У Беларусь прыляцеў сакратар Савету бяспекі РФ Патрушаў


Кіраўнік Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась сустрэўся з сакратаром Савета бяспекі РФ Мікалаем Патрушавым. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі «ваенна-палітычную абстаноўку ў свеце і на заходніх межах Саюзнай дзяржавы».

Акрамя таго, паводле афіцыйных звестак, Патрушаў і Зась «узгаднілі падыходы ў супрацьдзеянні агульным пагрозам бяспекі Беларусі і Расеі».

Як раней паведамляў сайт Савета бяспекі РФ, Патрушаў будзе знаходзіцца ў Беларусі 13-14 сакавіка, падчас візіту будуць праводзіцца двухбаковыя кансультацыі з удзелам прадстаўнікоў шэрагу міністэрстваў і ведамстваў.

Цікава, што месца сённяшняй сустрэчы Патрушава і Зася застаецца незразумелым. Раней СМІ паведамлялі, што кансультацыі адбудуцца ў Менску. У афіцыйным паведамленні БелТА па выніках сустрэчы месца перамоваў Патрушава і Зася не згадваецца. Аднак на фота БелТА з сустрэчы адзначаецца, што месца здымкі – Гарадзенскі раён, Гарадзенская вобласць.

Цікава, што напярэдадні, 12 сакавіка, Зась уручыў міністру абароны абароны Андрэю Раўкову даручэнне Аляксандра Лукашэнкі правесці праверку Узброеных сілаў Беларусі. Праверка ўключае ў сябе правядзенне вучэнняў з баявой стральбою, фармаванне асобнай механізаванай брыгады ды інш. З запасу прызываецца да 2 тыс. ваеннаабавязаных.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў