У Беларусі ўпершыню сфармаваны гвардзейскі зенітны ракетны полк


На аэрадроме ў Баранавічах 1 снежня адбылася ўрачыстая цырымонія адраджэння гвардзейскага 1146-га зенітнага ракетнага палка, які вядзе сваю гісторыю ад жніўня 1941 года. Вайскоўцы кажуць, што ўпершыню ў Беларусі створаны «адзіны зенітны ракетны кулак».

«Упершыню ў гісторыі Беларусі мы сфармавалі гвардзейскі зенітны ракетны полк. Ён будзе мабільным. Яго прызначэнне – выканаць пастаўленыя задачы па супрацьпаветранай абароне ў зададзеным раёне. Упэўнены, што цяперашнія жаўнеры-гвардзейцы стануць дастойнымі пераемнікамі традыцый, якія закладзены іх папярэднікамі», – падкрэсліў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Ігар Голуб.

Адроджаны полк першым у краіне ўзброены зенітным ракетным комплексам СПА «Тор-М2», здольным змагацца з балістычнымі паветранымі мэтамі і крылатымі ракетамі на розных вышынях.

«У полк набраныя навучаныя спецыялісты для працы з новым узбраеннем, якія гатовыя да выканання баявых задач», – адзначыў камандзір гвардзейскага 1146-га зенітнага ракетнага палка Дзяніс Зык.

Па словах камандуючага ВПС і СПА, стварэнне новага палка выклікана неабходнасцю.

«Разрозненыя батарэі, якія да гэтага ўваходзілі ў зенітныя ракетныя палкі і былі ўзброены іншымі зенітнымі ракетнымі комплексамі, не цалкам выконвалі функцыянальныя задачы, якія на іх ускладзеныя, і рэалізоўвалі баявы патэнцыял. Пытанне было прапрацавана, прынята рашэнне аб стварэнні адзінага зенітнага ракетнага кулака, які надзейна будзе прыкрываць прызначаныя раёны», – растлумачыў Ігар Голуб.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў