У журналіста Аляксандра Баразенкі канфіскавалі тэхніку і далі штраф Br 920


Аляксандра Баразенку абвінавачвалі паводле артыкулу адміністратыўнага кодэксу аб парушэнні аўтарскіх правоў пры выкарыстанні брэнду «Белсат». Суддзя Анастасія Папко пастанавіла аштрафаваць журналіста на Br 920 і канфіскаваць тэхніку.

15:48 «Ганебны цырк у непрыгожых чорных касцюмах. Мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне», – пракаментаваў Аляксандр Баразенка вынікі судовага паседжання.

15:40 Стым Аляксандра Баразенкі.

15:38 Здымаць у судзе забаранілі. Але ёсць гук.

13:17 Перапынак. Працяг стрыму – а 15:40.

13:07 Аляксандр Баразенка тлумачыць, што ён аператар, а таму ніяк не можа быць вінаваты ў выкарыстанні мікрафону з надпісам «Белсат» (бок абвінавачання бачыць у гэтым парушэнне з боку журналіста).

12:49 Суддзя працягвае зачытваць парушэнні, якія інкрымінуюць Аляксандру Баразенку.

12:33 Паседжанне аднавілася.

12:09

«Міліцыя спрабуе давесці, што Баразенка парушыў правы Белякова (мае прэтэнзіі да тэлеканалу ў справе выкарыстання таварнага знаку – заўв.), нібыта фактам высылкі матэрыялаў», – мяркуе прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

12:06

«Яны разумеюць, што гэтую справу я не кіну, яна пойдзе ў вышэйшыя інстанцыі, у міжнародныя, і яны жадаюць захаваць твар», – пракаментаваў Аляксандр Баразенка тое, што суд не дазволіў яму правесці дактыласкапію, каб даказаць сваю невінаватасць.

12:00 Абвешчаны перапынак на паўгадзіны, але наш стрым працягваецца.

10:53 Слова далі спецыялісту па абсталяванні з Белтэлерадыёкампаніі Аляксандру Грыбло,  які з’яўляецца дырэктарам дырэкцыі тэхнічнага развіцця.

Аляксандр Грыбло

10:43

«Я з’яўляюся журналістам. Наконт высунутых абвінавачанняў магу сказаць, што не здзяйсняў правапарушэнне, якую мне інкрымінуюць, паколькі я не ўводзіў названую тэхніку ў грамадзянскі абарот: не здаваў у арэнду, не прадаваў. Я выкарыстоўваў яе як працоўны інструмент», – заявіў журналіст.

10:41 Віну Аляксандр Баразенка не прызнаў.

Нашым журналістам забаранілі весці фота- і відэафіксацыю не толькі падчас самога працэсу, але ўвогуле ў будынку суду. Такую забарону патлумачылі існаваннем адпаведнай «інструкцыі». Чарговае паседжанне працэсу будзе весці новы суддзя.


А 10:00 глядзіце стрым на Belsat.eu.

Падчас паседжання 9 жніўня суд Першамайскага раёну Менску адправіў справу на дапрацоўку ў РАУС для выпраўлення недахопаў у пратаколе. Оперупаўнаважаны Падрэз, які складаў пратакол, выкарыстаў паняцце «торговый знак», такога паняцця няма ў заканадаўстве, таму і парушэння няма.

«Нават суддзя зразумеў, што лепш скінуць адказнасць на супрацоўнікаў. Можа ў Першамайскім РАУСе таксама зразумеюць, што гуляюць брудна і спыняцца. Гэтая справа можа хутка спыніцца, а можа падвіснуць на некалькі месяцаў. Тэхніка застаецца ў першамайскім РАУСе», – пракаментаваў тады Аляксандр Баразенка.

Журналісту пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў, а таксама канфіскацыя прафесійнай тэхнікі тэлеканалу «Белсат», якую забралі ў Аляксандра падчас арышту 25 сакавіка 2017 году на акцыі пратэсту. Алесь быў адзіным журналістам, які трапіў тады за краты на 15 содняў. Абвінавачанне гучала так: за лаянку ў публічным месцы. А ўжо 31-га сакавіка ў беларускіх офісах «Белсату» прайшлі ператрусы. Як высветлілася, уся тэхніка тэлеканалу была ў налепках з лагатыпам кампаніі. Тады ж, у СІЗА, на камеры Баразенкі невядома адкуль з’явілася і налепка «Белсат».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў