як сілавікі «працуюць» з анархістамі


Анархіста Аляксея Б. са Жлобінскага раёну супрацоўнікі ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) спачатку спрабавалі завербаваць, а потым абвінавацілі ў падпале будынку Гомельскай падатковай інспекцыі.

Перадгісторыя

Вясна 2017 года. Па ўсёй краіне кіпяць пратэсты супраць Дэкрэту №3. Беспрацоўным рассылаюць «лісты шчасця» – яны павінны заплаціць за свае «дармаедства». Напярэдадні Дня Волі, калі дзяржава ўжо распачала маштабныя рэпрэсіі супраць актывістаў, у Гомлі невядомы чалавек кідае дзве бутэлькі з кактэйлем Молатава ў вакно падатковай інспекцыі і збягае.

У той жа дзень, 24 сакавіка, Следчы камітэт распачынае крымінальную справу паводле ч.2 арт. 218 КК – «наўмыснае пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам». Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў зняволення.

Праз некалькі дзён відэаролік, на якім бачны момант падпалу, трапляе ў інтэрнэт (на YouTube-канал без падпісантаў) і ўжо 28 сакавіка дзяржаўнае тэлебачанне яго рэтранслюе. Адказнасць за дыверсію нібыта бяруць на сябе анархісты – гэтак напісана на тытрах у роліку.

Неўзабаве журналістам становіцца вядома, што яшчэ 24 сакавіка ў Менску затрымалі двух украінскіх студэнтаў. 19-гадовы Іван Даніленка з Кіева і 18-гадовы Раман Легар з Бравароў прыехалі ў Беларусь адпачыць, ноччу рабілі ў Гомлі перасадку на цягнік да Менску. У выніку хлопцы правялі ў ізалятары на Акрэсціна больш за месяц у статусе сведкаў па справе аб падпале падатковай. Напрыканцы красавіка іх дэпартавалі з Беларусі з забаронай на ўезд цягам бліжэйшых дзесяці гадоў.

Дагэтуль у публічнай прасторы больш не было інфармацыі аб тым, як ідзе расследаванне справы.

Сілавікі vs анархісты: затрыманні, ператрусы, звальненне з працы

Аляксей пачаў цікавіцца анархічным рухам яшчэ ў 2010 годзе.

«У 2013-м у Жлобіне праходзілі «Дажынкі», у горадзе дзейнічалі невялікія анархічныя групы, малявалі графіці. Я быў адным з удзельнікаў такой групы. На анархістаў пачалі жорстка ціснуць, міліцыянты збівалі моладзь у пастарунку, і адзін 16-гадовы хлопчык даў супраць мяне паказанні», – распавядае Аляксей.

Аляксей пажадаў не паказваць цалкам свой твар на камеру. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Паводле словаў Аляксея, пасля гэтага пачаліся праблемы. А паколькі ён прынцыпова, з ідэалагічных перакананняў, адмаўляецца служыць у беларускім войску, ім зацікавіўся яшчэ і КДБ.

«Спачатку выклікалі на прафілактычную гутарку, потым правялі ператрусы ў доме маіх бацькоў у вёсцы, у маёй бабулі, нават у стрыечнага брата. Пазабіралі тэхніку, некалькі разоў цягалі сваякоў на «размову», шкодзілі бацькам на працы», – узгадвае хлопец.

Узімку 2014 году Аляксей двойчы ездзіў на Майдан.

«Падчас другой паездкі мне патэлефанавалі бацькі і распавялі: да дырэктара «Гомельдрэву», дзе я падпрацоўваў, прыходзілі з ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, – рэд.) і мяне звольнілі. Сілавікі таксама нагаварылі бацькам, што я экстрэміст, што ў іх «ёсць усе доказы» майго ўдзелу ў Майдане. Фактычна, выціскалі з краіны».

Аляксей вырашыў на некаторы час пажыць у Кіеве.

Непрыемнасці на расейскай мяжы

«Летась у траўні я ўсё ж паехаў дадому, але не праз беларускую мяжу, а праз украінска-расейскую, бо ведаў – некаторыя знаёмыя беларусы гэтак робяць. На пераходзе «Тры сястры» расейскія памежнікі сказалі, што ў мяне праблемы з пашпартам, а потым завялі ў памяшканне з кратамі на вокнах. Затрыманне адбылося а 23-й гадзіне, а прыкладна а 5-й раніцы прыйшоў следчы і пачаў распытваць, ці належу я да нейкай палітычнай арганізацыі, з якой мэтай еду і г.д.

Яны сказалі, што з беларускага КДБ прыйшла нейкая інфармацыя, але якая канкрэтна – не ўдакладнілі. У выніку мне афіцыйна адмовілі ва ўездзе ў Расею, бо ў мяне «не было неабходнай для перабывання сумы грошай». Хаця вопіс рэчаў і грошай ніхто не праводзіў», – узгадвае Аляксей.

Хлопец быў вымушаны вярнуцца ў Кіеў і амаль год прабыць там. Але тэрмін дзеяння пашпарту скончыўся і яму нічога не засталося, як прыехаць у Беларусь па новы.

Фота Ірына Арахоўская / Белсат

«Падумай, чым ты можаш быць карысным»

14 сакавіка Аляксей забраў новы пашпарт у Жлобінскім РАУС. На выхадзе з будынку яго схапілі двое ў цывільным, заламалі рукі і пасадзілі ў машыну.

«Яны паказалі пасведчанні МУС, але прозвішчы прыкрылі пальцам. Потым, ужо на допыце, я даведаўся, як іх завуць (імёны супрацоўнікаў таксама вядомыя рэдакцыі belsat.eu). Мы выехалі са Жлобіна і накіроўваліся ў невядомым напрамку. Па дарозе адзін з іх пытаўся пра мае «кіеўскія кантакты», прапаноўваў «добра падумаць, чым я магу быць ім карысны».

Як сцвярджае наш суразмоўца, сілавікі сказалі, што на яго заведзена крымінальная справа, за што – не паведамілі.

«Але інтарэсы дзяржавы вышэй за любую крымінальную справу, таму падумай, што можаш нам прапанаваць. Тады ты не пойдзеш па гэтай справе», – перадае Аляксей словы сілавікоў.

Яго прывезлі ў Гомель, у 8-е ўпраўленне барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (абласное падраздзяленне ГУБАЗіК).

«Пазней у пратаколе пазначылі час затрымання – 14.00, хаця насамрэч мяне схапілі а 11-й», – заўважае Аляксей.

Вопіс рэчаў Аляксея падчас затрымання ў сакавіку 2018. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Толькі падчас допыту яму абвясцілі падазрэнне ў падпале падатковай. Сваю датычнасць да гэтага ён катэгарычна абвяргае, ад супрацы са следствам адмовіўся.

«Мне казалі: «Трэба даведацца, хто здымаў відэа падпалу, а ты ўсё адно сядзеш на 8 гадоў, твае таварышы далі на цябе паказанні! Адваката не будзе, «Вясна» на цябе забіла».

Праз некалькі гадзін псіхалагічнага ціску допыт спынілі, паказалі Аляксею пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 218 КК. Паводле следства, ён арганізаваў падпал будынку падатковай. У дакуменце пазначана: матэрыяльная шкода склала 704 рублі 27 капеек. Пры гэтым на здымках, якія следчыя зрабілі ў дзень дыверсіі, добра бачна: бутэлькі з гаручай сумессю нават не разбілі шкло.

Наступныя два дні допыты працягваліся, а 17 сакавіка Аляксея раптоўна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

«Верагодна, у іх сапраўды бракуе доказаў віны, фактаў…На мяне не дзейнічаюць метады запужвання, ад супрацы я адмовіўся. Хутчэй за ўсё, цяпер будуць шукаць чалавека, гатовага даць супраць мяне паказанні», – мяркуе ён.

Пакуль невядома, ці будуць весціся далейшыя следчыя дзеянні і на якой стадыі знаходзіцца расследаванне.

Belsat.eu пацікавіўся гэтым непасрэдна ў следчага, які вядзе справу, але той адмовіўся штосьці каментаваць па тэлефоне. Мы накіравалі афіцыйны запыт у МУС з просьбай пракаментаваць сітуацыю з абвінавачаннем Аляксея Б.

Аляксей Б. і журналістка belsat.eu Кацярына Андрэева падчас інтэрв’ю ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

КАМЕНТАР ПРАВААБАРОНЦЫ

Наста Лойка, праваабарончая арганізацыя Human Constanta:

– Анархістаў і левых актывістаў пераследуюць гэтак жа, як і палітычных – выкарыстоўваюць да іх ужо заведзеныя крымінальныя справы як нагоду для ператрусаў, допытаў і затрыманняў. Адзіная асаблівасць у тым, што дадаткова з імі яшчэ працуе ГУБАЗіК, які вядомы сваёй беспакаранасцю і непрацэсуальнымі метадамі працы. Гэта, на жаль, ужо стала ўстойлівай тэндэнцыяй. Сёння ў Беларусі можна патрапіць пад рэпрэсіі, не маючы дачынення да гвалтоўных дзеянняў кшталту падпалу будынку, а проста за анархічныя перакананні.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

 

Стужка навінаў