У праграме НТВ Лукашэнку назвалі «гуляшчай жонкай», «прастытуткай» і абвінавацілі ў шантажы


Дыскусію пра Беларусь глядзіце ад 31:04

28 лістапада ў эфір НТВ выйшла палітычнае шоу «Место встречи», у якой вядоўцы Вольга Бялова і Андрэй Норкін прапанавалі гасцям студыі падыскутаваць пра стасункі Расеі з суседнімі краінамі. Выпуск называўся «Если друг оказался вдруг?» і прысвячаўся дачыненням Масквы з Арменіяй, Украінай, Малдовай і вядома Беларуссю.

Ад нашай краіны паўдзельнічаць у праграме запрасілі Андрэя Дзмітрыева.

Ад самага пачатку дыскусіі не атрымалася. Вядоўцы пастаянна перабівалі сваіх суразмоўцаў, калі ім не пасавала тое, што яны гавораць.

Дзмітрыеву літаральна не далі скончыць аніводнага сказу

Бялова і Норкін вялі сябе даволі агрэсіўна, увесь час атакавалі іншых. Не раз яны выказвалі прэтэнзіі да кіраўніка Беларусі за інтэграцыю з Еўропай, за бязвіз, бо «не спыталі ў Расеі». У тым Бялова некалькі разоў паўтарыла, што Лукашэнка вядзе сябе як «гуляшчая жонка», а пазней у размове сказала: гэта нават не жонка, а «найстаражытнейшая» (відаць, гаворка пра прафесію – прастытуцыю – заўвага belsat.eu). Вядоўца таксама адзначыла, што Лукашэнка фліртуе з Еўропай, а пасля «выстаўляе рахунак Маскве».

«Еўропа даўно паклала вока на Беларусь, але пакуль заманіць у свае абдымкі не вельмі атрымліваецца. Але падрыўная праца там вядзецца», – адно з антыбеларускіх выказванняў Бяловай.

Абмеркаванне Беларусі вызвала хвалю гучных воклічаў у студыі. Магчымасць пракаментаваць сітуацыю ў дачыненнях суседак далі некалькім палітолагам і экспертам.

«Беларусь – гэта тая жонка, якая 25 гадоў цягне з нас грошы. Налева не ходзіць, але па некалькі мільярдаў у год шляхам шантажу атрымлівае. Беларусь шантажуе, што збяжыць, але не збягае, бо ў Еўропе Лукашэнка нікому не патрэбны. Гэта раздражняе нашую грамадскасць», – сказаў адзін з гасцей.

«Дык хай армянская, украінская і беларуская жонкі ідуць лесам», – адказала Бялова.

«Расце перакананне, што мы не можам спадзявацца на Беларусь. З таго часу, як ён (Лукашэнка – заўвага belsat.eu) пачаў заігрываць нават не з Парашэнкам, а яшчэ з Турчынавым. Адзінае, што радуе, што Лукашэнка ў Еўропе персона нон грата», – кажа яшчэ адзін запрошаны госць.

Пасля гэтага ў дыскусію ўключыўся Андрэй Дзмітрыеў. Ён падкрэсліў, што развіццё дачыненняў з Еўропай – гэта нацыянальны інтарэс Беларусі.

«І гэта ніяк не супярэчыць другому нацыянальнаму інтарэсу – нармальным дачыненням з Расеяй. Пакуль Расея вось так дазваляе апашляць дачыненні з Беларуссю і глядзець на яе, як на брата, сястру, а не як на дачыненні незалежных партнёраў, нармальнай палітыкі не будзе», – сказаў ён.

«Беларусы панічна баяцца любога канфлікту побач з сабою, і робяць усё, каб гэтага канфлікту не было. Мы бачым пагрозу ад агульнай эскалацыі, якая ёсць у рэгіёне. Мы хочам, каб НАТО не ставіла да нашых межаў свае войскі, гэта не ў нашых інтарэсах. Мы хочам, каб усе супакоіліся», – працягваў ён.

Але Бялова не дала яму дагаварыць, назваўшы ягоныя словы «прэтэнзіямі»

Публіка таксама вельмі рэзка рэагавала на рэплікі Дзмітрыева.

Калі Дзмітрыеў пачаў казаць пра незалежнасць Беларусі, іншы суразмоўца яго перабіў: «Беларусь нават фармальна наш галоўны саюзнік. Мы – саюзная дзяржава. Мы адзінае цэлае, і нам хочацца, каб яно было адзіным».

Довады Дзмітрыева, што гэта не адзінае цэлае, слухаць ніхто не хацеў.

Тады Бялова адзначыла, што «ўва Украіне таксама пачалося з таго, што яны адмаўлялі адзінасць народу».

Адзін з гасцей, палітолаг Андрэй Акара, заўважыў, што пасля гэтай праграмы стасунак да Расеі можа вельмі пагоршыцца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў