Міністр абароны Брытаніі: Расея павінна «заткнуцца»


Міністр абароны Вялікай Брытаніі Гэвін Уільямсан
Фота: REUTERS/Toby Melville

Каментуючы інцыдэнт у Солсберы, дзе атруцілі былога афіцэра вайсковай выведкі РФ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку, міністр абароны Вялікай Брытаніі Гэвін Уільямсан, абвясціў аб увядзенні ў краіне новых захадаў па абароне ад хімічнай зброі.

Вядомы сваёй жорсткай лініяй у дачыненні да Масквы, Уільямсан параіў Расеі, на якую брытанскія ўлады ўсклалі адказнасць за замах, «сыйсці/зваліць і заткнуцца» [у арыгінале: Frankly, Russia should go away – it should shut up], піша bbc.com.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава пракаментавала заяву брытанскага міністра, абвінавачаннямі ў парушэнні Канвенцыі па забароне хімічнай зброі.

«А што яшчэ можа сказаць міністр абароны краіны, якая хавае абставіны ўжывання на сваёй тэрыторыі хімічных атрутных рэчываў і не жадае перадаваць наяўную інфармацыю, як таго патрабуе Канвенцыя па забароне хімічнай зброі?», – заявіла прадстаўніца расейскага МЗС.

«Лондану ёсць што хаваць. Партнёры нервуюцца», – дадала Захарава.

15 сакавіка Вялікая Брытанія, ЗША, Нямеччына і Францыя выпусцілі сумесную заяву, у якой асудзілі напад на Скрыпаля і ўсклалі віну за інцыдэнт на Маскву, паведамляе reuters.com.

«Выкарыстанне нервова-паралітычнага агента вайсковага прызначэння такога тыпу, які быў распрацаваны ў Расеі, стала першым нападам з выкарыстаннем нервова-паралітычнага агента ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны», – гаворыцца ў заяве.

«Гэта напад на суверэнітэт Вялікай Брытаніі, і падобнае дзеянне дзяржавы – відавочнае парушэнне Канвенцыі аб хімічнай зброі і міжнароднага права. Ён пагражае бяспецы ўсіх нас», – гаворыцца ў дакуменце.

Нагадаем, што замах на Сяргея Скрыпаля адбыўся 4 сакавіка: былы афіцэр ГРУ і ягоная дачка былі знойдзеныя на лаўцы каля гандлёвага комплексу ў горадзе Солсберы. Паводле брытанскіх праваахоўнікаў, іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок», распрацаваным у Расеі.

66-гадовы Сяргей Скрыпаль і ягоная 33-гадовая дачка Юлія, а таксама сяржант паліцыі Нік Бэйлі, які першым прыбыў на месца здарэння, застаюцца ў рэанімацыі. Акрамя таго, па медычную дапамогу ў шпіталі звярнуўся яшчэ 21 чалавек – усе яны знаходзіліся 4 сакавіка побач з месцам атручвання Скрыпаля.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com, reuters.com

Стужка навінаў