Аўтарка тэлешоу «Я не буду гэта есці!»: дзіцём я стаяла ў чэргах па хлеб і малако


Вядоўца «Белсату» Аліна Коўшык прыдумала першае ў свеце тэрапеўтычнае кулінарнае шоу з бітвай кухараў. «Я не буду гэта есці!» – так называецца новая праграма, прэм’ера якой – ужо 25 лютага а 20:30 на нашым тэлеканале. Глядзіце онлайн!

А пакуль гутарым з Алінай пра савецкае дзяцінства, мяса алігатара, чэленджы, якія яна ладзіць са сваім сынам, і чаму новае шоу будзе выходзіць па-расейску.

Заканамернае пытанне: чаго ты не любіш есці?

Ведаеш, я ўсёедная. Мой муж Марцін з мяне смяецца: калі мы ў рэстаране, я заўсёды замаўляю нешта новае. Не заўсёды гэта смакуе, але мне падабаецца каштаваць новае. А ён заўсёды бярэ тое, у чым упэўнены. Ды нават у дзяцінстве я не памятаю такой стравы, якой бы не ела. І я вельмі рана пачала гатаваць.

Акурат хацела спытаць, з чаго пачалося тваё захапленне кулінарыяй.

Гэта хіба што былі аладкі. Мы тады жылі ў Кіргізіі (бацька Аліны – вайсковец. – рэд.) і там прадавалася ў пакеціку печыва з лёгкага рысу, я разводзіла яго вадой і смажыла. Гэта была першая мая свядомая страва, якою я ўсіх частавала і вельмі ганарылася.

Можа гэта экзотыка неяк паспрыяла таму, што ты палюбіла гатаваць? Ты зусім маленькай туды трапіла?

Не, з 2 да 5 гадоў мы жылі ў ГДР, у Прэслаў і Ютэрборгу. Вайскоўцы тады атрымлівалі добрыя заробкі, але здаралася, што грошай да наступнага ўсё адно не хапала. У мяне заўсёды былі ашчаджэнні з кішэнных грошай, якія давалі бацькі. Памятаю, неяк у мамы скончыліся грошы, а трэба было нешта прыгатаваць. І тады я выцягнула некалькі сваіх марак. Мама ўсцешылася і кажа: «Схадзі ў краму і купі рысу». Я пайшла і купіла… ірыскі!

Аліна Коўшык на здымках праграмы «Я не буду гэта есці!». Фота Алены Судзьінай

Потым вы пераехалі ў Кіргізію…

… і гэта быў культурны шок пасля Нямеччыны, дзе было ўсё. У Кіргізіі людзі ўсцяж ездзілі на аслах і вярблюдах. Мы жылі ў паселішчы Рыбацкае на беразе Ісык-Куль – цудоўнага возера ў гарах, у якім салёная вада. Гэта быў курорт, і я вельмі хачу вярнуцца і паглядзець, яе ён выглядае цяпер.

Крамы тады былі пустыя. Гэта быў час, калі развальваўся Савецкі Саюз, і я вельмі добра памятаю путч па тэлевізары. Мама працавала лекарам, тата быў на службе, а я займалася выхаваннем малодшага брата Сашы. Сама хадзіла ў краму, дзе стаяла ў чэргах па хлеб і малако, і на кірмаш, які быў проста цудоўны. Адзін з найлепшых успамінаў – ляпёшкі, якія пяклі проста там, на месцы. Побач з намі была Ошская даліна, дзе вырошчвалі вінаград. На кірмашы ўсё прадавалася не на кілаграмы, а на вёдры, кошыкі ды скрынкі.

Удома вы гатавалі мясцовыя стравы ці беларускія?

У нас у сям’і з тых часоў засталіся дзве стравы, якія гатуе мама: лагман – густы суп з баранінай і макаронамі з вялікай колькасцю гародніны – і манты. Памятаю, найсмачнейшыя манты былі ў будцы на пляжы, яны былі памерам з кулак і вельмі сакавітыя.

Не было думкі звязаць з кулінарыяй кар’еру?

Мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся, – міжнародныя навіны (Аліна вядзе на «Белсаце» праграму «ПраСвет» – рэд.). А гатаванне – маё хобі. У мяне ў жыцці заўсёды быў такі падыход, што рэчы, каторыя мяне падпітваюць, мае захапленні я не хачу рабіць сваёй працай. Так было, напрыклад, з аргентынскім танга. Я магла б стаць трэнеркай, але вырашыла пакінуць гэта для душы. Я вельмі люблю гатаваць, але калі б гэта трэба было рабіць штодня, як Вольга і Аляксандр (вядоўцы тэлешоу «Я не буду гэта есці!» – рэд.), па шчырасці, я не ведаю, ці вытрымала б.

Аліна Коўшык частуе пончыкамі калегаў па «Белсаце» ў Тлусты чацвер перад пачаткам каталіцкага паста. Фота Аліны Коўшык

Але за кулінарную праграму ты ўзялася.

Ставарць кулінарнае шоў – гэта зусім іншае. Гэта вельмі творчая праца. Я люблю ажыццяўляць ідэі – ад першай думкі да прэм’еры. Заўсёды кажу, што гэта мае дзеці. Дарэчы, калі я была цяжарная сынам – стварала «Прасвет». На мінулым тыдні ў эфір выйшла 300-е выданне. Гэта для мяне сапраўднае свята, як дзень народзінаў.

Для душы ёсць яшчэ блог «1000 і 1 коўшык».

Я пачала яго весці, бо сябры і госці часта пыталіся: як ты зрабіла тую ці іншую страву? Таксама было шмат пытанняў, чаму блог па-беларуску. Маўляў, зрабі па-расейску ці па-ангельску, ну ты ж разумееш, будзе болей чытачоў. Але я хацела зрабіць файны блог пра фудкультуру менавіта па-беларуску, бо калі я пачынала, нічога такога не было.

Я стараюся не выкарыстоўваць інгрэдыенты, якія цяжка знайсці. Калі я жыла ў Беларусі, мяне заўсёды раздражнялі тэлешоу па расейскім тэлебачанні, у якіх прапагандавалі рэцэпты з труфелямі ды пармезанам. Дзе б я гэта ўзяла 10-15 год таму?! Я лічу, што трэба выкарыстоўваць мясцовыя прадукты.

Што небанальнага можна прыгатаваць з таго, што ў беларусаў заўсёды пад рукой?

Напрыклад, суп з крапівы – класная страва на вясну, калі не хапае вітамінаў. Адзінае, нельга збіраць крапіву пры дарозе. Трэба пашукаць у лесе ці на дачы. Або дзьмухаўцы, лісце якіх можна ўжываць замест салаты. Люблю суп-пюрэ з буракоў, яго вельмі проста рабіць.

Суп-пюрэ з буракоў. Фота 1000i1koushyk.blogspot.com

Шмат хто пытае, чаму «Я не буду гэта есці!» будзе выходзіць па-расейску.

Таму што мы робім яго сумесна з «Бі-бі-сі» і яго змогуць паказваць тэлеканалы Літвы, Латвіі. Эстонііі, Украіны і Расеі. Але калі вы ўбачыце праграму, то зразумееце, што гэта беларускае шоу з нашымі зоркамі ды стравамі.

Як атрымалася, што ты выдумала абсалютна новы фармат, якога нідзе ў свеце не было?

Гэта тэма, якой я жыву, таму пэўныя думкі з’яўляюцца. Мне не хацелася паўтараць тое, што ўжо ёсць. Дарэчы, у якасці рэжысёра з намі працуе Марэк Лямпрэхт (Marek Lamprecht). У Польшчы ён выпусціў восем сезонаў «Танцаў з зоркамі», 11 сезонаў «Must be the music», працаваў над першым сезонам «Top-shef» і «Hell’s Kitchen» і г.д. Думаю, не ў апошнюю чаргу ён прыняў маю прапанову па працаваць для «Белсату», бо ягоныя продкі паходзяць з Беларусі.

Ты сама глядзіш кулінарныя тэлешоу?

Я вельмі люблю Джэймі Олівера з ягоным падыходам да кухні, вельмі лёгкім. Асабліва ягоныя абеды «за 30 хвілін». Ён не робіць мішленаўскія стравы ў пяцізоркавых гатэлях, якія мала хто можа пакаштаваць. Гэта чалавек, які змяняе харчовыя звычкі ў Вялікай Брытаніі, у школах, сярод звычайных людзей. І гэта абсалютна неверагодна. Магчыма, гэта атрымаецца і ў нас.

Сын Аліны Коўшык Мікалай таксама любіць гатаваць. Фота Аліны Коўшык

Ты жывеш у Польшчы. Там людзі харчуюцца здаравей за беларусаў? Шмат хто з нашых суайчыннікаў харчовыя траўмы атрымаў у дзіцячым садку або ў школьнай сталоўцы. Як з гэтым у нашых суседзяў?

Калі я чытаю меню ў школе, яно падаецца не такім дрэнным. Праблема, мне падаецца, у хатнім харчаванні. Калі я параўноўваю, што я даю сыну з сабой у школу, і што іншыя даюць сваім дзецям…

А што ты даеш?

Напрыклад, бутэрброд з чорным хлебам, хумусам і гурком, яблык, арэхі. Яму таксама хочацца салодкага, бо ўсе знаёмыя ядуць, але ў нас гэта – выключэнне. Шмат дзяцей прыносяць у школу нашпікаваныя хіміяй круасаны з шакаладам, набытыя ў супермаркеце, якія не псуюцца месяцамі. Мы з Мікалаем пайшлі ў пякарню і набылі сапраўдныя круасаны. Самі зрабілі шакаладны крэм, гэта вельмі проста. І я кажу: а цяпер пакаштуй і параўнай, які смачнейшы. Мы часта робім такія чэленджы. І яму больш спадабаўся круасан з пякарні. Так я яго пераканала, што не трэба купляць слодычы, шкодныя для здароўя. Мяне вельмі раздражняе, калі людзі ідуць у госці і прыносяць дзецям салодкую хімію.

Я ведаю, што Марцін не гатуе, а Мікалая ты далучаеш да свайго хобі?

Ён мне дапамагае. Учора, напрыклад, пяклі з ім наліснікі. Мы таксама часта бавімся ў кулінарнага крытыка: ён каштуе мае стравы і ацэньвае. І трэба прызнаць, у яго вельмі добры густ. Ён цудоўна адрознівае пахі, смакі, нюансы.

Ён яшчэ не марыць стаць шэф-кухарам, калі вырасце?

Пакуль што ён, як амаль кожны хлопчык, марыць стаць футбалістам.

Смажаны вінаград у Тулузе. Фота Аліны Коўшык

Ты шмат падарожнічаеш і прывозіш новыя рэцэпты. Што было для цябе кулінарным адкрыццём?

Смажаны вінаград у Тулузе вельмі здзівіў. Непрыемным адкрыццём было мяса алігатара, якое я пакаштавала ў Злучаных Штатах. Я вырашыла замовіць, бо мне было цікава. Але мне было непрыемна яго есці.

Шкада алігатара?

Хіба што так. Я ўвогуле рэдка ем мяса. Але апошнім разам у Францыі зайшла ў мясную краму, дзе мне параілі цудоўныя паштэты, да якіх я набыла багетку і бутэльку віна. Мне вельмі шкада, што ў Беларусі няма такіх месцаў, дзе людзі працуюць пакаленнямі і вельмі добра ведаюць, што яны прадаюць. Дзе памятаюць сваіх кліентаў у твар.

Гутарыла Інга Астраўцова

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на nebudu.belsat.eu, а таксама: «ВКонтакте», на Facebook, у «Одноклассниках» и в Instagram.

Стужка навінаў