Нафта, зброя, шмат даўгоў. Разбіраемся, што стаіць за абяцаннямі Лукашэнкі «пакласці ўсё на чашу поспеху Венесуэлы»


Падчас сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Венесуэлы Рыкарда Менендэсам кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка анансаваў паглыбленне супрацоўніцтва з гэтай лацінаамерыканскай краінай і «новую старонку» у двухбаковых стасунках. Аднак ніякай канкрэтыкі наконт сферы супрацоўніцтва і новых сумесных планаў беларускі бок сёння не агучыў. Што можа хавацца за загадкавай рыторыкай Лукашэнкі, разбірае belsat.eu.

Анамнэз сяброўства

Першая дамова паміж афіцыйным Менскам і Каракасам была падпісаная яшчэ дваццаць год таму, аднак беларуская амбасада з’явілася там толькі ў 2007-м, пасля сустрэчы Лукашэнкі з тагачасным венесуэльскім лідарам Уга Чавесам. Адносіны з Чавесам склаліся цёплыя: дзякуючы «сябру Уга» таваразварот усяго за два гады перажыў рэзкі рост – замест ранейшых 6 млн долараў беларускія пастаўкі склалі 173, 1 млн.

Гандлявалі тэхнікай вытворчасці МАЗ: трактарамі, грузавікамі, самазваламі і запчасткамі да іх. У Венесуэлу ішлі беларускія калійныя ўгнаенні, сухое малако, а беларусы ехалі працаваць на сумесныя прадпрыемствы – зборачны цэх СП «Мазвен», «VeneMinsk Tractores» і «Maquinarias Barinas». Акрамя таго, дзяржаўная кампанія «Белзамежбуд» занялася будаўніцтвам жылых дамоў у Каракасе.

У склад адмысловай беларуска-венесуэльскай камісіі увайшоў даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, які ў сярэдзіне двухтысячных узначальваў Савет бяспекі. Імаверна, менавіта ён адказваў за самыя «далікатныя» аспекты гандлю.

Віктар Шэйман і Уга Чавес, фота Reuters

Не толькі МАЗы

У 2006 годзе ЗША афіцыйна спынілі пастаўкі любой зброі ў Венесуэлу, заклапочаныя камуністычнай рыторыкай Уга Чавеса. Аб’яднаныя блізкай ідэалогіяй, Лукашэнка і Чавес перыядычна абмаўляюцца ў публічнай прасторы пра небяспеку «амерыканскага імперыялізму».

У снежні 2007-га Лукашэнка ляціць у Каракас, дзе бакі падпісваюць дамову аб стварэнні ў Венесуэле адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы. Беларусь накіроўвае туды сваіх ваенных дарадцаў. Але гэта не ўсё.

Сусветныя СМІ з цяжкасцю атрымліваюць звесткі пра дэталі гандлю зброяй, пра якія маўчаць высокапастаўленыя асобы.

У 2008 годзе іспанскае выданне «El Pais» публікуе дакументы (перапіску) з кампутара Рауля Рэеса – аднаго з лідараў групоўкі калумбійскіх марксісцкіх паўстанцаў.

«Анёл» абмеркаваў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак зброі …; Наш беларускі сябар працягвае працу над шляхамі вырашэння праблемы праз пастаўкі на чорным рынку …; Дэлегацыя ад першага прыбудзе ў Каракас 17 лютага …; «Анёл» папрасіў, каб мы былі там і дамовіліся з дэлегацыяй асабіста», – пісаў нехта Іван Маркес Раулю Рэесу.

Паводле інфармацыі «El Pais», «Анёл» – гэта прэзідэнт Уга Чавес, беларускі сябар – Віктар Шэйман. А ўдзельнікі апублікаванай перапіскі – лідары «FARC» – радыкальнай групоўкі калумбійскіх марксісцкіх паўстанцаў.

Натуральна, за такую рызыку Менск не ўпускаў магчымасці атрымаць ад Каракаса свае бонусы. Галоўным чынам – нафту па зніжаных у параўнанні з рынкавымі коштах.

У 2011 годзе Лукашэнка і Чавес дамаўляюцца, што Венесуэла будзе пастаўляць да 10 млн тон сырой нафты ў год на рэгулярнай аснове цягам трох гадоў.

Беларуска-венесуэльскі дыялог квітнеў усцяж да смерці «сябра Уга» у 2013 годзе.

байцы FARC, фота AFP

Жалеза за даўгі: Менск выстаўляе рахунак

Пасля смерці Чавеса паспяховай «нафтавай» дамовы заключыць з Венесуэлай ужо не ўдаецца. Праз некалькі гадоў, калі ў Венесуэле разгараецца эканамічны і палітычны крызіс, Менск нагадвае партнерам пра запазычанасць па выплатах за пастаўленую прадукцыю МАЗ і МТЗ.

Паводле дадзеных Naviny.by, сёлета пастаўкі тэхнікі былі спыненыя ў сувязі з доўгам, які склаў сотні мільёнаў долараў.

У кастрычніку новы прэзідэнт Нікаляс Мадура наведвае Менск і бакі дамаўляюцца, што ўзамен машынакамплектаў, Венесуэла паставіць Беларусі гарачабрэкетаванае жалеза. Першае судна з жалезнымі зліткамі нацыяналізаванай кампаніі Briquetera del Orinoco выправілася ў Беларусь напачатку лістапада.

Паседжанне беларуска-венесуэльскай камісіі, 27 лістапада 2017, фота з Twitter Рыкарда Менендэса

«У нас ёсць тое вострае, у чым вы маеце патрэбу»

28 лістапада БелТА працытавала словы Лукашэнкі, адрасаваныя віцэ-прэзідэнту Венесуэлы Рыкарда Менендэсу:

«Сёння ў нас ёсць тое, што трэба вам. У поўным аб’ёме. Тое вострае, у чым вы маеце патрэбу. У вас ёсць тое, што трэба нам. І мы нават на гэтым можам нешта зарабіць. Думаю, гэта трэба пакласці ў аснову нашых дамоўленасцяў».

Ён падкрэсліў, што «гатовы пакласці ўсё, што можа, на чашу поспеху Венесуэлы».

Лукашэнка таксама заявіў, што збіраецца наведаць Венесуэлу неўзабаве.

«Ужо ў бліжэйшы час у 2018 годзе падчас майго візіту ў Венесуэлу мы зможам значна рушыць наперад у нашых адносінах. І не толькі зацвердзіць гэтую дарожную карту – мы яе пачнем ужо рэалізоўваць».

Але што канкрэтна ўваходзіць у «дарожную карту» – план сумесных мерапрыемстваў, Лукашэнка не патлумачыў.

Вядучае венесуэльскае выданне «Ultimas Noticias» напярэдадні піша, што супрацоўніцтва плануецца ў межах «Plan Patria 2030» – па сутнасці, новай дзяржпраграмы ўрада Мадура па пабудове сацыялізму.

Паводле інфармацыі выдання, кааперацыя ўключыць у сябе 6 накірункаў: энэргетычны, сельскагаспадарчы, прамысловы, фінансавы, гандлёвы, а таксама ваенны. Падрабязнасцяў датычна апошняга ў мясцовых медыях не знайсці – усе публікацыі праходзяць ідэалагічны кантроль.

Дык што на сённяшні дзень можа прапанаваць Беларусь Венесуэле і наадварот? Адказ на гэтае пытанне мы шукалі разам з экспертам Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Юрыем Царыкам.

Юры Царык

«Нафта ў абмен на пацалункі» і падтрымка Мадура на міжнароднай арэне

«Відавочна, Венесуэла, якая знаходзіцца ў стане, блізкім да грамадзянскай вайны, мае патрэбу ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, як у частцы паставак «жалеза» і «начынкі», гэтак і ў падрыхтоўцы атрадаў спецыяльнага прызначэння. Пудзіла «амерыканскага імперыялізму» як фактар кансалідацыі венесуэльскага грамадства ніхто не адмяняў», – мяркуе Юры Царык.

Эксперт адзначае: цалкам верагодна, што Венесуэла будзе расплочвацца за гэтыя пастаўкі нафтай па коштах значна ніжэйшых за рынкавыя.

«Венесуэла знаходзіцца пад вялізарным уплывам Расеі, асабліва дзяржаўнай карпарацыі «Роснефть», якая ўклала туды некалькі мільёнаў долараў. Можна дапусціць, што дамоўленасць «пастаўкі з Беларусі ў абмен на венесуэльскую нафту» абмяркоўваліся і з Расеяй».

У знешнепалітычным сэнсе «рэнесанс» двухбаковага гандлю і будучы асабісты візіт Лукашэнкі ў Каракас эксперт тлумачыць наступным чынам:

«Гэта, у пэўным сэнсе, манёўр у стылі «нафта ў абмен на пацалункі». Мадура мае праблемы з легітымнасцю, яму патрэбна любая падтрымка на міжнароднай арэне і Лукашэнка гатовы яе аказаць, але за плату ў выглядзе нафты».

«З пункту ж гледжання ўнутранай палітыкі, «адраджэнне» актыўнасці на венесуэльскім напрамку адлюстроўвае ўмацаванне пазіцый Віктара Шэймана. Дадзены трэнд можна заўважыць і па публічных з’яўленнях чыноўніка ў апошнія тыдні», – адзначыў Юры Царык.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў