«Мне ўсё надакучыла». Баевік ДНР, асуджаны ў Беларусі, зноў з'ехаў на Данбас


Баевік «ДНР» Аляксей Яршоў з Паставаў, якога Віцебскі абласны суд пакараў 2 гадамі «хатняй хіміі» за ўдзел у баявых дзеяннях, вярнуўся на Данбас, каб зноў ваяваць супраць Украіны.

Пра гэта belsat.eu паведаміла лепшая сяброўка Яршова Анастасія – яна сама напісала журналісту:

«Аляксей зноў там, адкуль прыехаў – на Данбасе. Пасля прысуду ён мусіў хадзіць, адзначацца ў міліцыі, але ён вырашыў з’ехаць».

Інфармацыю пра свой адʼезд на Данбас пацвердзіў «Нашай Ніве» і сам Аляксей Яршоў.

Нагадаем, 26 верасня на сайце Віцебскага абласнога суду зʼявілася паведамленне: 29-гадовага Аляксея Яршова з Паставаў пакаралі 2 гадамі хатняй хіміі паводле ч.1 арт. 361-3 – удзел у баявых дзеяннях за мяжой. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме. У інтэрвʼю belsat.eu Яршоў распавёў, што ўдзельнічаў у вайне на баку ДНР з сакавіка 2016 па травень 2017 году.

«Аляксей заўсёды такі быў: казаў, дзяды ваявалі вось і мы павінны. Але на самой справе ён паехаў на Данбасе проста зарабіць грошы – абяцалі ледзь не 10 тыс. долараў. А яму грошы вельмі патрэбны былі, у яго запазычанасць вялікая па аліментах. Але гэтых грошаў ён так і не пабачыў там», – распавядае Анастасія пра першую паездку Яршова на Данбас.

Пасля прысуду Віцебскага абласнога суду Яршоў правёў у Беларусі каля месяца, а потым зʼехаў на Данбас.

Паводле слоў Анастасіі, падчас апошняй сустрэчы Аляксей Яршоў сказаў ёй: «Мне ўсё надакучыла, я вярнуся». А некалькі дзён таму Яршоў патэлефанаваў ёй ужо з Данбасу.

Адзначым, што ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі з’яўляецца крымінальным злачынствам і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў (арт. 415 КК Беларусі).

Таксама нагадаем, напрыканцы верасня ў інтэрв’ю belsat.eu Аляксей Яршоў казаў, што супрацоўнічаў са следствам і «ведаў, што выйдзе на свабоду».

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў