«Мяне дадому не пусцяць». Някляеў папрасіў прыз у арганізатараў Кубку Фралова – і яму далі


У Менску прайшоў 1-ы турнір па стральбе імя генерала Фралова на прызы «БелГазеты». Найлепшым у стральбе з аўтамату аказаўся журналіст «Белсату».

Турнір па стральбе памяці Валера Фралова з нагоды трэцяй гадавіны з дня смерці вайскоўца і палітыка зарганізавалі нашыя калегі з «БелГазеты». Паводле Кірыла Жываловіча, намесніка галоўнага рэдактара выдання, у ціры ўдалося сабраць 20 чалавек.

Першым прыйшоў Рыгор Кастусёў, які адразу сказаў, што прэтэндуе на перамогу. Слова сваё стрымаў, – кажа Жываловіч.

У стральбе з пісталета па мішэнях, якія рухаюцца, Кастусёў асягнуў найлепшы вынік – 35 ачкоў. Другое месца – у Мікалая Статкевіча, трэцяе заняла Марына Коктыш, журналістка «Беларускіх навінаў».

Сяргей Скрабец і Мікалай Статкевіч узгадваць Валерыя Фралова. Рэдакцыя «БелГазеты» сабрала цёплыя словы ад удзельнікаў турніру і перадала іх сыну генерала. Менск, 10 лістапада 2017 года. Фота – Алесь Сіліч
Тры гады таму сын Валера Фралова, Дзмітрый, знайшоў удома мёртвага бацьку. Генералу і былому намесніку старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) было 67 год. Пахаваны ў Горадні.

«Сустрэча выглядала як вечар памяці – сабраліся сябры Фралова, узгадвалі гісторыі з ягонага жыцця», – кажа наш калега Алесь Сіліч, які адправіўся на турнір здымаць сюжэт. На месцы Кірыл Жываловіч запрапанаваў нашаму калегу паўдзельнічаць. Алесь пагадзіўся – і выгуляў у стральбе з аўтамата перамогу, набраўшы 198 з 200 ачкоў.

Страляў з муляжу аўтамата Калашнікава – выбіў васямнаццаць «дзясятак» і дзве «дзявяткі». Далі кубак, было вельмі прыемна – генарала Фралова я ведаў і паважаў, – кажа Алесь Сіліч.

Другое месца падзялілі Сяргей Скрабец і Зміцер Дашкевіч, якія набралі па 197 ачкоў.

Някляеў абурыўся, што нічога не выгуляў – сказаў, што яго без кубка дадому не пусцяць. Давялося даць яму кубачак [рас. – кружку] Фралова, – дадае Жываловіч.

Журналіст выказаў спадзеў, што турнір стане традыцыйным.

ДД

Стужка навінаў