У Кемерава – стыхійны мітынг. Шмат хто лічыць, што насамрэч пры пажары ў ГЦ загінулі сотні


Раніцай 27 сакавіка некалькі тысячаў жыхароў Кемерава выйшлі на стыхійны мітынг да будынку абласной адміністрацыі праз трагедыю ў гандлёвым цэнтру «Зімовая вішня». Паводле афіцыйных дадзеных, 25 сакавіка пры пажары ў ГЦ загінулі 64 чалавекі.

Людзі патрабуюць ад уладаў расказаць праўду пра пажар – многія не вераць у афіцыйна апублікаваную колькасць загінулых. Мітынгоўцы дамовіліся самастойна падлічыць колькасць ахвяраў пажару ў гандлёвым цэнтры – жыхары будуць дасылаць звесткі аб загінулых на агульны электронны адрас.

Таксама людзі незадаволеныя тым, як было арганізавана тушэнне пажару.

Калі да прысутных выйшаў віцэ-губернатар Кемераўскай вобласці Сяргей Цівілёў, натоўп сустрэў яго крыкамі «Праўду!», «У адстаўку!», «Забойцы!». Пасля гэтага прысутныя на мітынгу запатрабавалі, каб да іх выйшаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, які прыляцеў 27 сакавіка ў Кемерава.

«Чаму кароль у цяпле?! Мы яго не выбіралі! », – скандавалі людзі, піша «Медуза».

Паводле сваякоў ахвяраў трагедыі, у пажары загінула мінімум 41 дзіця.

Сёння раніцай Пуцін усклаў кветкі ля стыхійнага мемарыялу ў памяць аб загінулых пры пажары ў ГЦ «Зімовая вішня». Ён заявіў, што трагедыя адбылася «праз злачынную халатнасць, праз разгільдзяйства».

Паводле афіцыйных звестак, ахвярамі трагедыі сталі 64 чалавекі, у тым ліку як мінімум 8 дзяцей. У шпіталях застаюцца 13 пацярпелых. Тым часам у сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя, што ўлады хаваюць сапраўдныя лічбы ахвяраў пажару і насамрэч загінулі 300-400 чалавек.

Пажар узнік 25 сакавіка на чацвёртым, апошнім, паверсе гандлёвага цэнтру. Пажарная сігналізацыя не спрацавала, таму супрацоўнікам гандлёвага цэнтру прыйшлося самім апавяшчаць наведвальнікаў аб здарэнні.

Эвакуацыю людзей абцяжарвалі зачыненыя выхады і агульная паніка. Некаторым давялося выкідвацца з вокнаў.

Дзеці тэлефанавалі бацькам і рабілі пасмяротныя запісы ў сацсетках.

У сувязі з трагедыяй Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу. Ужо вядома пра затрыманне прынамсі пяці асобаў. Дзве асноўныя версіі прычынаў пажару – падпал паралону ў батутным басейне для дзяцей і кароткае замыканне каля кінатэатру. Паводле следчых, пажарная сігналізацыя ў гандлёвым цэнтры не працавала амаль тыдзень.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў