Брытанская паліцыя заявіла, што ў Солсберы, дзе 4 сакавіка быў атручаны былы афіцэр ГРУ Сяргея Скрыпаль і яго дачка Юлія, медычную дапамогу ў сувязі з інцыдэнтам аказалі 21 чалавеку.
Пра гэта Associated Press распавёў выконваючы абавязкі кіраўніка паліцыі графства Уілтшыр Кір Прытчард. Ён не змог назваць дакладную колькасць пацярпелых, адзначыўшы, што паліцыя ўлічвае расейцаў у гэтых падліках.
У шпіталях пры гэтым застаюцца толькі трое пацярпелых – бацька і дачка Скрыпалі і сяржант паліцыі Нік Бэйлі, які адным з першых прыбыў на месца здарэння.
Па словах Прытчарда, большасць пацярпелых звярнуліся для правядзення аналізаў, а таксама па кансультацыю лекараў. Толькі некаторыя з іх мелі патрэбу ў лячэнні.
Раней было абвешчана, што супраць Скрыпалей, імаверна, выкарыстоўвалі нервова-паралітычнае рэчыва. Ці было яно выкарыстана ў вадкай або газападобнай форме, невядома. Склад рэчыва брытанскія ўлады таксама пакуль не раскрылі.
Сяргей Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі за шпіянаж на карысць Вялікабрытаніі. у 2010 годзе яго абмянялі на групу расейскіх выведнікаў, затрыманых у ЗША, пасля чаго ён з сям’ёй зʼехаў у Брытанію.
КА, belsat.eu