З 16 красавіка гледачы «Белсату» змогуць глядзець эксклюзіўныя матэрыялы журналістаў «Бі-Бі-Сі» у нашым наўпроставым эфіры.
З панядзелка да пятніцы а 19:30 паводле беларускага часу ў праграме «Вот так» мы будзем паказваць навіны і рэпартажы «Бі-Бі-Сі» з самай свежай інфармацыяй са свету, але з асаблівым акцэнтам на тым, што адбываецца ў краінах былога СССР.
«Мы вельмі цешымся, што можам падзяліцца нашай інфармацыяй з аўдыторыяй «Белсату». «Бі-Бі-Сі» мае надзейную, незалежную і бесстароннюю журналістыку, якая, я думаю, будзе сустракацца з вялікай цікавасцю аўдыторыі ў Беларусі», – кажа Арцём Ліс (Artyom Liss), галоўны рэдактар «BBC World Service» у Еўропе.
Паводле Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, дырэктаркі «Белсату», больш цесная супраца з «Бі-Бі-Сі» – гэта прызнанне брытанскімі партнёрамі дасягненняў нашых журналістаў, якія працуюць у Беларусі і Расеі ў вельмі складаных умовах.
«Гэта выдатна, што мы пачынаем працаваць з такой вядомай кампаніяй і зможам значна лепш задаволіць інфармацыйныя патрэбы нашых гледачоў у Беларусі і ў суседніх краінах», – кажа Агнешка Рамашэўская-Гузы, кіраўніца адзінага незалежнага тэлеканалу ў Беларусі.
Міжнародныя інфармацыйныя сэрвісы «Бі-Бі-Сі» робяцца на 39 мовах. Штотыдзень праз радыё, тэлебачанне і інтэрнэт інфармацыйны прадукт «Бі-бі-сі» атрымлівае 346 мільёнаў карыстальнікаў з усяго свету.
У новым сезоне «Белсату» з’явіўся шэраг праграм, серыялаў і дакументальных фільмаў вытворчасці тэлеканалу «Бі-Бі-Сі».
Праграму ТБ заўсёды можна знайсці ТУТ.
Глядзіце «Белсат» праз спадарожнік і ў інтэрнэце.