«Пагражалі прастрэліць калена, вербавалі за грошы». Як сілавікі выцягваюць інфармацыю аб анархістах


Панк-музыка са Століна распавёў belsat.eu, як двое сілавікоў у цывільным вывезлі яго ў лес, прыстаўлялі да спіны дула табельнай зброі, а потым намагаліся завербаваць, прапануючы грошы.

Сілавыя структуры ў Беларусі актыўна пераследуюць удзельнікаў анархічных рухаў. Пасля «недармаедскіх» пратэстаў мінулай вясны, ціск на іх узмацніўся. У кватэрах анарха-актывістаў перыядычна адбываюцца ператрусы. Ціснуць не толькі на саміх анархістаў, але і на іхных сваякоў, сяброў. Часам дастаецца і людзям, якія не маюць ніякага дачынення да руху. Апошняе яскравае сведчанне такога пераследу – гісторыя 21-гадовага панк-музыкі Сяргея С. са Століна. Ён пагадзіўся распавесці падрабязнасці нашаму журналісту, але папрасіў не называць ягонае прозвішча.

Сяргей грае ў панк-рок-гурце, на іх канцэрты прыходзіць моладзь пераважна левых поглядаў, як кажа хлопец, «пратэстава настроеная». Сам жа ён не належыць да ніводнага руху, не з’яўляецца палітычным актывістам. Паводле слоў Сяргея, адзінае, што патэнцыйна можа звязваць яго з анархістамі – гэта выпадковыя сустрэчы на канцэртах.

23 лютага, бліжэй да 12 гадзін дня, Сяргею патэлефанавалі і, назваўшыся «крымінальным вышукам», запрапанавалі сустрэцца. Дамовіліся, што супрацоўнікі з Берасця прыедуць да яго ў Столін на гутарку. Нічога кепскага хлопец не прадчуваў, а таму спакойна пагадзіўся сустрэцца з праваахоўнікамі.

Калі машына пад’ехала да дома Сяргея, ён спусціўся на вуліцу і ўбачыў, як з машыны выходзіў яго бацька.

– Тата нічога не паспеў мне сказаць. Двое мужчын у цывільнай вопратцы адразу папрасілі мяне сесці ў машыну. Яны не паказалі пасведчанняў, не сказалі, з якой яны структуры. Памятаю толькі, што адзін прадставіўся Аляксандрам Мікалаевічам, – распавядае Сяргей.

– Яны прыйшлі да мяне на працу ў ліцэй. Правяралі апаратуру ў актавай залі, нешта шукалі. Пасля мы селі ў машыну і там гэты Аляксандр Мікалаевіч паказаў фота, на якім ёсць я, мой сын і яшчэ хлопцы. Звычайнае групавое фота з канцэрту. Яно было зробленае ў траўні 2017 года, я тады дапамагаў гурту сына як гукааператар, – гаворыць бацька Сяргея.

Паводле яго словаў, сілавікі пыталіся, каго ён ведае на фота, акрамя сына, і ці распаўсюджваліся на тым канцэрце ўлёткі анархістаў.

«У нашым горадзе нешта здарылася»

– Я сказаў, што не ведаю нікога і ніякіх улётак не бачыў. Мне падаецца, нешта такое здарылася ў нашым горадзе, пасля чаго сілавікі зацікавіліся гэтымі анархістамі, – дадае бацька.

Незадоўга да выбараў у мясцовыя саветы сябры анархічнага руху « Революционное действие» расклеілі на будучых участках для галасавання ў Століне налепкі з такім надпісам: «Выбары паразітаў на службу дзяржаве для працягу вашага рабства».

Яны таксама сарвалі агітацыйныя выбарчыя плакаты, на некаторыя наляпілі свае стыкеры – з адрасам суполкі ў фэйсбуку.

 

Яшчэ раней, у студзені, у Століне з’явіліся ўлёткі з заклікам да «вулічнага супраціву». Сваю інфармацыйную кампанію анархісты разгарнулі і ў Берасці, Калінкавічах, Горадні, Менску.

Суполку «Революционного действия» у сацсетцы Вконтакте заблакавалі. Блакавалі і сайт, але актывісты стваралі люстэркавыя старонкі, аднаўлялі суполкі, працягвалі публікаваць справаздачы са сваіх акцый. Падпісантам суполкі пачалі дасылаць паведамленні з «нежывых» акаўнтаў, пагражаючы прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сайт revbel.org быў унесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў па рашэнні суду яшчэ ў верасні 2016-га.

Анархісты падчас акцыі пратэсту ў Берасці, 5 сакавіка 2017. Фота belsat.eu

«Я адчуў, як дула прыставілі да спіны»

Вернемся ў той момант, калі Сяргей сеў у машыну да сілавікоў.

– Дзверы заблакавалі. Па тону іх голасу зрабілася ясна, што лепш не супраціўляцца. Той, які назваўся Аляксандрам Мікалаевічам, запытаў: «Ты анархіст?» Я адказаў, што не, не анархіст. «Але ты панк?». Так, кажу, панк. Тады яны сказалі «Не ўключай дурачка» і пачалі распытваць пра анархістаў у Століне, пра ўлёткі, якія з’яўляліся на вуліцах.

Паводле слоў Сяргея, у яго адабралі тэлефон, спрабавалі ўвайсці ў сацыяльныя сеткі, а калі не атрымалася, пачалі праглядаць асабістыя фота ў галерэі файлаў і пытацца, хто прысутнічае на фота.

– Яны называлі імёны, я адказваў, што не ведаю такіх людзей і ці належаць яны да руху анархістаў. Працягвалі дапытвацца, я не мог нічога сказаць, бо не ведаў. Тады Аляксандр Мікалаевіч расхінуў куртку, паклаў руку на кабуру і сказаў, што мае паўнамоцтва прастрэліць мне калена і зрабіць так, каб я «прысеў», – узгадвае Сяргей словы сілавікоў.

– Пасля яны сказалі: «Ну ўсё, вязем цябе ў лес» і павезлі. Рукі – на бардачок, без лішніх рухаў. Думаю, па дарозе яны вырашылі мяне папужаць. Той, які быў на заднім сядзенні, патэлефанаваў камусьці і сказаў «Таварыш палкоўнік, дазвольце выканаць прысуд». Мне падаецца, ён ні з кім не гаварыў насамрэч.

Ілюстратыўнае фота

Сяргей сцвярджае, што яго вывезлі ў лес, вывелі з машыны, абшукалі і загадалі павольна ісці наперад.

– «Твае апошнія словы», кажуць. А мне няма, што дадаць. Усё выглядала, нібыта міліцыянты (ці хто гэта былі?) пераглядзелі баевікоў пра крутых копаў. Далі запаліць. Зноў запыталі пра столінскіх анархістаў. Не атрымаўшы адказу, развярнулі спіной. Тады я адчуў, як прыставілі дула да спіны. Літаральна секунд дзесяць і ён апусціў дула са словамі «Не хачу я гэтага рабіць».

Спрабавалі завербаваць за грошы

Сяргея зноў пасадзілі ў машыну. Хлопец прызнаецца: на гэтым этапе ён ужо «зладзіў невялікую істэрыку», нервы здалі.

– Я закрычаў, прасіў адпусціць мяне і раптам яны ўключылі «добрых паліцэйскіх». Сталі даводзіць, маўляў, я ж не хачу, каб звольнілі маіх бацькоў, каб былі праблемы ў дзяўчыны.

Паводле Сяргея, пасля гэтых словаў сілавікі запрапанавалі яму «стучаць на кагосьці з анархістаў».

– Яны сказалі, што будуць спансіраваць мяне пастаянна. Заплацяць не толькі за зліў інфармацыі пра анархістаў, але і за тое, каб я ўнядрыўся ў «Революционное действие». Калі пагаджуся – адпусцяць. Я адмовіўся. Папрасілі «пашукаць хоць штосьці» і паабяцалі звязацца праз тыдзень. Мяне адпусцілі, сунуўшы 10 рублёў.

Больш Сяргею ніхто не тэлефанаваў. Хлопец звярнуўся па дапамогу ў Праваабарончы цэнтр «Вясна», цяпер ён разам з праваабаронцамі рыхтуе скаргу на незаконныя дзеянні сілавікоў. На пытанне, ці баіцца ён помсты за тое, што ўсё апрылюдніў, Сяргей адказвае:

– Не, я проста рыхтуюся да якога заўгодна развіцця падзей. Раней я думаў, што такое можа здарыцца, але не са мной.

Бацька Сяргея распавёў, што раней хлопца прыцягвалі па розных адміністратыўных справах. Была і крымінальная. Некалькі гадоў таму яго асудзілі па артыкуле 341 КК (пашкоджанне маёмасці). Сам Сяргей тлумачыць: ён размаляваў будынак графіці «F*ck the police». Яму далі 120 гадзінаў грамадскіх працаў.

Наста Лойка, фота generation.by

Каментар эксперта. Наста Лойка, ПЦ «Вясна»:

– Хутчэй за ўсё, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗ (Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю), унутры структуры ёсць аддзел па барацьбе з экстрэмізмам. Ён і займаецца анархістамі. Што тычыцца «Революционного действия», то ў сілавікоў відавочны недахоп звестак, яны не вельмі арыентуюцца ў анархічных суполках. Магчыма, таму практыкуюць такія метады. Спроба вербавання паказвае на тое, што гэта маглі быць і супрацоўнікі КДБ, але апошняя версія менш верагодная.

Паводле словаў праваабаронцы, будзе накіравана некалькі скаргаў на незаконныя дзеянні – у Следчы камітэт і ў пракуратуру.

Наста Лойка адзначае, што Берасцейская, а таксама Гомельская вобласць – рэгіёны з найбольшай актыўнасцю анархічнага руху, адпаведна, ціск на анархістаў там мацнейшы.

***

Мы патэлефанавалі па каментар у прэс-службу УУС па Берасцейскай вобласці, але цягам двух працоўных дзён там не падымалі слухаўку. Не адказаў ні па службовым, ні па прыватным мабільным і начальнік групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў