Улады дазволілі мітынг і канцэрт на Дзень Волі


Пра гэта Менгарвыканкам паведаміў аргкамітэту святкавання 100-годдзя БНР.

Удзельнікі арганізацыйнага камітэту святкавання 100 гадоў абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі атрымалі ад уладаў інфармацыю аб тым, што іхная заява на правядзенне мітынгу і канцэрту каля Тэатру оперы і балету ў Менску задаволеная.

Адказ уладаў на заяву арганізатараў святкавання Дня Волі. Фота – Аляксей Янукевіч
Адказ уладаў на заяву арганізатараў святкавання Дня Волі. Фота – Аляксей Янукевіч

«На сустрэчы Менгарвыканкаму з аргкамітэтам прысутнічала кіраўніцтва гарадской міліцыі і пракуратуры, і мы абмяркоўвалі, у якіх умовах будзе праходзіць імпрэза», – паведаміў «Белсату» Юрый Губарэвіч.

Калектыўная адказнасць

Гарадскія ўлады пацвердзілі ранейшыя дамоўленасці – тое, што забяспечаць за кошт гораду ахову парадку і медычную дапамогу падчас канцэрту, прыборку тэрыторыі пасля імпрэзы і паспрыяюць у дамовах з прадпрыемствамі, якія будуць пастаўляць электрычнасць і забяспечаць гастранамічную абслугоўванне.

Арганізатары нагадалі, што заяўнікі – усе пяць арганізацыяў – нясуць адказнасць за выкананне ўмоваў дазволу.

Падчас сустрэчы аргкамітэт ізноў узняў пытанне шэсця. Паводле Губарэвіча, у Менгарвыканкам у аўторак адначасова з заявай, якую сёння задаволілі, быў пададзены дадатковы зварот аб ягонай мэтазгоднасці.

«Фактычна, усё абумоўлена пытаннямі бяспекі, – дадаў Губарэвіч. – Напрыклад, шлях з Нямігі да опернага тэатру – вельмі вузкі».

Заява на правядзенне мітынгу і канцэрту стала кампрамісам паміж уладамі і арганізатарамі святкавання: Менгарвыканкам не задаволіў папярэднюю заяву і прапанаваў апазіцыі адмовіцца ад шэсця.

ДД

Стужка навінаў