Макей пра спрашчэнне візавага рэжыму з ЕЗ: Рана ці позна здымем усе пытанні


Пагадненне паміж Беларуссю і ЕЗ аб ​​спрашчэнні візавага рэжыму ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі абмеркавання, але беларускі бок спадзяецца, што ў хуткім часе ўсе пытанні, якія замінаюць падпісаць пагадненне, будуць вырашаны.

Пра гэта падчас сустрэчы з еўракамісарам Йаганесам Ханам у Менску заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.

«Мы абмяркоўвалі пытанні аб рэадмісіі. У нас засталося некалькі момантаў, і я перакананы, што мы знойдзем вырашэнне тых пытанняў, якія пакуль застаюцца на парадку дня. Але па меры далейшага развіцця нашых адносін мы прыйдзем да рэалізацыі пагадненняў. Сёння беларусы лідзіруюць па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў.

Рана ці позна мы здымем астатнія пытанні з парадку дня. Акрамя таго, мы і надалей гатовыя вырашаць пытанні лібералізацыі візавых адносін паміж Беларуссю і іншымі краінамі», – цытуе Макея TUT.BY.

Макей таксама падкрэсліў, што ў двухбаковых адносінах ёсць шэраг «адчувальных пытанняў у сферы правоў чалавека і развіцця дэмакратычных працэсаў у нашым рэгіёне», але пытанні гэтыя пастаянна абмяркоўваюцца.

Перамовы па дамове з ЕЗ аб ​​спрашчэнні візавага рэжыму ідуць ужо не першы год. Два тыдні таму пасля нарады ў прэзідэнта кіраўнік МЗС Уладзімір Макей сказаў, што «гэтыя пагадненні практычна знаходзяцца ў завяршальнай стадыі, але застаецца яшчэ некалькі палажэнняў, якія нам неабходна дадаткова абмеркаваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі».

Пасля падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі беларусы змогуць разлічваць на таннейшыя шэнгенскія візы – 35 еўра замест 60.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў