Верталёты Ка-52 страляюць па людзях на вучэннях «Захад-2017». Мінабароны РФ каментуе здарэнне


18 верасня Youtube-карыстальнік Alex HR апублікаваў відэа «Учения запад 2017 пара вертолетов ка 52 наносит ракетный удар».

На відэа бачна, што верталёт адкрывае агонь па «Камазе», накрытым маскіровачнай сеткай. Побач з «Камазам» стаяць тры легкавыя машыны. Аўтар відэа знаходзіўся ў 10-15 метрах ад месца абстрэлу.

Неўзабаве пасля публікацыі ў медыях інфармацыі пра здарэнне, з’явілася яшчэ некалькі відэа з палігону.

Паводле расейскага выдання 66.ru (Екацярынбург), здарэнне адбылося на палігоне «Лужский» (Ленінградская вобласць). 18 верасня на ім пабываў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін. Крыніца выдання паведаміла, што падчас вучэнняў адбыўся «ненаўмысны запуск ракеты» з верталёту Ка-52.

Уладзімір Пуцін на палігоне «Лужский». 18 верасня 2017 г.
Фота: kremlin.ru

«Яны ляцелі ў кірунку мэты, заставалася метраў 500, паводле задання на баявым шляху ўключаюцца ланцугі ўзбраення, яны ўключылі, але там нешта закараціла, і ракеты выйшлі самі. У аскепкаў радыус вялікі, згарэлі як мінімум два аўтамабілі [на відэа бачна толькі разбітае аскепамі шкло – заўв. Belsat.eu], дзве асобы атрымалі цяжкія траўмы, цяпер яны знаходзяцца ў шпіталі. Гэта была трэніроўка перад нейкай паказухай. Пацярпелі, хутчэй за ўсё, журналісты», – паведаміла 66.RU ананімная крыніца.

«Twitter» расейскай ініцыятывы «Conflict Intelligence Team» публікуе дакладную запіску з тлумачэннямі абставінаў інцыдэнту.

Мінабароны Расеі пацвярджае выпадковы запуск ракеты, але зняпраўджвае звесткі пра параненых. Таксама расейскае вайсковае ведамства адзначае, што здарэнне адбылося не на «Захадзе-2017», а ў іншы час.

«18 верасня ў межах розыгрышу эпізоду практычных дзеянняў сумеснага стратэгічнага вучэння “Захад-2017” ніякіх здарэнняў, звязаных з працай армейскай авіяцыі, не было», – заявілі ў прэс-службе Заходняй ваеннай акругі Расеі.

Від з кабіны пілотаў. Яшчэ адно відэа.

Відэа здарэння з іншага ракурсу.

На гэтым відэа бачна, што ў зоне абстрэлу знаходзяцца людзі ў камуфляжы. Відэа апублікаванае на youtube-канале «Проверка Проверка». На канале толькі 2 відэа (з кабіны верталёту і з людзьмі ў камуфляжы). Варта адзначыць, што пасля абстрэлу ніхто з вайскоўцаў не лаецца матам.

Каментары пад відэа з каналу «Проверка Проверка» у суполцы vk.com/milinfolive

Беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі і Расеі з 14 па 20 верасня.

Усё, што варта ведаць пра вучэнні «Захад-2017» можна знайсці тут.

Мапа вучэнняў



ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў