Статкевіч на Дні Волі будзе патрабаваць вызвалення Святаслава Барановіча


Да таго ж палітык хоча выйсці на вуліцу з заклікам вызваліць іншых палітвязняў, а таксама агучыць праблемы краіны і пагрозы яе незалежнасці.

Пра гэта Мікалай Статкевіч напісаў у Facebook.

«Беларускі Нацыянальны Кангрэс заклікае тых, каго хвалюе будучыня нашай краіны, прыняць удзел у Маршы. Дзеля нашых годнасці і свабоды. Дзеля памяці тых людзей, якія 100 гадоў таму, не пытаючыся дазволаў, спрабавалі даць Беларусі незалежнасць. Дзеля збітых і арыштаваных на Дні Волі летась. Каб тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, не думалі, што запалохалі ўсіх. Каб Беларусь жыла», – напісаў Статкевіч.

Марш, якія мае распачацца а 12:00 на плошчы Якуба Коласа, пройдзе да месца ўжо дазволенага ўладай мітынгу-канцэрту каля Опернага тэатру.

Статкевіч адзначыў, што хоць «дазволеныя лозунгі і выступы толькі на святочную тэму», але «ў соты Дзень Волі кожны павінен мець права свабодна выказвацца па пытаннях, якія яго турбуюць».

Раней менскія ўлады дазволілі мітынг і канцэрт на 25 сакавіка без шэсця. Прыхільнікі Статкевіча падалі паўторную заяўку на правядзення шэсця, змяніўшы гадзіну збору людзей, каб тыя паспелі прыйсці на канцэрт каля опернага тэатру. Адказ з Менгарвыканкаму яшчэ не прыйшоў (паводле закону, улады маюць права даць адказ за пяць дзён да акцыі). Статкевіч плануе правесці марш, нават калі яго не санкцыянуюць.

Рэшта аргкамітэту святкавання 100-годдзя БНР не падтрымлівае ініцыятыву Статкевіча. Паводле Юрася Губарэвіча, «у Мікалая Статкевіча ёсць шмат дзён, каб паінфармаваць менчукоў пра несправядлівы прысуд Барановіча. Неабавязкова прыносіць гэтыя слоганы на пляцоўку, дзе будзе святочны канцэрт».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў