На Свяце незалежнасці скралі каля 10 дронаў


Падчас канцэрту каля Тэатру оперы і балету было скрадзена некалькі дронаў, з дапамогай якіх медыі і прыватныя асобы вялі трансляцыю і запіс імпрэзы. Дзе знаходзяцца прылады – невядома.

Дрон, які павінен быў здымаць для нашага каналу, перахапілі адразу пасля таго, як яго паднялі ў паветра.

Паводле прадстаўніка «Белсату» у Беларусі Аляксея Мінчонка, наступствамі здарэння займаецца ўладальнік дрона, а не рэдакцыя (дроны арандуюцца разам з аператарам, які нясе адказнасць за прыладу). Міліцыя паведаміла, што трэба пісаць заяву аб крадзяжы ў Цэнтральны РУУС.

«Калі дрон не знойдзецца, будзем думаць, што рабіць далей», – сказаў Аляксей Мінчонак.

Антон Матолька, адзін з арганізатараў, паведаміў «Белсату», што дроны страцілі таксама партал TUT.BY і радыё «Свабода».

Ад дзеянняў зламыснікаў пацярпелі таксама некалькі прыватных асобаў.

Палёты дронаў у Беларусі не забароненыя. Ёсць адмысловая мапа, дзе пазначаныя аб’екты, над якімі дроны лётаць не могуць. Але Тэатр оперы і балета, а таксама пляцоўка над ім, у гэтую мапу не ўключаныя.

Перахапіць дроны можна з дапамогай адмысловай тэхнікі, якая збівае сігнал з зямлі і перадае яго іншаму аператару.

Беларускае канструктарскае бюро «Радар» распрацавала такія комплексы – «Навальніца-С» і «Навальніца-Р».

На разгортванне комплексу патрабуецца каля 10 хвілінаў

«Навальніца-Р» пабудаваная на базе мікрааўтобуса. Станцыя дазваляе назіраць за эфірам і выяўляць каналы радыёсувязі беспілотных авіяцыйных комплексаў. Аператары «Навальніцы-С» могуць умешвацца ў працу і цалкам пераймаць кантроль над ім.

«Навальніца-Р» – радыёэлектронная вінтоўка, з дапамогай якой можна не толькі перахопліваць дроны, але і падаўляць сігналы спадарожнікавых сістэмаў навігацыі – напрыклад, GPS або ГЛОНАСС

Гэтыя сістэмы афіцыйна не стаяць на ўзбраенні беларускага войска, але, хутчэй за ўсё, іх мае КДБ і МУС.

Галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава ў размове з прэс-службай БАЖ выказала ўпэўненасць, што за ўгонам дронаў стаяць спецслужбы.

ДД

Стужка навінаў