Лакальныя канфлікты і бітва за Арктыку. Дзе збіраецца ваяваць Расея (мяркуючы па закупках зброі)


Цягам 10 гадоў нашыя ўсходнія суседзі збіраюцца выдаць на ўзбраенні каля $ 370 млрд.

З’явіўся выніковы варыянт дзяржаўнай праграмы ўзбраенняў расейскіх Узброеных сілаў на 2018-2027 гг. Праграма атрымалася меншай, чым папярэдняя, перш за ўсё з-за крызісу сучаснай расейскай эканамічнай і палітычнай мадэлі.

Расейскія жаўнеры ў новых варыянтах баявога рыштунку. Фота – wikipedia.org

Уладзімер Пуцін можа ўжо на гэтым тыдні падпісаць дакумент, згодна з якім плануецца аддаць каля 22 трлн расейскіх рублёў (блізка да $ 370 млрд) на распрацоўку і набыццё новых узораў тэхнікі, рыштунку і зброі. Пры гэтым асаблівымі прыярытэтамі праграмы будуць ядравыя сілы стрымлівання, сухапутныя войскі і высокадакладныя ўзбраенні, піша «КоммерсантЪ».

Вайна за грошы на вайну

На фоне эканамічнага крызісу, які чакаў расейскую эканоміку яшчэ да падзеяў у Украіне, падзення коштаў на нафту і заходніх санкцыяў, барацьба за аб’ём будучага фінансавання арміі пачалася як мінімум у 2016 годзе.

Тады расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу патрабаваў на зброю 22 трлн расейскіх рублёў, а міністр фінансаў Антон Сілуанаў казаў толькі пра 12 трлн.

Зараз дзейнічае ДПУ-2020, якая была ўжо скарочаная з 36 трлн рублёў да 23 трлн. У 2014 годзе расейскія вайскоўцы заяўлялі, што ім спатрэбяцца на тую ж праграму ажно 30 трлн.

Адзначым, што тады абмяркоўвалася праграма да 2025 году, а сучасны яе варыянт працягнуты да 2027 году – то бок, пры фармальна прыкладна той жа колькасці грошаў, яны расцягнутыя з сямі да дзевяці гадоў.

Такім чынам фінансісты, звяртаючы ўвагу на тое, што ў сучасных рэаліях дзяржаўны бюджэт не вытрымае такога цяжару, у тым ліку ў сферы выканання сацыяльных абавязкаў, дамагліся змяншэння апетытаў вайскоўцаў прыблізна на 25–30 %.

Мінабароны спасылалася на немагчымасць ва ўмовах скарочанага фінансавання выканаць пуцінскі ўказ, згодна з якім да 2020 года расейская армія павінная на 70 % пераўзброіцца сучаснай тэхнікай.

Вайна за Палярным колам

Дзяржаўная праграма ўзбраення 2018–2027 гады ўключае 19 трлн рублёў для Мінабароны Расеі, і яшчэ 3 трлн для іншых расейскіх сілавых структураў – МУС, Федэральнай службы бяспекі, Службы вонкавай выведкі і Расгвардыі (створаная на базе ўнутраных войскаў і спецпадраздзяленняў МУС).

Яшчэ адзін трыльён рублёў вайскоўцы атрымаюць на стварэнне «сістэмы сінхранізацыі» – будаўніцтва інфраструктуры для размяшчэння ўзбраенняў і тэхнікі.

Магчыма, у гэтую суму часткова трапляюць 780 млн расейскіх рублёў, якія закладзеныя ў праект праграмы ўдасканалення аб’ектаў беларуска-расейскай вайсковай інфраструктуры на 2017–2020 год.

БМП «Курганец-25» падчас параду на Краснай плошчы ў Маскве. Фота – wikipedia.org

Крыніцы газеты «КоммерсантЪ» падаюць, што новая праграма ўзбраення будзе адрознівацца большымі выдаткамі на сілы агульнага прызначэння: то бок, найперш войскі, якія не прызначаныя для выкарыстання зброі масавага знішчэння. Гэта сухапутныя войскі, тактычная авіяцыі і флот (без атамных падводных лодак з балістычнымі ракетамі).

Такім чынам Масква, пасля таго, як папярэдняя праграма адносна больш увагі надавала ракетным войскам стратэгічнага прызначэння, павялічвае выдаткі на сілы, якія могуць спатрэбіцца ў абмежаваных і лакальных войнах.

Войскі павінныя масава атрымаць сістэмы супрацьпаветранай абароны, танкі Т-90 і Т-14 «Армата», баявыя машыны пяхоты «Курганец-25» і бронетранспарцёры «Бумеранг», паказаныя на парадах яшчэ ў 2015-м.

Таксама ў межах канцэпцыі, згодна з якой адным з галоўных тэатраў будучых баявых дзеянняў будзе Арктыка, працягнецца разбудова інфраструктуры і адаптацыя тэхнікі для дзеянняў за Палярным колам.

Ракеты, авіяцыя і флот

Акрамя сіл агульнага прызначэння грошы пойдуць на распрацоўку высокадакладных узбраенняў, у тым ліку гіпергукавых ракет, магчыма, лазерную зброю.

Плануецца купляць крылатыя ракеты паветранага базавання, міжкантынентальныя балістычныя ракеты падводных лодак і наземнага базавання. У 2018–2027 гадах расейскія вайскоўцы хочуць прыняць на ўзбраенне ракетныя комплексы РС-26 «Рубеж» і РС-28 «Сармат».

Будучы Су-57 на авіясалоне МАКС-2011. Фота – wikipedia.org

Авіяцыя будзе працягваць пакупкі шматфункцыянальных знішчальнікаў Су-30СМ, Су-35, франтавых бамбавальнікаў Су-34 (усе гэтыя машыны паваявалі ў Сірыі). Нарэшце, плануецца першая пакупка расейскай спробы дагнаць амерыканскія «стэлсы» – знішчальніка Су-57. Таксама могуць набыць знішчальнікі МіГ-35 і стратэгічныя ракетаносцы Ту-160М2. У той жа час будуць набываць менш верталётаў.

Праграму ўзбраення на 2018–2027 год Расея можа прыняць 22 снежня, калі Уладзімер Пуцін будзе асабіста прысутнічаць на калегіі Мінабароны.

Флот атрымае грошы на распрацоўку і пабудову новых караблёў і падводных лодак, мадэрнізацыю марской авіяцыі і ракет. Аднак аніводнага авіяносца, пра пабудову якіх шлі размовы пасля пачатку расейскай аперацыі ў Сірыі, гэтак і не плануецца пабудаваць.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў