«Мы адзін народ з супольнай гісторыяй і лёсам»: пад Барысавам развіталіся з першай танкавай арміяй УС Расеі


Пад Барысавам адбыўся ўрачысты мітынг з нагоды вяртання расейскіх жаўнераў у месцы пастаяннай дыслакацыі.

«Мы адзін народ з супольнай гісторыяй і лёсам, – сказаў намеснік камандзіра першай гвардзейскай Чырвонаменнай танкавай арміі УС Расеі Аляксандр Манак. – Вучэнне паказала, што мы баявыя, мы саюзнікі з агульнай гісторыяй, з агульным разуменнем задачаў. Самае галоўнае – мы працуем над тым, каб бяспека нашых дзяржаваў была непарушная».

Намеснік камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання УС Беларусі, генерал-маёр Валерый Гнілазуб таксама ўзгадаў пра адзінства народаў.

«Сёння ў адным шыхце стаяць вайскоўцы Беларусі і Расеі, двух брацкіх народаў, гісторыя якіх непарыўна звязаная паміж сабой. Мы не раз станавіліся плячом да пляча, абараняючы нашу свабоду і незалежнасць, даказваючы сваю гатовасць даць адпор любому ворагу, які пасягаў на іх», – сказаў генерал-маёр.

На ўскраіне Барысава расейцы пагрузілі ваенную тэхніку на чыгуначныя платформы. Па прыбыцці ў пункты пастаяннай дыслакацыі частка жаўнераў сыдзе ў адпачынкі, а тэхніка будзе пераводзіцца на зімовы перыяд эксплуатацыі, піша дзяржаўнае агенцтва belta.by.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў