Лукашэнка вызваліў з пасадаў двух міністраў за непрыняцце належных антыкарупцыйных захадаў


Кіраўнік Беларусі звольніў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамных арганізацыях, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Сітуацыю пракаментавала кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава. Яна адзначыла, што «любы такі факт наносіць непапраўную шкоду іміджу ўлады і грамадскім адносінам у дзяржаве».

«Да кіраўнікоў, у падведамных арганізацыях якіх будуць устаноўленыя падобныя факты, будуць прымацца самыя жорсткія, але справядлівыя меры, уключаючы вызваленне ад займаных пасадаў», – падкрэсліла Качанава.

Летась у Беларусі зафіксавалі 1922 выпадкі хабарніцтва. Гэта ў паўтара разу больш, чымся годам раней. А ў 2016-ым Міністэрства ўнутраных справаў таксама адзначыла рост карупцыйных злачынстваў на 12,8 %.

Летась паводле абвінавачання ў атрыманні хабару затрымалі цэлы шэраг буйных беларускіх чыноўнікаў. Сярод іх – намеснік генеральнага дырэктара заводу «БелАЗ», начальнік транспартавай інспекцыі Мінсктрансу, былы старшыня Салігорскага райвыканкаму, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі з Менскай, Віцебскай і Магілёўскай вобласцяў.

Аўтар антыкарупцыйнага дакладу Сяргей Антончык кажа, што карупцыя патрэбная Лукашэнку.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў