Прэс-сакратар БПЦ: Бог адзін, а мітрапаліт Павел не меў на ўвазе канкрэтную рэлігійную супольнасць


«Іншы бог» – гэта была метафара, якую кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ўжыў, маючы на мэце абараніць праваслаўных, якія ходзяць у касцёл, ад падазрэнняў ва «уніятызме», адзначае прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Сяргей Лепін.

«Пісанне кажа: «Адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне» (Эф. 4: 5). Канешне, Бог – адзін, і ні ў кога няма свайго ўласнага, асабістага кішэннага «бога»: ні ў праваслаўных, ні ў каталікоў, ні ў каго-небудзь яшчэ. Само пытанне, якое было заданае ўладыку экзарху, задавалася і яму, і мне неаднойчы і нярэдка змяшчала непрыхаванае абурэнне і рыгарыстычнае падазрэнне ў «таемнай уніі», – кажа святар.

Вялікі розгалас у беларускім інтэрнэце і СМІ выклікалі заявы мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха Усёй Беларусі, якія прагучалі ў эфіры тэлеканала Беларусь 1 напрыканцы студзеня.

«Задача ўніятаў – сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаеце», – сказаў тады мітрапаліт.

Единство во Христе или… провокация?

Единство во Христе или… провокация?

Opublikowany przez Партал Царква Niedziela, 28 stycznia 2018

Уніятамі звычайна называюць грэка-каталікоў, каталіцкіх святароў, манахаў і свецкіх вернікаў, якія захоўваюць усходні (грэцкі, праваслаўны) абрад, застаючыся ў еднасці з Рымскім пасадам.

З боку праваслаўных радыкалаў і шавіністаў у Расеі абвінавачванні ў прыхільнасці да каталіцтва – філакаталіцызме– даўно гучалі ў бок беларускіх праваслаўных іерархаў. Гэтак, філакатолікам называлі ў Расеі яшчэ мітрапаліта Філарэта, папярэдніка мітрапаліта Паўла.

Уніяты і ўніятызм – розныя рэчы

А. Сяргей Лепін удакладняе, што мітрапаліт Павел не казаў пра канкрэтную рэлігійную супольнасць, напрыклад, грэка-каталіцкую.

«Непасрэдна пра грэка-католікаў размова не ішла, была размова не пра пэўную рэлігійную групу, а хутчэй пра дух уніятызму», – гаворыць ён.

Пад палітыкай уніятызму Гаванская дэкларацыя, якую падпісалі Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Расейскай Праваслаўнай Царквы Кірыл у 2016 годзе, маецца на ўвазе перавод парафіі ці супольнасці вернікаў у іншую Царкву шляхам яе адрыва ад уласнай Царквы.

Львоўскі сабор 1946 г. фота http://photo-lviv.in.ua

Гэтая палітыка, якую асудзілі іерархі, можа праводзіцца прадстаўнікамі любой рэлігійнай супольнасці. У прыватнасці гэтак можна назваць і праведзены камуністамі ў 1946 годзе »Львоўскі сабор«, на якім была ўключана ў РПЦ і знішчаная Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, лічыць айцец Сяргей.

«Менавіта таму ўладыка Павел і перайшоў на абарончую рыторыку і зрабіў усё, каб ніхто не падумаў, што гутарка ідзе аб уніі, аб тым, што хтосьці пераманьвае праваслаўных у каталіцтва грэцкага абраду, і што мы, праваслаўнае духавенства, гэтаму спрыяем. І асабіста я мяркую, зрабіць гэта трэба было ў тым ліку і таму, каб вывесці з падазрэння ў празелітызме айца-ксяндза, які кіраваўся ў сваіх дзеяннях, як мне падаецца, выключна добрасуседскімі матывамі», – сказаў прэс-сакратар БПЦ.

«Уласны бог» – метафара

«Мы лічым гэтую палітыку [уніятызм – belsat.eu] грахом, які толькі павялічвае адлегласць паміж праваслаўнымі і католікамі. Усё гэта і дало падставу для метафары, у якой мітрапаліт зазначыў, што ў тых, хто навязвае ўніяцкі сцэнар у праваслаўна-каталіцкім узаемадзеянні, «свой бог» – свае інтарэсы, мэты, задачы, рэалізацыя якіх перашкаджае развіццю канфесійнага міру, – каментуе словы экзарха айцец Сяргей Лепін.

Кіраўнік БПЦ у тэлесюжэце падкрэсліваў, што няма нічога ненармальнага ў тым, што праваслаўныя моляцца ў каталіцкім касцёле: «Праваслаўныя застаюцца праваслаўнымі. Так, у гэтым будынку, у гэтым памяшканні моляцца праваслаўныя. А ў іншы час прыходзяць католікі. Таму нічога страшнага ў гэтым няма».

Гаванская дэкларацыя падкрэслівала, што праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і ўзаемна прыймальных формах суіснавання.

Абгрунтоўваючы прынцыповую магчымасць малітвы праваслаўных у каталіцкіх храмах (няхай і ў якасці выключнай меры) мітрапаліт спаслаўся на практыку, якая ўсталявалася ў Заходняй Еўропе: так, сапраўды, праваслаўныя на розных умовах атрымліваюць там каталіцкія і пратэстанцкія храмы ў карыстанне, заўважыў святар.

Бог – адзіны, Цэрквы – розныя

Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначае, што аб’ектыўна склаліся розныя хрысціянскія супольнасці з рознымі дагматамі і абрадамі, і гэты факт сумны.

«На жаль, з прычыны дагматычных рознагалоссяў паміж праваслаўнымі і католікамі (а ўніяты, пра якіх ішла гутарка ў рэпартажы, – гэта католікі) існуе раздзяленне, якое цягнецца каранямі ў тысячагадовую гісторыю. Мы не адзіныя ў таінствах і некаторых дагматах», – сказаў а.Сяргей Лепін.

«Мы спадзяемся, што міжканфесійныя ўзаемаадносіны ў нашай краіне будуць развівацца ў пазітыўным рэчышчы, і мы ўсе працягнем аб’ядноўваць нашы намаганні для сведчання аб евангеллі Хрыстовым у тых сферах, дзе такое аб’яднанне магчыма і неабходна», – рэзюмаваў прадстаўнік БПЦ.

Андрэй Кміціц, belsat.eu

Стужка навінаў