Навагодні падарунак: улады падвысяць пенсійны ўзрост


 Павышэнне пенсійнага ўзросту – непазбежнае. Пра гэта заявіла намесніца прэмʼер-міністра Беларусі Наталля Качанава. Пра неабходнасць рэфармавання пенсійнай сістэмы кажуць і адмыслоўцы. Але з агаворкаю, што змены мусяць быць грунтоўныя.

Працаваць больш, выходзіць на пенсію пазней, чым у пяцьдзясят пяць ці шэсцьдзесят гадоў. Не выключана, што такое чакае беларусаў у бліжэйшай будучыні. Вядома, такая навіна хоць і не пасуе да святочнага настрою…

Мінакі катэгарычна супраць новых зменаў. «Чаго яны дасягнуць гэтым?», − пытае жанчына.

«Цяпер цяжка. Людзі мала жывуць. Вельмі цяжка», − падсумоўвае міначка.

Але менавіта пытанне павышэння пенсійнага ўзросту зноў узнікла ўсяго за некалькі дзён да Новага года. Гэтым разам пра такую неабходнасць загаварылі ва ўрадавых кабінетах. Са словаў намесніцы прэмʼер-міністра Наталлі Качанавай…

«Сапраўды, пенсійны ўзрост у нас вельмі нізкі. Ён не ўлічвае ні эканамічных рэаліяў, ні той акалічнасці, што расце сярэдняя працягласць жыцця і, адпаведна, даўжэе перыяд атрымання пенсіі… Мне падаецца, што да пытання пра павышэнне пенсійнага парогу ў будучыні мы прыйдзем так ці інакш», – мяркуе Наталля Качанава.

Ці выпадкова? Чыноўніца працягнула тэму, якую апошнімі месяцамі не аднойчы закранаў кіраўнік краіны. Раней Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што нарэшце гатовы пайсці на павышэнне пенсійнага ўзросту. Зрэшты, з ягоных словаў, падобных крокаў ад Беларусі ў межах рэформаў чакае Міжнародны валютны фонд.

«Мы мусім параіцца з народам. Мы мусім пачуць народ», – падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Але ўжо сёння дакладна вядома: калі ў Беларусі не адбудзецца рэформа пенсійнай сістэмы – паглыблення яе крызісу не пазбегнуць. Гэтак, цягам прыблізна трыццаці гадоў колькасць пенсіянераў можа перавысіць лік усяго эканамічна актыўнага насельніцтва.

Як сведчаць прагнозы, на сотню працоўных прыпадзе каля ста пятнаццаці асобаў на пенсіі. Пры гэтым не сакрэт, што пенсійны ўзрост у Беларусі застаецца нізкім у параўнанні нават з некаторымі постсавецкімі краінамі. Не кажучы пра заходнія дзяржавы – такія, як ЗША, Нямеччына ці Вялікая Брытанія. Вось толькі праблема ў тым, што беларуская пенсійная сістэма па-ранейшаму лічыцца спадкаемцам старой савецкай.

Таццяна Уласенка, Белсат

Стужка навінаў