МЗС Польшчы: Касцюшка – універсальны герой чалавецтва, а не толькі «сын Беларусі» ці «польскі генерал»


21 кастрычніка ў швейцарскім горадзе Золатурн маюць адкрыць помнік Тадэвушу Касцюшку – першы ў свеце, пастаўлены беларусамі. Беларуская дыяспара вырашыла зрабіць гэта пасля рашэння Камісіі UNESCO абвясціць 2017-ы годам памяці Тадэвуша Касцюшкі. Ініцыятыва беларускай дыяспары ператварылася ў міжнародны скандал.

Перамовамі з уладамі гораду, пошукамі фінансавання, а таксама скульптара, які зробіць помнік, займаўся намеснік старшыні Беларускага аб’ядання ў Швейцарыі Алесь Сапега.

Планавалася, што на шыльдзе па-нямецку (імя і прозвішча напісаныя беларускаю лацінкаю) і па-беларуску будзе наступны тэкст:

У апошні момант надпіс змянілі.

«На жаль, намаганнямі польскага амбасадара ў Бэрне Якуба Кумаха з шыльды зніклі не толькі радкі «сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў», але не стала і версіі, напісанай па-беларуску», – распавёў Алесь Сапега «Нашай ніве».

Застаўся надпіс па-нямецку: «Пастаўлены Асацыяцыяй беларусаў Швейцарыі ў 2017 годзе».

«Польшча лічыць, што Тадэвуш Касцюшка з’яўляецца не толькі польскім героем, але і героем Літвы, Беларусі, Злучаных Штатаў ды ўніверсальным героем чалавецтва, а не толькі “сынам Беларусі” ці “польскім генералам”», – каментуе МЗС Польшчы сітуацыю вакол помніка Касцюшку.

Паводле дыпведмства, польскі бок «пазітыўна» успрыняў ініцыятыву Беларускага абʼяднання ў Швейцарыі і «вёў перамовы з ініцыятарам праекту», гаворыцца ў афіцыйным каментары МЗС Польшчы для «Белсату».

«Польскі бок прапаноўваў змясціць на помніку толькі імя і прозвішча Тадэвуша Касцюшкі. Беларускі бок прапанаваў надпіс: «Tadevuša Kaściuški – syna Białorusi» (арыгінал з афіцыйнага адказу МЗС. – Заўв. Belsat.eu), акрамя таго, на шыльдзе не згадвалася повязь Тадэвуша Касцюшкі з Польшчаю, што было непрымальна для польскага боку», – каментуе МЗС Польшчы.

«Амбасада ў Бэрне прапанавала сумеснае адкрыццё помніка з удзелам дыпламатаў Польшчы, Беларусі і Літвы. Беларускі бок без тлумачэння прычынаў нечакана адмовіўся ад перамоваў на гэты конт. Польская амбасада ў Бэрне таксама была праінфармаваная аб тым, што беларускі бок мае намер самастойна зладзіць вышэйзгаданую цырымонію. Нам вельмі прыкра з гэтае нагоды», – адзначае польскае дыпведамства.

Ліст Алеся Сапегі да амбасадара Польшчы ў Швейцарыі.

«Тэкст, які мае з’явіцца на шыльдзе, будзе сфармуляваны Беларускім абʼяднаннем Швейцарыі», – напісаў 23 верасня Сапега амбасадару Польшчы ў Бэрне.

Пазней стала вядома, што мясцовыя ўлады не пагадзіліся на змяшчэнне на шыльдзе надпісу, прапанаванага ініцыятарамі ўсталявання помніку.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі плануе сустрэцца з мэрам гораду Золатурн ў гэтай справе, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША памёр у Швейцарыі.

На адкрыцці помніку мае выступіць Лявон Вольскі.

ДД, ЮВ, JB, belsat.eu

Стужка навінаў