«Тварам да сцяны, рукі за спіну». Як журналістка «Белсата» сустрэла Дзень Волі ў аўтазаку


Рэпартаж журналісткі belsat.eu Кацярыны Андрэевай, якую сілавікі затрымалі яшчэ да пачатку анлайн-трансляцыі.

Яскравая сонечная раніца 25 сакавіка. Ля Опернага тэатру ўсталёўваюць сцэну – неўзабаве пачнецца канцэрт, прысвечаны стагоддзю БНР. Але мае рэдакцыйнае заданне – асвятляць несанкцыянаванае ўладамі шэсце. Разам з калегай-аператарам прыходзім на плошчу Якуба Коласа за паўгадзіны да пачатку акцыі. Ініцыятар шэсця Мікола Статкевіч ужо затрыманы. Тым часам на плошчы дзяжураць шэсць аўтазакаў: па тры з кожнага боку сквера. Міліцыянты ў цывільным паляць, гутараць паміж сабой, смяюцца.

Мы мусім распачаць жывы эфір а 12-й гадзіне. Дапіўшы каву, я выходжу з кавярні «Лідо» і пачынаю падключаць апаратуру. Раптам заўважаю, як на праезнай частцы дарогі спыняецца шэры мікрааўтобус. Асобы ў цывільным заводзяць унутр буса назіральнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна». Усе праваабаронцы – з бэйджамі і ў спецыяльных камізэльках. Паспяваю зрабіць фота, але ў гэты момант міліцыянты схопліваюць майго напарніка, аператара «Белсату» Сяргея Кавалёва.

Затым настае і мая чарга. Гучна кажу, што журналіст, што выконваю прафесійны абавязак, прашу мужчын у цывільным паказаць свае пасведчанні. Мне паказвае толькі адзін, але занадта хутка, разгледзець прозвішча немагчыма. Іншы ж адразае: «Не пакажу» і цягне за рукі.

«Мы будзем вымушаныя прымяніць фізічную сілу», – папярэджвае ён.

Пара рэзкіх рухаў, мяне ўздымаюць над асфальтам і заносяць у падагнаны сіні мікрааўтобус. Следам «пакуюць» і аператара. На пытанне куды нас вязуць, міліцыянты не адказваюць. І калі на пярэднім сядзенні ўладкаваліся «цывільныя», то ззаду пільнуюць двое ў масках. Падрыхтаваныя да затрымання вельмі небяспечных злачынцаў.

Сарамлівыя курсанты

Бус спыняецца недзе ў правулку ў раёне Акадэміі навук. Уздоўж вуліцы стаяць аўтазакі – сем ці восем машын. Раней я паспела ўключыць стрым і ён працягваецца, пакуль АМАПавец з пустымі вачыма і рыхлай скурай не выламвае тэлефон з маіх рук і не запіхвае мяне ў аўтазак. Неаднаразова паўтараю: я журналіст, сама прайду ў салон аўтазаку, скручваць рукі няма падставаў. Дарэмна.

Сілай штурхаюць у «стакан» – камеру для перавозкі, памер – метр у шырыню, адтуліна для паветра – сантыметраў сем. У суседні «стакан» уціскваюць аператара «Белсату» і назіральніка з «Вясны». Далей цэлую групу дзяўчат-назіральніц запіхваюць у камеры нумар чатыры, пяць, шэсць. Адзін з затрыманых прасоўвае ў дзюрку крыжык.

«Не трэба тут крыжы вашыя паказваць! Эй, зачыні яму дзюрку!», – крычыць камусьці хлопец у форме.

Я ўглядаюся ў твар маладога міліцыянта, які пільнуе нас у аўтазаку. Парадкавы нумар на шлеме ¼, блакітныя вочы. Зусім юнак – гады 22, не болей. Мне цікава, пра што ён думае, калі вязе ў пастарунак праваабаронцаў і журналістаў, што ён думае пра Дзень Волі, ці ведае нешта пра БНР. Падаецца, ён саромеецца паглядзець мне ў вочы, саромеецца назваць свае імя, баіцца быць распазнаным. Ягоныя калегі такія ж: малодшыя, за мяне, румяныя, з дурнымі жартачкамі.

«Дайце вады, калі ласка. Ціск падскочыў, хачу піць», – прашу я.

Нуль рэакцыі. Паўтараю.

«Зараз будзе вам вада», – агрызаецца юнак. За ўвесь час перавозкі яе так ніхто і не прынёс.

Міліцыянты на плошчы Якуба Коласа, 25 сакавіка. Фота – Ірына Арахоўская

«Тварам да сцяны». Як міліцыянтка Света дала мне рэжучы прадмет

У Савецкім РУУС аншлаг. Каля 50 затрыманых стаяць у шэраг у падворку. Я – адна з іх. Ногі на шырыні плеч, тварам да сценкі. Злева праваабаронца Настасся Лойка, справа карэспандэнт «Белсату», мой муж Ігар Ільяш. Яшчэ ў аўтазаку Ігар пытаўся ў міліцыянтаў, ці працавалі тыя летась на Дзень Волі, калі ў Менску затрымалі амаль тысячу чалавек.

«Мы служылі, мы служым, а не працуем», – адказваюць.

Сярод тых, каго разам з намі прывезлі ў пастарунак – актывісты, пенсіянеры, айцішнік, святар, рэжысёр і, канешне, шэраговыя мінакі. Некаторыя людзі ў Беларусі маюць неасцярожнасць проста ісці па вуліцы, калі недзе побач запланаваная акцыя апазіцыі.

«Тварам да сцяны, рукі за спіну» – рычыць міліцыянт. Адметна, што ўсе яны схавалі свае нумарныя жэтоны.

Затрыманне Алёны Таўстой – яе таксама прывезлі ў Савецкі РАУС. Фота – Вячаслаў Радзіміч

У назіральніцы з «Вясны» Тацяны Мастыкінай апісваюць рэчы, складаюць іх у паліэтыленевую торбу, а саму дзяўчыну вядуць у будынак РУУС. Пасля стане вядома: яе цягалі за валасы падчас фатаграфавання і дактыласкапіі (узяцця адбіткаў пальцаў).

Ні прычыны затрымання, ні адміністратыўнага артыкула, які нам інкрымінуюць, за дзве гадзіны ніхто не назваў. Мяне папрасілі дастаць усе рэчы з кішэняў, але супрацоўніцы, якая праводзіла вопіс, гэтага падалося недастаткова і яна папрасіла разрэзаць шнуркі на куртцы і завязку на капюшоне. Мэта гэтых дзеянняў была таямнічая, бо звычайна шнуркі здымаюць перад ізалятарам. Да жанчыны ёйныя калегі звярталіся «Святлана», прозвішча невядомае. Чарнявая, сярэдніх гадоў міліцыянтка працягнула мне нажніцы:

«Вы ж толькі што казалі, нібыта нас правяраюць на наяўнасць колючых-рэжучых прадметаў, а тут самі даеце нажніцы затрыманай», – здзіўляюся.

У адказ яна моўчкі абразае завязачкі, складае іх у торбу. У пратаколе вынятых рэчаў – жвачка, сурвэткі, ключы і «мишка вязаный» (так і напісана). Гэтую цацку, маленькага мішку, падараваў мне муж два тыдні таму, на акцыю ўзяла як талісман.

Мы з дзяўчатамі мелі магчымасць гутарыць ля сценкі, нават пад’ядаць шакаладку. У прыбіральню нас не адпускалі. За вуглом у гэты момант міліцыянты скруцілі паплечніка Статкевіча Сяргея Спарыша. Яго завялі ў кут, апранулі кайданкі, піналі нагамі, а пасля паклалі тварам на асфальт. У такой позе ён праляжаў гадзіны паўтары. Спарыш нешта крычаў, а ягоныя канваіры толькі ўсміхаліся.

«Навошта нам санкцыі?»

Усяго на плошчы Якуба Коласа міліцыянты затрымалі каля 50 чалавек. Фота – Вячаслаў Радзіміч

У пастарунку мяне папрасілі здаць адбіткі пальцаў і сфатаграфавацца ў анфас і профіль. Пакуль ішлі ў кабінет, міліцыянт з вясёлым круглым тварам пераконваў:

«Не пішыце. Вы падумайце, каму будзе лепей? Навошта нам гэтыя санкцыі? Вы ж народу беларускаму горш робіце!»

Зразумеўшы, што пераканаўча гуляцца ў «добрага паліцыянта» не атрымліваецца, ён проста замоўк, утаропіў позірк у вакно, а потым увогуле сышоў. Мяне вярнулі да сцяны ў падворку.

Праз тры гадзіны міліцэйскі начальнік, які спачатку адабраў мой белсатаўскі мікрафон і гэтак з ім і хадзіў, падаў знак рукою, маўляў, ідзі сюды.

У пастарунку нам з мужам вярнулі рэчы. У актавай залі сядзелі дзясяткі два затрыманых, але нам сёння пашанцавала. Без прабачэнняў і тлумачэнняў нас адначасова вызвалілі. Пакуль забіраю з пластыкавай торбы свае рэчы, міліцыянт кажа:

«Торбу пакіньце. Да наступнага разу. Вы ж увесь час ходзіце па акцыях».

А што зробіш, прафесія. Гэта яны «служаць», а мы працуем.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў