Адменяць шэраг ільготаў, бізнес прыме асноўны ўдар


Як будзем жыць налета? Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным у Маскве шэраг пытанняў і, вярнуўшыся на радзіму, падпісаў нарэшце законапраект аб бюджэце.

Сёння Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб бюджэце ў першым чытанні. Цяпер ён накіруецца ў Савет Рэспублікі і затым – на подпіс прэзідэнту. Непасрэдна перад сённяшнім разглядам бюджэту ў Палаце прадстаўнікоў, чалец сталай парламенцкай камісіі па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня распавёў «Белсату», з якіх параметраў зыходзяць улады ў сваіх планах.

«Інфляцыю – 12 %, курс долара – 18 800, заробкаў росту вялікага – не, ВУП 100 і 3 дзясятых адсотка», – зазначае Валерый Барадзеня, чалец бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Што да кошту нафты, то, паводле Валерыя Барадзені, падобныя параметры закладзеныя і ў ягоных расейскіх калегаў – дэпутатаў Дзяржаўнай думы. Незалежныя эксперты, аднак, лічаць іх нерэалістычнымі – перадусім не вераць, што дэвальвацыя і эканамічны спад налета спыняцца.

«Нам у наступным годзе трэба выплаціць шмат даўгоў. Калі дэвальвацыя працягнецца, грошай не хопіць на выплатку вонкавых пазыкаў. Грошы будуць забіраць у іншых» – тлумачыць Уладзімір Кавалкін, праект «Кошт Ураду»

Прадстаўнік бюджэтнай камісіі прызнае, што з-за неспрыяльнай эканамічнай кан’юнктуры выдаткі на інвестыцыі ў асноўны капітал, а гэта – будаўніцтва і рамонт дамоў і заводаў – ужо падпалі пад скарачэнне. Апрача таго, плануецца скараціць выдаткі на дзяржаўнае кіраванне і скасаваць шэраг не вызначальных, паводле яго, ільготаў.

«Будзе адмененая ільгота па падатку на дададзеную вартасць для тых арганізацый, што пастаўляюць газ для фізічных асобаў. Гэта прывядзе да невялікага здаражэння гэтага газу для спажыўцоў» – мяркуе Валерый Барадзеня, чалец бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Пры гэтым, спадар Барадзеня сцвярджае, што агулам рост кошту паслугаў ЖКГ за наступны год не мусіць істотна перавысіць эквівалент 5 долараў ЗША.

«Калі нашыя ўлады не збіраюцца павялічваць тарыфы на ЖКГ, і прыводзіць іх да 100%, гэта значыць, што ўлады не спадзяюцца на атрыманне крэдыту ад міжнародных крэдытораў. Бо гэта будзе адной з асноўных умоваў, апрычы структурных рэформаў, на якія ўлады не ідуць гадоў 20, атрымання гэтага крэдыту», – дадае Уладзімір Кавалкін, праект «Кошт Ураду».

Выдаткі на медыцыну плануецца праіндэксаваць на інфляцыю, вайсковы бюджэт – павялічыць, з-за удаванай пагрозы з поўдня. Адзін з самых істотных артыкулаў скарачэння – субсідыі дзяржаўным прадпрыемствам.

«Ёсць нейкія распрацоўкі – як змяншаць дапамогу рэальнаму сектару. Усё ж такі ісці ў кірунку ў тым ліку і скарачэння колькасці неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў», – падсумоўвае Валерый Барадзеня, чалец бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін з неабходнасцю такога кроку пагаджаецца, але спадзяванні ўладаў, што на змену дзяржаўным інвестыцыям прыйдуць прыватныя замежныя, выклікаюць у яго скептыцызм. Бо, паводле яго, малы і сярэдні бізнес, які мае стаць новым рухавіком айчыннай эканомікі, прыме на сябе налета асноўны цяжар павелічэння падаткаў.

Ці вытрымае рэальны сектар змяншэнне дзяржаўных субсідыяў? Гэта будзе залежаць ад палітыкі ўладаў у справе паляпшэння інвестыцыйнага і прававога клімату і, як вынік, залучэння замежных інвестыцыяў.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат

Стужка навінаў