Верталёты з цеплавізарамі і экстрасэнсы. Тысяча чалавек 7 сутак шукае Максіма – ніводнага следу


Беларусь не памятае такой вялікай пошукавай аперацыі, якая зараз адбываецца ў ваколіцах Новага двара, дзе тыдзень назад знік дзесяцігадовы хлопчык Максім Мархалюк. «Калі не знайшоўся – ёсць надзея, што жывы», – кажуць валанцёры. Суткі з імі правялі карэспандэнты «Белсату».

Працуе больш за 200 супрацоўнікаў МЧС, супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэту, памежныя службы, вадалазы, актывісты «Чырвонага крыжа» і пошукава-ратаўнічага атрада «Анёл» – на сёмыя суткі тут задзейнічаная тысяча чалавек. Удзень і ўначы над аграгарадком і бліжэйшымі ляснымі масівамі кружляюць верталёты, непралазныя балоты аб’яжджаюць каля 30 квадрацыклістаў, яшчэ каля 300 валанцёраў ланцугом прачэсвае лес у надзеі знайсці хоць які-небудзь след хлопчыка. Але слядоў няма.

Меркаваная ляжанка Максіма. Новы двор. 21 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Нібыта сеў у верталёт і адляцеў»

Бацькі Максіма пачалі біць трывогу вечарам 16 верасня, калі праўдападобна, хлопчык пайшоў па грыбы. Як ужо казалі раней, ніхто з мясцовай дзятвы з ім не пайшоў. У лесе недалёка ад школы ў дзяцей была іх «база», шалаш дзе яны гулялі без суровага нагляду бацькоў. Недалёка ад «базы» бацька знайшоў ровар хлопчыка і ўсё… Сляды пяцікласніка проста знікаюць. На месцы не засталося слядоў нават ад ровара, на якім прыехаў хлопчык. Цягам тыдня надвор’е не асабліва спрыяла і пасля дажджу не засталося нічога. Медыі пісалі, што сабакі, якія бралі след, згубілі пах ля дарогі, але, як стала вядома пазней, яны не былі добра навучаныя, а пах на асфальтаванай дарозе заўсёды губляецца.

Пашукавікі пад Новым дваром. 22 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Супрацоўнікі ратаўнічых службаў і валанцёры прачэсвалі радыус месца знікнення пяць разоў, аднак ніводнага канкрэтнага следу знайсці так і не ўдалося. Ніводнага жмутка адзежы, ніводнай рэчы. «Нібыта прыехаў, сеў на верталёт і адляцеў», – здзіўляюцца валанцёры.

Кідаюць працу і прыязджаюць з усёй Беларусі

«Уначы мы бралі машыны і абшуквалі ў дзесяты раз апусцелыя хаты ў бліжэйшых вёсках. У адной з іх натрапілі на дзіцячую куртачку. Адразу скантактаваліся з «анёламі», у выніку аказалася, што яны пра яе ведаюць: не ягоная. Кожную зачэпку, на якую ўдавалася натрапіць, беспаспяхова правяралі па сто разоў. Дзве гадзіны пратырчалі ў Навасёлках, дзе па меркаванні экстрасэнсаў яны «адчувалі» Максіма. Ні шолаху, нічога», – распавядае валанцёр Коля з Горадні, які ўзяў некалькі дзён адпачынку на працы і сарваўся на пошук хлопчыка.

«Я тут амаль кожны дзень. Як не дапамагчы? У мяне самой тры сына», – кажа валанцёр Віра з Пружан. – «Муж прасіў, застанься ўдома хоць сёння, у нас такая дата, 12 гадоў як мы павянчаліся. Кажу, не магу, дзіця мне гэтае перад вачыма стаіць».

«Трэба шукаць, не можа быць каб ніводнага следу. Людзі знаходзяцца», – гаворыць валанцёр Саша, які працуе дальнабойшчыкам. Саша ўзяў адпачынак за ўласны кошт і не паехаў у рэйс, каб дапамагчы ў пошуках.

Валанцёры адзначаюць пройдзеныя кавалкі лесу на мапе. Новы двор. 21 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сямёра квадрацыклістаў з Ваўкавыску «Брудныя ваўкі» таксама прыехалі дапамагчы. «Там ужо ўсё пераходжанае. Дзе мы сёння былі, ужо па другому, па трэцяму разу правяралі. Двое мясцовых нас вадзілі. Я лічу, гэта нерэальна. Тое, што шукаць трэба гэта трэба. Але хіба што, гэта толькі справа выпадку. Сёння праехалі 70 кіламетраў, куды гэты хлопец мог пайсці? Ён жа потым мог вярнуцца на месца, дзе быў, калі ён блукае», – дзеліцца ўражаннямі «брудны воўк» Мечыслаў.

Верталёт над месцам пошукаў. 22 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Хлопчык мне будзе сніцца

Група добраахвотнікаў разам з «анёламі» і актывістамі «Чырвонага крыжа» з самага ранку накіравалася ў лес за 8 кіламетраў ад вёскі. Каля трохсот чалавек выставіліся ў даўжэзны шэраг даўжынёй амаль у кіламетр. Дажджавік і гумовыя боты – абавязковы рыштунак. Нават, калі не падае дождж, мокрыя кроплі ляцяць з верхалін дрэў.

Ісці адным шэрагам – гэта самы надзейны і бяспечны варянт. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Гучыць каманда «Рух!», і людзі пачынаюць прабірацца праз лясны гушчар. Каб не згубіцца, трэба трымацца ланцуга, аднак весці 300 чалавек адным шэрагам цяжка. Хада праз лес пераўтвараецца ў суцэльную сцежку перашкодаў. Хмызняк блытае людзей. Пакуль адзін чалавек робіць некалькі ўпэўненых крокаў, другі прабіраецца праз паваленыя дрэвы, балота або праз калючае галлё елак. Пасля двух гадзін павольнага перасоўвання наперад паміж людзей расце напружанне. Кожны спрабуе нешта прапанаваць, аднак адзінае выйсце – вылезці з балота і хваін, падраўняцца і крочыць далей. І гэтак да самага вечара.

«Я разумею, што ўсе стомленыя. Але ісці адным шэрагам – гэта самы надзейны і бяспечны варянт. Калі, не дай Бог, пасля мы даведаемся, што нехта знайшоў хлопчыка ў сотні метраў, якую мы прапусцілі, ён мне сніцца будзе, гэты хлопчык», – не вытрымлівае адзін з камандзінаў «анёлаў».

У літаральным сэнсе аглядаецца кожны куст, кожнае паваленае дрэва, пад якім мог схавацца малы. Аднак уся зямля пратаптаная слядамі дзікоў, ласёў, касуль і зуброў. У пэўны момант людзі з левай часткі ланцуга пачынаюць крычаць, пад нагамі трасецца зямля, за дрэвамі мільгацяць магутныя цені – у пяцідзесяці метрах ад нас прабягае статак зуброў.

Лес. Новы двор. 22 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«За 2 дні бачыў толькі кабыты зуброў, ласей, дзікаў, зайцаў. Слядоў ваўка я не бачыў. Нас тут проста шмат, але калі зуброў убачыш, трэба не стаяць у іх на шляху і пажадана не рухацца, каб іх не спужаць. І не ўсміхацца – аскал, знак агрэсіі ў жывёл. Ад кабаноў і ваўкоў адзін выхад –толькі на дрэва залезці. Нехта крычаў сёння: «Воўк». Гэта няпраўда. Ваўка ніхто не мог бачыць. Ваўкі ходзяць актыўна ноччу і толькі зграямі. Але нават воўк ніколі не кране чалавека, калі не спрабаваў чалавечага мяса. Тады яны вар’яцеюць і нічога іншага ўжо есці не могуць. Але гэта вельмі рэдкія выпадкі, такіх адразу адстрэльваюць паляўнічыя, бо яны пачынаюць лезці ў вёску», – тлумачыць валанцёр Мікалай.

Пашуковая аперацыя. Новы двор. 22 верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Паводле спадара Мікалая, у лесе ў гэты час можна спакойна выжыць. Гэта не пустыня, дзе няма вады. Вада, да прыкладу, збіраецца ў шапках грыбоў. Або, калі знайсці пластыкавую бутэльку, можна сабраць кроплі з лісця. Ночы цяпер не марозныя: акалець – не акалееш. Галоўнае – знайсці сухое месца на начлег. Звычайна самае сухое пад зломамі дрэў. Важна не спаць на спіне, лепш на руцэ ці на баку, каб не застудзіць ныркі і не захварэць на запаленне лёгкіх. Ноччу лепш не блукаць, а ўдзень глядзець на сонца, арыентавацца па мху на дрэвах, які расце з паўночнага боку, і ісці наперад. У любым выпадку раней ці пазней можна выйсці хаця б на сцежку, асабліва, калі гэта лес блізка вёскі. Любая сцежка куды-небудзь прывядзе.

«Каб звер які напаў, то знайшлі б. Кроў, парэшткі, хоць нешта. Калі б нехта забіў, не дай Божа, знайшлі б труп. Калі не знайшлі, значыць, ёсць надзея, што жывы», – кажа Мікалай.

Пасля цэлага дня пошукаў у лесе валанцёры вярнуліся ні з чым. Каля сельсавета, дзе знаходзіцца штаб, на людзей ўжо чакала гарачая ежа. Мясцовыя і прыезжыя дапамагаюць, чым могуць. У намётах Чырвонага крыжа ляжаць мяшкі з гарбатаю, каваю, цукеркамі, «імгненнымі» супамі, бульбаю, цёплымі шкарпэткамі, лекамі і ўсім, што можа спатрэбіцца пашукавікам. Увечары з працы вяртаюцца мясцовыя жыхары, якія ахвотна запрашаюць прыезджых на начлег.

Ратаўнікі і валанцёры прачасалі радыус вакол месца знікнення пяць разоў, аднак слядоў не знайшлі. Фота –Васіль Малчанаў/Белсат

Спадарыня Галя, якая прыгарнула нас да сябе ў хату, шакаваная сітуацыяй.

«Куды ж тое дзіця магло падзецца? Я сама, калі за журавінамі ў балота хаджу, толькі з сабакам. Туман, як асядзе – адтуль не вылезеш. Кажуць, што магчыма хаваецца недзе. Але колькі ж можна хавацца? Гэта ж дзіця. Там нармальныя бацькі. Ён жаданае дзіця. Розніца са старэйшым братам 10 гадоў. Бацька не п’е. Звычайныя людзі, як і ўсе мы», – тлумачыць Галіна.

Чырвоны крыж раздае вячэру. Новы двор. 21 верасня 2017 года. Фота –Васіль Малчанаў/Белсат

Уначы пошукі не спыняюцца. Увесь час лётаюць верталёты з цеплавізарамі, ходзяць кінолагі з сабакамі. Тысяча людзей шукаюць і тысячы моляцца, каб дзіця знайшлося.

Дажджавік і гумовыя боты – абавязковы рыштунак пашукавікоў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Мясцовыя распавядаюць, што пасля здарэння ў маці Максіма пагоршала здароўе і жанчына трапіла ў шпіталь. Кожны дзень на месцы, дзе ў лесе стаіць шалаш, сядзіць бацька і чакае сына.

Паўліна Валіш

  • Каардынатары пашукавіковай аперацыі просяць збірацца ў штабе, які будзе знаходзіцца на стадыёне ля школы за сельсаветам а 9-й, 12-й, 15-й, 18-й гадзінах, і мець з сабой адзенне і боты, прыдатныя да паходу ў лес.
Стужка навінаў