Мазгі ўцякаюць з Беларусі. Ці беларускія эмігранты ўзмоцняць рэжым Лукашэнкі?


Беларусы масава выязджаюць за мяжу вучыцца і працаваць. І ў асноўным не вяртаюцца.

Не бачаць для сябе перспектыву на радзіме. Адна з галоўных праблемаў – цяжкасці ў прызнанні заходніх дыпломаў. І, канешне – нізкія заробкі. Аднак ёсць катэгорыя спецыялістаў, якія вяртаюцца ў Беларусь, хто яны? І што можа зрабіць дзяржава, каб мы хацелі вярнуцца дадому? Пра гэта ў матэрыяле Руслана Шошына і Змітра Міцкевіча.

Больш за 35 тысячаў беларусаў штогод выязджаюць у замежныя ВНУ. Беларусаў на душу насельніцтва з’язджае больш з усіх краінаў Усходняй Еўропы. Гэтую лічбу агучылі ў Менску падчас круглага стала, удзельнікі якога разважалі пра тое як вярнуць на радзіму беларусаў, якія атрымалі замежную адукацыю. Цікава, што сярод прысутных, акрамя прадстаўнікоў незалежных арганізацыяў былі і прадстаўнікі ўладаў.

«Галоўная задача Беларусі, нашай дзяржавы ў тым каб беларусы хацелі вяртацца. Не каб прымушалі іх, а каб яны хацелі вяртацца. Хацелі вучыцца на захадзе, а потым свае веды і досвед перадавалі беларускай дзяржаве. Усё гэта патрэбна для ўзмацнення нашай незалежнасці», – мяркуе кіраўнік ўпраўлення агульнаеўрапейскай супрацы МЗС Беларусі Андрэй Бушыла.

Дыскусію арганізавала агенцтва «Тваё заўтра», якое наладжвае сувязі з беларускай акадэмічнай дыяспарай за мяжой. Кіраўнік агенцтва – Іна Кулей, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча.

«Сёння галоўнае – даць шанец. Ніхто не кажа што выпускнік замежнага ВНУ павінен абавязкова вярнуцца. Галоўнае, каб ён не забываўся, што ён беларус і для краіны можа нешта зрабіць. Гэтае пытанне толькі пачынае ўваходзіць у галовы мясцовай улады. Але з МЗС мы абмяркоўваем гэта пытанне ўжо даўно, як вы бачыце, яны прымаюць актыўны ўдзел. Яны думаюць пра тое, што колькасць рэфарматараў для зменаў, трансфармацыі, перабудовы і развіцця краіны мусіць павялічвацца», – кажа Іна Кулей.

Але гледзячы нават на афіцыйны сярэдні заробак у Беларусі, вяртаць мазгі на радзіму будзе не проста. Сярэдні заробак у Польшчы ўжо больш за тысячу еўра, Літве – 839 еўра, а ў суседняй Латвіі 927 еўра. Не кажучы ўжо пра такія краіны заходняй Еўропы як Францыя, Германія ці Бельгія, дзе 1500 тыс. еўра гэта мінімальны заробак.

«Для шмат каго жыццё і адукацыя ў Беларусі зʼяўляецца даволі сціслай прасторай. Ёсць жаданне вырвацца, атрымаць нешта большае, нешта больш свабоднае, арыентаванае на самарэалізацыю і на змены ўвогуле», – упэўнены старшыня праўлення Міжнароднага асветніцкага грамадскага абʼяднання «Акт» Уладзімір Корж.

З кожным годам усе менш беларусаў вяртаецца з-за мяжы на радзіму. А тыя хто вяртаюцца, прыязджаюць пераважна з Расеі. У сваю чаргу заходнія магістры ці бакалаўры сутыкаюцца з праблемай прызнання заходняга дыплому, які трэба пацвярджаць у міністэрстве адукацыі.

Вось што пра гэта думае Уладзімір Дунаеў з Грамадскага Балонскага камітэту:

«Беларусь у частцы прызнання дыпломаў усё яшчэ застаецца ў палоне розных савецкіх структураў, ілюзіяў, чаканняў і нарматываў. Мы жывем паводле тарыфна-кваліфікацыйных даведнікаў, а гэта не мае нічога супольнага да кампетэнцыяў. Гэта сістэма, якая рэгулюе заробкі: каму і колькі плаціць, а не тое з якімі кампетэнцыямі асоба можа ці павінная займаць акрэсленае месца».

Калі вяртаюцца, то пераважна спецыялісты па інфармацыйных тэхналогіях, якія ў Беларусі маюць самыя высокія заробкі.

«Наколькі дынамічны прыватны сектар, настолькі будзе зацікаўленасць у такіх людзях. Я ведаю шмат сітуацыяў калі людзі вяртаюцца і працуюць у «Epam» ці «Wargaming». І усе людзі там запатрабаваныя», – адзначае Рыгор Астапеня, заснавальнік «Цэнтру новых ідэй».

Але не ўсе беларусы працуюць праграмістамі. Складана, а нават немагчыма сабе ўявіць вяртанне з захаду тых жа дактароў ці медсясцёр.

У 10-й паліклініцы Менску неўролаг, тэрапеўт, кардыёлаг, афтальмолаг, рэабілітолаг зарабляюць 400 рублёў, а ў 11-й дзіцячай педыятр – 700 рублёў, Медсястра – 500 рублёў, Фельдшар – 450 рублёў

«Устанаўленне стасункаў з беларускім замежжам, менавіта тымі суайчыннікамі, якія атрымалі замежную адукацыю, гэта складанае пытанне стратэгіі ўзаемадзеяння з імі беларускай дзяржавы. Можна скарыстацца вопытам шмат якіх краінаў свету, якія даўно і паспяхова супрацоўнічаюць са сваймі дыяспарамі», – заўважае Алена Макоўская, кіраўнік МГА «ЗБС Бацькаўшчына».

Усе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся з тым, што дзяржава павінная больш актыўна працаваць з беларускім замежжам, каб вярнуць, як кажуць «мазгі на радзіму». Прыводзілі прыклад казахскага ўраду, які штогод фінансуе навучанне трох тысячаў сваіх студэнтаў за мяжой у рамках праграмы «Болашак». Пасля навучання мусяць адпрацаваць на радзіме пяць год. Праграма існуе з 1993 года, рэжым нязменнага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева чамусьці не мяняецца, а толькі ўзмацняецца дзякуючы маладым амбітным спецыялістам з захаду, якія гатовыя для яго працаваць.

Сюжэт выйшаў у эфіры праграмы «Прасвет», глядзіце яе апошняе выданне цалкам:

Стужка навінаў