Аргкамітэт #БНР100 схадзіў у Менгарвыканкам. Кароткае шэсце на Дзень Волі не дазволілі. СТРЫМ


Чальцоў аргкамітэту па святкаванні 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР запрасілі ў Менгарвыканкам, каб даць афіцыйны адказ наконт магчымасці правядзення шэсця ў Менску 25 сакавіка.

Заяўнікі сказалі, што для іх правядзенне шэсця «не прынцыповае».

«Усе дамоўленасці ў сіле. Мы шэсцяў не плануем і праводзіць не будзем. Заклікаем усіх на Оперны тэатр. Збору ў скверыку Янкі Купалы не плануецца», – заявіў пасля сустрэчы з уладамі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Станоўчая падзея, што ёсць згода на мітынг і канцэрт. І мы канцэнтруемся на ім. Мы не рабілі акцэнту на правядзенні шэсця, не было заяўкі, а быў зварот», – каментуе старшыня Руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

У адказе Менгарвыканкаму адзначаецца, што заява не адпавядае закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, без падрабязнасцяў.

«У гэты дзень ёсць мітынг і канцэрт. Засталося пяць дзён, вельмі мала. Трэба не ствараць канфлікты, а нешта рабіць», – сказала старшыня БСДП Ірына Вештард, якая таксама прысутнічала на сустрэчы.

Групе Статкевіча таксама адмовілі ў правядзенні шэсця.

Паводле ранейшай задумы палітыка, калі шэсця не дазволяць, то ён абяцае павесці людзей ад плошчы Коласа проста па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.

***

Напрыканцы лютага ўлады забаранілі шэсце, якое першапачаткова планавалася пачаць ад плошчы Якуба Коласа па праезнай частцы праспекта Незалежнасці да Плошчы свабоды. Паводле чыноўнікаў, такое месца збору ўдзельнікаў і маршрут шэсця «не адпавядаюць закону».

Атрымаўшы адмову, пяць грамадскіх арганізацый (БНФ «Адраджэнне», рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і інфармацыйна-асветніцкая ўстанова Amaroka) падалі ў Менгарвыканкам новую заяўку на правядзенне ў Дзень Волі мітынгу і канцэрту ля Опернага тэатру. Гэтую просьбу гарадскія ўлады задаволілі. Збор удзельнікаў пачнецца а 13 гадзіне, а святочны мітынг і канцэрт – ад 14 да 19 гадзіны.

Нагадаем, што меркаванні сябраў аргкамітэту падзяліліся: частка выступіла за абавязковае шэсце, нягледзячы на забарону, а частка пагадзілася з варыянтам, санкцыянаваным уладамі. Каб зняць напружанасць і непаразуменні, арганізатары звярнуліся ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць кароткае шэсце ад скверу імя Янкі Купалы да Опернага тэатру.

КА belsat.eu

Стужка навінаў