Ператрус і справа за «абразу прэзідэнта». Пачаўся ціск на папулярнага блогера


Цяпер Сцяпан знаходзіцца ў Польшчы, там ён навучаецца ва ўніверсітэце. У менскай жа кватэры падчас ператрусу знаходзілася толькі яго маці Святлана.

«Увечары да маці прыйшлі двое – адзін у форме Следчага камітэту, другі ў цывільнай вопратцы. Імёнаў сваіх не назвалі, пасведчанняў не паказвалі. Яны паказалі толькі ордэр на вобшук і сказалі, што нейкая грамадзянка паскардзілася на зняважлівыя выказванні на адрас прэзідэнта, якія нібыта гучаць на маім канале», – распавядае Сцяпан.

Паводле слоў блогера, праваахоўнікі сканфіскавалі ноўтбук і маленькую відэакамеру, склалі пратакол вобшуку. Пры гэтым яны не далі маці Сцяпана ніякіх копіяў дакументаў і не паведамілі, у якім працэсуальным статусе на дадзены момант знаходзіцца Сцяпан. Такім чынам, пакуль невядома, ці распачатая ў дачыненні да яго крымінальная справа паводле артыкулу 368 КК Беларусі – «абраза прэзідэнта».

На канале NEXTA – больш за 100 тысяч падпісантаў

Актыўна весці свой YouTube-канал Сцяпан Святлоў (Святлоў – псеўданім) пачаў у красавіку 2017 года – тады ў Беларусі яшчэ не спала інфармацыйная хваля «недармаедскіх пратэстаў». Хлопец пачаў ствараць перш за ўсё інфармацыйныя ролікі ў рубрыцы «Ну і навіны!». Галоўнымі тэмамі сталі Дэкрэт №3, міліцэйскі гвалт, злоўжыванне ўладай. Амаль у кожным відэа гучыць крытыка ў бок Лукашэнкі. Пры стварэнні ролікаў Сцяпан часта выкарыстоўваў відэа незалежных СМІ, асабліва «Белсату», з якім супрацоўнічае.

«Я не разумею, дзе яны знайшлі абразу? Іншыя блогеры часам выказваюцца больш востра. Да таго ж, я ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, ні быў актывістам, не падпадаў пад адміністратыўны пераслед. Думаю, такі ціск звязаны з хуткім ростам падпісантаў на канале», – здзіўляецца хлопец.

Сапраўды, колькасць падпісантаў NEXTA ужо перавысіла 100 тысяч чалавек – неблагая лічба для беларускай інтэрнет-прасторы. На думку Сцяпана, улады маглі «зачапіцца» за адно з апошніх відэа – там гаворка ідзе пра «справу, якую раскрыў асабіста Лукашэнка».

«Нядаўна я прабыў у Менску амаль два тыдні і ніхто з сілавікоў ці следчых да мяне не звяртаўся, далі выехаць з краіны. Таксама цікава, што за грамадзянка паскардзілася на мой канал? Можа сумнавядомая фрау А.?», – кажа Сцяпан.

На пытанне, чаму ён увогуле вырашыў весці палітычны блог, хлопец адказвае:

«Бо гэта запатрабавана, бо ў людзей у Беларусі робіцца ўсё менш крыніцаў інфармацыі: заблакавалі Хартыю, націснулі на Беларускі Партызан».

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова папрасіла пачакаць на інфармацыю і каментар да панядзелку.

Каго і за што раней вінавацілі ў «абразе прэзідэнта»?

У беларускім Крымінальным кодэксе існуюць два падобныя артыкулы. Арт.367 «Паклёп на прэзідэнта» прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. За «абразу прэзідэнта» (арт. 368) максімальная санкцыя ўяўляе сабой 3 гады турмы.

Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года за паклёп на Лукашэнку былі асуджаныя галоўны рэдактар гарадзенскай газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і журналіст Павел Мажэйка. Маркевічу далі 2 з паловай гады «хіміі», пасля замяніўшы вырак на папраўчыя працы па месцы жыхарства. З журналістыкі ён сышоў. Мажэйка ж атрымаў 2 гады хіміі і ў 2003 годзе выйшаў па ўмоўна-датэрміновым.

У тым жа годзе справу за паклёп завялі на палітычнага дзеяча і галоўрэда газеты «Рабочы» Віктара Івашкевіча. З двух прызначаных судом гадоў «хіміі» ён адбыў палову і быў амніставаны.

Грамадскі актывіст Валер Леванеўскі, які крытыкаваў сацыяльную палітыку Лукашэнкі і збіраў мітынгі прадпрымальнікаў у Горадні, адбыў свае 2 гады зняволення па 368-м артыкуле без права на амністыю. За гэты час ён пабываў у пяці турмах, у тым ліку на Валадарцы.

У 2005 годзе стваральніку сатырычнага праекту «Мультклуб» Алегу Мінічу ўдалося пазбегнуць арышту праз вялікі рэзананс у прэсе. Яму інкрымінавалі «абразу», бо ў мультфільмах прысутнічалі персанажы Лукашэнкі і чыноўнікаў.

На журналіста «Газеты Выборчай» Андрэя Пачобута двойчы заводзілі справу па 368-м артыкуле: пасля выбараў у 2011-м годзе і ўлетку 2012-га. Ён шмат пісаў пра працэс над Кавалёвым і Канавалавым, якіх пазней прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракту і расстралялі, а таксама пра «маўклівыя акцыі» і стасункі Лукашэнкі з Захадам.

***

Улады працягваюць замінаць дзейнасці незалежных журналістаў і сёння. Гэта і адміністратыўныя справы за «працу без акрэдытацыі» – асноўны інструмент ціску на «Белсат», і блакаванне рэсурсаў.

14 снежня рэдакцыя «Беларускага партызану» паведаміла пра блакіроўку сайта. Паводле заявы Міністэрства інфармацыі, ён быў заблакаваны праз распаўсюд «забароненай інфармацыі». Пры гэтым не ўдакладнялася, аб якой канкрэтна інфармацыі ідзе гаворка.

Сёлета 24 студзеня Мінінфарм заблакаваў сайт «Хартыі-97», нагода тая ж – парушэнне закону «Аб сродках масавай інфармацыі».

Раней у Беларусі ў дачыненні да блогераў не распачыналі справаў за паклёп ці абразу прэзідэнта. Самы вядомы выпадак, калі блогер апынуўся за кратамі – гэта гісторыя Эдуарда Пальчыса. Стваральніка блогу «1863х» асудзілі за распальванне нацыянальнай варажнечы і распаўсюд парнаграфіі і пакаралі 1 годам і 9 месяцамі «хатняй хіміі».

Размову з блогерам глядзіце сёння, а 20.10 у Гарачым каментары “Студыі Белсат”.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў