«Дзякуй Богу, што мае бацькі далёка і ўдома». Землятрус у Мексіцы вачыма беларускі


У самы эпіцэнтр трагічных падзей, якія ў літаральным сэнсе ўскалыхнулі Мексіку, трапіла нашая землячка, гарадзенка Барбара Чэмерыс. Яна распавяла «Белсату», што перажыла.

28-гадовая дзяўчына трапіла ў Мексіку тыдзень таму, каб адведаць свайго сябра, які жыве ў самай сталіцы Мехіка. Аднак гарачыя канікулы, пра якія марыла дзяўчына, пераўтварыліся ў экскурсію па вуліцах з разбуранымі дамамі і чалавечым хаосе.

20 верасня ў Мексіцы адбыўся адзін з самых моцных землятрусаў за апошнія 100 гадоў магнітудай 7,1. Агульная колькасць загінулых перавысіла 200 асобаў. У самой сталіцы, як пакуль што перадаюць міжнародны СМІ, загінулі 86 асобаў.

Парадаксальна, што напярэдадні катастрофы краіна рыхтавалася адзначыць гадавіну іншага землятруса, які адбыўся роўна 32 гады таму, 19 верасня 1985 года. Тады маштабы катастрофы і чалавечых ахвяраў былі яшчэ большымі.

«Я адчувала сябе нібыта п’яная»

Зранку мы яшчэ пабылі ў музеі, потым пайшлі ў гандлёвы цэнтр. Перад гэтым землятрусам яшчэ былі пробныя сігналы, вучэнні на выпадак землятрусу. Карацей, мы з гандлёвага цэнтру ішлі ўжо па дарозе ў метро, каб крыху скараціць дарогу. Пасля сышлі яшчэ на паверх ніжэй, – распавядае Барбара. Я на пачатку не адчула нічога, потым ужо ўскрыкнула. Мяне пачало трасці ўсю. Такое адчуванне, што нібыта ты пʼяны, ці што. Рэальна, не можаш устаяць на нагах. Зямля пад табой хадуном ходзіць.

Мы падняліся бегам па лесвіцы. Проста неяк падсвядома разумееш, што трэба бягом, бягом бегчы, ні на што не звяртаючы ўвагу. Як на стометроўцы нейкай, што ёсць сілы. Толькі чуваць, як навокал аскепкі шкла ляцяць і разбіваюцца, з вітрын ці адкуль. Усе бягуць і трэба бегчы хутчэй, на вуліцу, там дзе ёсць свабодная прастора.

Калі мы выбеглі на двор, там ужо было шмат народу. Аварыйныя службы навокал. Кіравалі, куды выбягаць, што рабіць, куды не праходзіць, куды ісці. Шмат людзей, усе баяцца, усе перапужаныя. Патрэсла-патрэсла і супакоілася.

Цягам тыдня другі землятрус

Гэта дарэчы ўжо другі землятрус, які я перажыла. Першы – быў тыдзень назад. Той першы здарыўся сярод ночы, гэта было каля 12-й. Я не памятаю, як я прачнулася, я толькі памятаю як я схапіла тэлефон і выйшла.

Бачу, як лямпачка на столі ходзіць, трасецца з боку ў бок, гойдаецца. Ну мы з бацькамі майго сябра Крыстобля пастаялі 5 хвілін. Гойдаць перастала. І пайшлі далей спаць. У Мексіцы тады нічога такога не здарылася. Таму, я не ўсвядоміла спачатку, ШТО адбылося.

Мы выйшлі з метро. Адразу пачалі працаваць паліцыянты. З аднаго будынку пару плітачак паадвальвалася. Трэшчынкі невялікія. А сувязь знікла. Сігналу няма. Толькі дайшоў сігнал ад мамы Крыстобля, што «мы жывыя, усё ў парадку». Мы паехалі на тое месца, дзе дамовіліся сустрэцца. Мы ж не ведаем, дзе мама, дзе тата. Усе дарогі ў заторах. Усе кудысьці едуць. Проста жах. Але ўжо метро паехала.

Калі мы сустрэлі маму Крыстобля, яна ўся трэслася ад жаху. Апошняе, што яна бачыла, калі выбягала з дому – што суседні дом поўнасцю рухнуў. Ды сама так спалохалася, што нават баялася паглядзець, што з ейным домам.

Ланцужкі дапамогі

Калі вярнуліся дамоў, нашая вуліца была зачыненая. Мы кінулі машыну на дарозе і пайшлі пешкі. Гляджу – дамкі стаяць. Адзін завалены поўнасцю. Куча абломкаў. Усе нешта разбіраюць. Ну і людзі, суседзі пачалі арганізоўвацца разбіраць завалы. Канешне, калі там людзі, то завалы трэба разбіраць уручную, бо калі там нехта ёсць, трэба асцярожна, каб нічога не парушыць, каб там нічога не ўпала і не прыціснула яшчэ тых людзей. Мы таксама адразу пайшлі дапамагаць.

Людзі ўставіліся ў такія ланцужкі, павыносілі ўсё што было: вёдры, кошыкі на смецце, міскі вялікія. І так накладваюць абломкамі ўсё і перадаюць па ланцужку на іншы канец вуліцы. У адзін бок ланцужок з абломкамі, а назад ланцужок з пустымі вёдрамі. Пакуль прыехалі службы аварыйныя, ужо людзей паболела.

Людзі адразу пачалі збіраць грошы на ежу, на ваду, на маскі ад пылу. Пасля мы пайшлі да хаты. Электрычнасці няма. Газ перакрыты. Вада толькі халодная.

Калі выцягваюць жывога чалавека, то прынята пляскаць у далоні

Ратаўнік падымае рукі ўверх, заклікаючы да цішыні. Імаверна, што пад абломкамі жывыя людзі

На першы погляд, наш дом у парадку, але там такая сістэма, што дамы будуюцца блокамі, і адзін з другім вельмі моцна звязаныя. Калі зверху глядзець, то атрымліваецца такі масіў. І ёсць небяспека, што наступныя дамы проста па ланцужку разваляцца. Карацей, мы паглядзелі, што нібыта ўсё нармальна і пайшлі да сяброў сям’і. Яны нас прыгарнулі да сябе і пакармілі.

Але канешне, бачыць гэта ўсё – проста жахліва. Асабліва, калі думаеш, што пад гэтымі абломкамі засталіся людзі. Параненых я не бачыла, бо тут, калі выцягваюць жывога чалавека, то прынята пляскаць у далоні. Выцягвалі людзей, я чула гэтыя авацыі, але не бачыла, бо далей стаяла, перадавала абломкі.

«Калі ты быў на сёмым паверсе, то ты мярцвяк»

Канешне, у метро было страшна, але там было болей шанцаў выжыць. Калі там заваліцца, то звонку, але сам тунэль звычайна застаецца цэлы. Проста я баялася, што заваліць напрыклад уваход, што перакрые паветра і што мы там задыхнёмся ўсе.

Я чула, на прыклад, што той хто на першым другім паверсе, то яшчэ ёсць шанцы выжаць, але хто вышэй, то ўсё. Калі ты сядзіш на сёмым паверсе, то ты мярцвяк. Тут мала такіх будынкаў, але ўсё роўна ёсць офісныя. Дзе максімум, што ты можаш, гэта схавацца каля якойсьці калоны, або нясучай канструкцыі, каторая не так лёгка разбурыцца.

«Не крадзі, лепш дапамажы!»

Людзі арганізаваліся ў момант. Пачалі збіраць грошы і Чырвоны Крыж падключыўся. Адразу стварылася вельмі шмат пунктаў, дзе збіраюць ежу, грошы, ваду – усё. І для тых, хто пацярпеў, і для тых, хто дапамагае. Адразу арганізаваліся працоўныя рукі разбіраць аскепкі. Шмат дактароў, інжынераў, усіх.

Дамоў, якія цалкам разбурыліся не так і шмат, але шмат пашкоджаных і якія ў такім стане, што не дай Бог крыху трасане, то разваліцца. Шмат дамоў у аварыйным стане, з якіх людзей эвакуявалі і дзе працуюць спецыялісты інжынеры, якія ўжо акрэсліваюць, які дом прыдатны для жытла, ці можна туды ўвайсці.

Таму што былі выпадкі, што падчас землятрусу дом не разваліўся, але калі людзі ўваходзілі забраць рэчы, дом абвальваўся ў гэты момант. Мне толькі на вочы надпіс трапіўся «Не крадзі, лепш дапамажы». Хоць такое адчуванне, што кожны хоча дапамагчы.

Адна хвілінка для сусветных навін: у Японіі таксама прайшоў землятрус

Усю ноч мы працавалі на гэтых разборках. Працуецца вельмі павольна, бо заўсёды ёсць надзея, што пад імі, пад абломкамі нехта жывы ёсць.Акрамя гэтага, рабіць няма чаго, усё зачынена. Абвешчаная нацыянальная жалоба. Па тэлебачанні адныя спрэс трансляцыі, як людзі разбіраюць завалы, дзе яшчэ ратуюць жывых.

Паўдні ўжо трансляцыя ідзе пра заваленую школу, дзе шмат загінулых дзяцей. Адна дзяўчынка, жывая, але захрасла паміж абломкамі і яе не могуць выцягнуць. Да яе не могуць прабрацца. І вельмі небяспечна нешта рухаць, бо гэта ж усё як картачны домік. Калі нешта адно дастанеш, можа разваліцца ўсё астатняе. Па тэлебачанні толькі гэта. Перыядычна якіясьці навіны, што «адну хвілінку прысвецім сусветным навінам: у Японіі таксама землятрус«.

На вуліцы ўсе некуды бягуць, ніхто не ведае, што адбываецца. Людзі навокал у масках з рыдлёўкамі. Навокал паніка. Просяць, каб не карысталіся машынамі, каб маглі праехаць хуткія, пажарныя, аварыйкі. Але людзі ўсё роўна карыстаюцца. Таму ўсе сігналяць. Жудасны шум. Хаос.

Аднак усе вельмі адкрытыя на дапамогу. У нас ужо некалькі прапановаў, дзе мы можам пераначаваць.

Перыядычна да мяне прыходзіць такое адчуванне, што я ў некім фільме. З аднаго боку добра, што з нашым домам нічога не сталася. А з іншага … Калі ўявіць сабе, як гэта. Калі разбураецца ўсё. Увесь дом. Ладна ў мяне там прапала… чамадан, пара любімых шмотак… А ў людзей прападае ўсё. Якая гэта катастрофа. Так што з іншага боку такі жах. Спачуванне гэтым людзям, асабліва тым, хто страціў сваіх блізкіх.

З іншага боку таксама такое «паўшчасце», што гэта не твае блізкія. Што мае бацькі там у Беларусі, што ў іх усё добра.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў