«Удар у спіну Пуціну» і «спроба Майдану». Як расейскі істэблішмент каментуе трагедыю ў Кемерава


Расейскія палітыкі, чыноўнікі і прапагандысты, каментуючы трагедыю ў Кемерава, усё больш акцэнтуюць увагу на тым, што апазіцыя або нейкія невядомыя сілы хочуць скарыстацца гібеллю людзей дзеля ўласных інтарэсаў і выказваюць спачуванні Ўладзіміру Пуціну.

«Я б хацела выказаць словы спачуванні і падтрымкі нашаму лідару Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну. Для яго гэта ўдар у спіну, гэта страшнае ўзрушэнне! Ён невыпадкова прыехаў туды. Таму што тое, што ён робіць сёння для Расеі, – неверагодныя рэчы, абараняючы на вонкавай арэне Расею, унутры праводзячы рэформы неверагоднай сілы… І раптам – так бяздарна! За яго спіной! А яму некалі пастаянна азірацца на тое, як робяць да канца тое, што ён, прабіваючы сцены, вырашае. Ён у нас духоўны воін, моцны. Але яму таксама наша падтрымка патрэбна!» – заявіла член Савета Федерацыі Алена Мізуліна ў эфіры расейскага тэлебачання.

Расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў абвінаваціў апазіцыю ў спробе палітызаваць трагедыю:

«Калі крычыць натоўп і ўлюлюкае – тут трэба ўжо разумець, з натоўпам такім размаўляць нельга. Калі грамадзяне хочуць гутарыць, калі яны фармулююць патрабаванні – іх права. Калі натоўп патрабуе крыві і яму напляваць на факты, напляваць на што заўгодна, «дайце каго заўгодна» – гэта ўжо не дзяржава. Гэта ўжо спроба сысці ў Майдан! Гэтага дапускаць нельга».

Губернатар Кемераўскай вобласці Аман Тулееў запісаў 10-хвіліннае відэазварот, у якім распавёў пра тое, што «пэўныя сілы мэтанакіравана спрабуюць сутыкнуць людзей» і «разгайдаць сітуацыю» у рэгіёне. Тулееў паскардзіўся на ананімныя званкі аб мініраванні будынкаў і шахтаў у Кузбасе, а таксама згадаў украінскага пранкера.

Учора, падчас нарады, ён прасіў прабачэння ў Пуціна і дзякаваў прэзідэнту за тое, што ён патэлефанаваў яму пасля трагедыі. Акрамя таго, губернатар назваў стыхійны мітынг у Кемерава спробаю апазіцыі «разгайдаць сітуацыю».

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка на закрытай сустрэчы ў рамках канферэнцыі Фонду развіцця грамадзянскай супольнасці заявіў, што трагедыя выкарыстоўвалася для правакацыяў.

«Мы дакладна разумеем, як гэта пашыралася. Гэта ўжо не памылка, гэта правакацыя», – адзначыў ён.

Паводле афіцыйных звестак, ахвярамі трагедыі ў гандлёвым цэнтры ў Кемерава сталі 64 чалавекі (у тым ліку мінімум 41 дзіця, як сцвярджаюць сваякі). Пажар узнік 25 сакавіка на чацвёртым, апошнім, паверсе гандлёвага цэнтру. Пажарная сігналізацыя не спрацавала. Эвакуацыю людзей абцяжарвалі зачыненыя выхады і агульная паніка. Некаторым давялося выкідвацца з вокнаў. Дзеці тэлефанавалі бацькам і рабілі пасмяротныя запісы ў сацсетках.

ІІ, belsat.eu, паводле Медуза

Стужка навінаў