Польшчу непакоіць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці


Пасля серыі матэрыялаў «Белсату», прысвечаных спрэчнаму праекту паблізу мяжы, пытаннем зацікавіліся польскія медыі ды Галоўная дырэкцыя аховы навакольнага асяроддзя.

Money.pl у артыкуле адзначае, што пакуль няма ніякіх падрабязнасцяў пра кітайскі завод «iPower», хоць беларусы падпісалі Канвенцыю пра трансгранічную ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Гэта азначае, што калі інвестыцыі могуць аказаць істотны ўплыў на прыроду, беларускі бок павінен паведаміць суседзяў.

Аднак Галоўная дырэкцыя па ахове навакольнага асяроддзя не атрымлівала ніякай інфармацыі. Запыт пра будову заводу напісала «грамадскасць» у Рэгіянальную дырэкцыю па ахове навакольнага асяроддзя ў Любліне. Пасля гэтага ГДАА накіравала ліст да беларусаў.

Паводле прэс-сакратаркі ГДАА Монікі Якубяк, згодна з Канвенцыяй, Польшча мае права абмеркаваць з суседзямі, ці кітайскі завод можа негатыўна паўплываць на краіну і жыхароў памежжа.

На польскім баку мяжы бліжэйшы сусед Берасця – Тэрэспаль. Мэр гораду Яцэк Данілюк не бачаць ніякіх прычын для клопатаў. Аднак на думку доктара Леха Магрэла з універсітэту Беластоку, прычыны для хваляванняў ёсць. Прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на навакольнае асяроддзе.

Усё залежыць ад аб’ёму вытворчасці і таго, якую тэхналогію будуць выкарыстоўваць і як будуць утылізаваць адкіды. Магрэл тлумачыць, што выпарэнні, якія змяшчаюць кіслоты і цяжкія металы, могуць быць небяспечныя для здароўя. Асаблівую пагрозу для палякаў маюць сцёкі.

«Беларусы і так атручваюць на, таму што завод па ачыстцы сцёкаў у Берасці не працуе вельмі эфектыўна і брудная вада цячэ ў Буг. Калі да гэтага дойдуць сцёкі з заводу, гэта, безумоўна, будзе кепска для нас», – кажа навуковец.

Жыхары Берасця працягваюць змагацца супраць акумулятарнага заводу «iPower». Супраць шкоднае вытворчасці падпісаліся каля 37 тысяч грамадзянаў.

Акумулятарны завод «iPower» бізнесоўца Віктара Лемяшэўскага будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». На меркаванне актывістаў, прадпрыемства будзе выкарыстоўваць састарэлую тэхналогіі канца мінулага стагоддзя.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў