Някляеву прысудзілі 10 содняў арышту за інтэрв'ю «Белсату»


Сёння суд Ленінскага раёна Менску пакараў паэта і палітыка Уладзіміра Някляева 10 соднямі адміністратыўнага арышту па ч. 3 арт. 23.34 КоАП нібыта за заклік да ўдзелу ў акцыі пратэсту.

Някляева абвінавацілі ў тым, што ён нібыта заклікаў «удзельнічаць у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Гаворка ідзе пра «Марш абураных беларусаў, які прайшоў 21 кастрычніка.

У матэрыялах справы аказалася інтэрвʼю Някляева »Белсату«, дзе той тлумачыў: «Калі ёсць воля бараніць свае правы, то трэба ісці і іх бараніць». Суд фактычна палічыў гэтыя словы правапарушэннем.

Паводле слоў Някляева, міліцыянты збіраліся ўзяць яго пад варту адразу пасля абвяшчэння прысуду, але пасля адпусцілі дадому.

«Пакуль кайданкі мне не начапілі, але вядома, схопяць потым недзе на вуліцы, як заўжды», – пракаментаваў belsat.eu палітык.

«Сітуацыя ўяўляе небяспеку для грамадства, бо ў Беларусі пачынаюць судзіць ужо нават не за дзеянні, а за выказванні. Гэта відавочны наступ на свабоду слова і ўдар па журналістах «Белсату». Маўляў, глядзіце, што праз вашыя інтэрвʼю здараецца і сядзіце ціха. Усе разумелі, што справа сфабрыкаваная, у тым ліку суддзя. Нават паводле іх законаў, караць не было за што, таму і ў пратаколе дакладна гэта не было прапісана», – кажа Някляеў.

Паводле слоў палітыка, яго «хочуць давесці да натуральнага сыходу з жыцця».

«Кожны раз у зняволенні ў мяне здараецца крыз, наступствам якога можа стацца інсульт і яны гэта ведаюць. На сёння на 10 раніцы лекар прызначыў мне абследаванне, але я туды не патрапіў. Мяркую, ня проста так судовае паседжанне прызначылі на той жа час – 10:00», – гаворыць Някляеў.

Адказваючы на пытанне, ці не думаў ён пра адʼезд з Беларусі, палітык падкрэсліў:

«Не. Я нарадзіўся тут, у гэтай зямлі ляжаць мае продкі. Няхай зʼязджаюць тыя, хто судзіць».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў