Агенты ФБР хацелі пагутарыць з Насцяй Рыбкай у турме. Улады Тайланду адмовілі


Агенты ФБР звярталіся да ўладаў Тайланду з просьбай аб сустрэчы з беларусамі Настай Вашукевіч (Настай Рыбкай) і Аляксандрам Кірылавым (Алексам Леслі), якія знаходзяцца ў мясцовай турме.

Па словах крыніцы CNN, агенты ФБР атрымалі адмову ад уладаў Тайланда, паколькі да затрыманых дапускаюць толькі іх сваякоў і законных прадстаўнікоў.

Пры гэтым амбасада ЗША ў Бангкоку не пацвердзіла інфармацыю аб спробах агентаў ФБР сустрэцца з затрыманымі.

Нагадаем, 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам Сяргею Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

26 лютага дзесяцёх замежнікаў (у тым ліку Насту Рыбку), якія праводзілі незаконныя секс-трэнінгі, затрымалі ў Патаі. Арганізатарам курсаў з’яўляецца Аляксандр Кірылаў з Віцебску (больш вядомы як Алекс Леслі). За парушэнне мясцовага заканадаўства затрыманых чакае суд і дэпартацыя.

Пасля затрымання Наста Рыбка паспела выкласці у сваім Інстаграме запіс, дзе звярнулася да СМІ ЗША: яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх дэпутатаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам. «Я вельмі шмат ведаю. Калі вы знойдзеце мяне ў тайскай турме яшчэ жывою, то я з задавальненнем з вамі пагутару», – заявіла Рыбка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў