У гадавіну анексіі Крыма па ўсім свеце прайшлі чытанні ды іншыя акцыі ў падтрыманне палітычных зняволеных, якія адбываюць тэрміны ў Расеі.
26 лютага Беларускі ПЭН-цэнтр разам з Культурным цэнтрам «Корпус» і ініцыятывай «РосУзник» зарганізаваў у Менску сустрэчу, прысвечаную ўкраінскаму кінарэжысёру, сцэнарысту і пісьменніку Алегу Сянцову, якога асудзілі ў Расеі да 20 гадоў зняволення.
Расейскія ўлады інкрымінуюць рэжысёру здзяйсненне і падрыхтоўку тэрактаў. Сянцоў сваю віну не прызнаў і заявіў аб катаваннях у турме, назваўшы сваю справу сфабрыкаванай. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сянцова палітвязнем і ініцыявала бестэрміновую акцыю ў яго падтрымку. Арышт Сянцова выклікаў абурэнне ў палітыкаў, дзеячоў культуры, праваабаронцаў па ўсім свеце.
Сустрэча адбылася ў Дзень супраціву расейскай агрэсіі ў Крыме.
Пазней прысутныя паглядзелі фільм Сянцова «Гамэр». Каб яго зняць, рэжысёр калісьці прадаў машыну і камп’ютарны клуб.
«Гэта першая і апошняя на гэты момант паўнавартасная гатовая стужка. Сёння, на жаль, мы знаёмімся са страчаным аўтарам. Яго фільм – пасланне ўсяму чалавецтву», – прадставіў фільм Максім Жбанкоў.
Арганізатары падрыхтавалі паштоўкі, каб кожны жадаючы мог напісаць зняволенаму рэжысёру:
«Лісты важныя, бо ў зняволенні нічога не адбываецца, няма эмоцыяў. Нават каляровымі алоўкамі забаронена карыстацца».
Яна Ганчарова – каардынатар праекту «РосУзнік» і праваабаронца ў «Human constanta» у Беларусі – вядзе перапіску з Алегам Сянцовым з дня яго арышту.
«Я пачала яму пісаць і вельмі праніклася нязломнасцю яго духу, – кажа Ганчарова. – Цяпер Алег знаходзіцца на Ямале, як крымчанін ён цяжка пераносіць клімат. Алега на волі чакаюць двое дзяцей, сястра і старэнькая маці».
Ганчарова заклікае пісаць «пра што заўгодна: апісваць падрабязнасці тое, што вакол вас, пісаць пра сябе».
«Гэта афарбуе турэмную руціну», – кажа Яна.
ІА, ДД