Больш арыштаў або свята? Якім убачылі Дзень Волі-2018 замежныя СМІ


Беларускія дзяржаўныя СМІ – тэлеканалы «Беларусь-1», АНТ і СТБ, а таксама газета «СБ – Беларусь сегодня» нічога не паведамілі пра святкаванне 100-годдзя БНР і звязаныя з гэтым падзеі ў Менску. А як адрэагавалі на Дзень Волі-2018 заходнія і расейскія медыі?

Газета The New York Times паведаміла пра Дзень Волі-2018 у кароткай заметцы пад загалоўкам «Акцыя апазіцыя ў Менску скончылася арыштамі». У тэксце журналісты паведамляюць пра 70 затрыманых падчас акцыі Статкевіча, а вось святочны канцэрт ля Опернага тэатру амерыканскія журналісты не заўважылі.

Падобным чынам распавялі пра падзеі ў Менску The Gurdian, The Independent і ABC News – яны акцэнтавалі ўвагу менавіта на затрыманнях у сувязі з акцыяй Статкевіча, толькі некалькімі сказамі згадаўшы пра святочны канцэрт. The Gurdian у сваю чаргу адзначаюць, што хутчэй за ўсё ўлады дазволілі канцэрт, каб не паўтараць падзеі Дня Волі-2017 і не сапсаваць адносіны з Захадам.

Euronews прысвяціў падзеям у Менску сюжэт «Дзень Волі з затрыманнямі і канцэртам» памерам трохі больш за хвіліну : там распавядаецца як пра хапун на плошчы Якуба Коласа, так і пра «Свята незалежнасці», якое, паводле тэлеканалу, сабрала «ад 5 да 50 тысяч чалавек». Мітынг-канцэрт ахарактарываны як «самы масавы апазіцыйны выступ апошніх гадоў».

“Свята незалежнасці” ля Опернага тэатру ў Менску, 25 сакавіка. Фота – Ірына Арахоўская

Расейскамоўная версія Deutsche Welle выпусціла вялікі рэпартаж пад назвай «Дзень Волі ў Менску не абышоўся без эксцэсаў», у якім падкрэсліваецца, што мітынг-канцэрт ля Опернага тэатру – гэта самае масавае мерапрыемства ў Беларусі за апошнія 20 гадоў (праўда, колькасць удзельнікаў ацэньвае толькі ў 15-25 тысяч).

Расейскамоўная служба BBC падрыхтавала амаль 2-хвілінный відэасюжэт пра Дзень Волі-2018, дзе паралельна ідуць кадры затрыманняў і святкавання. На галоўнае пытанне сюжэту (чаму Лукашэнка дазволіў святкаваць Дзень Волі?) Бі-бі-сі адказвае вуснамі Анатоля Лябедзькі: той звяртае ўвагу на пагрозу з боку Масквы і разлік Лукашэнкі на тое, што людзі пад бел-чырвона-белымі сцягамі будуць бараніць краіну ад агрэсіі.

Затрыманне на плошчы Якуба Коласа, 25 сакавіка. Фота – Ірына Арахоўская

Расейская Lenta.ru апублікавала навіну «Беларускія апазіцыянеры сабраліся на рэкордны мітынг і трапілі ў міліцыю». Тэкст напісаны стрымана, распавядаецца і пра канцэрт, і пра затрымання, але ж больш увагі надаецца менавіта масавасці святкавання ля Опернага тэатру.

Топавыя расейскія газеты «Коммерсант» і «Известия» адгукнуліся на падзеі ў Менску кароткімі заметкамі ў сваіх навінных стужках на сайтах – там акцэнтавалася ўвага менавіта на затрыманнях, у тым ліку згадваюцца журналісты «Белсату».

Russia Today выпусціла матэрыял пад загалоўкам «Пайшлі насустрач умераным»: як свята беларускай апазіцыі стаў днём нацыянальнага прымірэння». СМІ сцвярджае, што Дзень Волі ў Менску ўпершыню адзначылі «амаль на дзяржаўным узроўні»: «Галоўнае свята радыкальнай апазіцыі ўлада вырашыла на гэты раз выкарыстаць у сваіх інтарэсах – для кансалідацыі разрозненай грамадзянскай супольнасці». Святочны канцэрт ля Опернага тэатру ў матэрыяле ацэньваецца станоўчы, а таксама падкрэсліваецца разумная палітыка Лукашэнкі.

«Цяпер афіцыйнаму Менску застаецца толькі развіць поспех – працягнуць падтрымліваць умераную апазіцыю, якая настроена канструктыўна і не жадае паўтарэння ў Менску кіеўскага «майдана». А «непрымірымым» нічога не свеціць», – сцвярджае Russia Today.

“Свята незалежнасці” ля Опернага тэатру ў Менску, 25 сакавіка. Фота – Ірына Арахоўская

Расейскі рэсурс EADaily, для якога характэрны шавіністычны погляд на падзеі ў Беларусі, прысвяціў Дню Волі вялікі тэкст пад загалоўкам «100 гадоў БНР: самая маштабная акцыя беларуская апазіцыі за шмат гадоў». Выданне адзначае, што апошнім часам у межах «беларусізацыі» ў Беларусі адбываецца пераасэнсаванне гісторыі і нібыта цяпер на афіцыйным узроўні стала падтрымлівацца ідэя, «што БНР з’яўляецца папярэдніцай БССР і РБ». Пры гэтым EADaily падкрэслівае, што БНР была створана на акупаванай немцамі тэрыторыі, не зʼяўлялася рэальнай дзяржаваю, а фактычна была «нацыянальным прадстаўніцтвам пры германскай акупацыйнай адміністрацыі».

Расейскія ліберальныя СМІ The New Times і «Новая газета» на сваіх сайтах пра падзеі ў Менску наогул нічога не паведамілі. «Медуза» адгукнулася невялічкай заметкай, дзе асноўны акцэнт робіцца на затрыманнях.

Расейскія дзяржаўныя тэлеканалы – НТВ, «Россия-1», «Первый канал» – нічога цікавага ў Менску не заўважылі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў