Belsat.eu працягвае серыю рэпартажаў з ключавых населеных пунктаў ля палігонаў, дзе ўжо трэці дзень адбываюцца вучэнні «Захад-2017». 15 верасня нашыя карэспандэнты наведалі вёску Дрэтунь ля мяжы з Расеяй, а таксама даведаліся, ці прыбылі расейскія вайскоўцы на палігон пад Лепелем.
Кіламетрах у 20 ад мяжы месціцца маленькая вёска Дрэтунь – тут усяго 150 жыхароў. Да манеўраў «Захад-2017» яны ставяцца пазітыўна, часцей – абыякава. Прыкмет маштабных вучэнняў у Дрэтуні наогул няшмат. Адзіная забарона – хадзіць у лесе ля палігону, але вяскоўцы не надта прыслухоўваюцца і ўсё адно збіраюць грыбы ў ваколіцах. Час ад часу ў вёсцы з’яўляецца вайсковы або міліцэйскі патруль, а ранкам з палігону чуваць стрэлы. Праўда, і гэта не турбуе мясцовых.
«Вось вучэнні «Захад-81» былі моцныя! Ракеты, гарматы, авіяцыя – страшней за вайну! – распавядае жыхарка Дрэтуні ў гадах, – А цяпер – лухта. Страляюць, але не шмат».
Пытаемся ў людзей: ці не баяцца, што пасля вучэнняў расейскія войскі застануцца ў Беларусі?
«Расейскія войскі? У нас няма часу на гэтае глупства! – адмахваецца прадавачка ў краме, – Супраць расейскіх жаўнераў я нічога не маю. І да вучэнняў цудоўна стаўлюся, у самой сын цяпер у войску».
У Дрэтуні расейскіх вайскоўцаў ніхто не бачыў. У краму з палігону ходзяць толькі беларусы, варта і патрулі – таксама беларускія. І толькі паводле сведчання пажылой спадарыні, нядаўна яна бачыла чалавека «у незразумелай форме».
Дарэчы, прыбывалі сюды войскі не праз чыгунку – станцыя ў Дрэтуні даўно зачыненая. Тутэйшы ляснічы распавёў нам, што бачыў, як на мінулым тыдні калоны вайсковых МАЗаў ехалі праз вёску ў суправаджэнні міліцэйскіх машын. Аднойчы нават выставілі ачапленне з байцоў АМАПу.
Ён жа хвалюецца толькі за тое, каб вайскоўцы не рабілі ў лесе самавольныя вырубкі. За астатняе ляснічы спакойны:
«Ну навошта расейцам заставацца? Што ім тут рабіць? – з усмешкай кажа мужчына, – Тут нічога няма, палігон разабралі, камунікацыяў няма, у нас нават з мабільнай сувяззю вялікія праблемы. Ды і дзе б яны тут жылі – у намётах хіба?»
Вяскоўцы распавядаюць, што на палігоне трэніруюцца падраздзяленні РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы). Цяжкія ўзбраенні пад Дрэтунь, хутчэй за ўсё, не перакідваліся. Але, паводле афіцыйных дадзеных, тут прысутнічае яшчэ і авіяцыя абедзвюх дзяржаў. Расейскія Мі-24 і беларускія Мі-8 ўчора як раз «знішчылі» пад Дрэтунню варожых дыверсантаў. Мясцовыя жыхары пацьвярджаюць: яны неаднаразова бачылі над вёскай верталёты.
Праходзім 5 кіламетраў па «гравійцы» і бачым дзіўны КПП: паваленае і прыкрытае імхом старое дрэва, а праз вузкую бакавую сцяжынку перакінутая тонкая бярозка. Варты ля імправізаванага шлагбауму няма, толькі праз пару хвілін з-за кустоў разняволена і не спяшаючыся выходзяць двое маладых беларускіх вайскоўцаў – патруль ваеннай камендатуры. За кустамі ў іх намёт з неабходнымі рэчамі і ежай. Начальнік патрулю распавёў: цяпер іхняя змена, а праз пару гадзін прыйдзе чарга міліцыі стаяць на КПП. Дадалі, што звычайна спыняюць грыбнікоў і «акуратна вяртаюць» на «мірную» тэрыторыю.
Заслонава – вёска пад Лепелем, тут жа месціцца вайсковая частка – матастралкі.
«На палігоне цяпер страляюць – бывае, што нават вокны дрыжаць, – кажа спадарыня сталага веку, – Нам забаранілі ў лес па грыбы хадзіць, але людзі не слухаюцца – нядаўна дзвюх жанчын злавілі, а адна паспела збегнуць. А расейцаў мы не бачылі – здаецца, тут толькі мясцовыя».
На выхадзе з крамы сустракаем двух беларускіх «срочнікаў», у аднога з іх на плячы аўтамат. За прадуктамі яны хадзілі пад наглядам маёра. Калі жаўнеры, пачуўшы, што мы журналісты, усміхаюцца, то афіцэр адразу забараняе ім гутарыць.
«За мной! Маўчаць!», – крычыць ён.
Усе трое пераходзяць праз дарогу і паварочваюць у лес. Ідзем па той жа сцежцы і праз метраў 500 падыходзім да кантрольна-прапускны пункту. Выглядае КПП перад стралковым палігонам больш сур’ёзна, чым у Дрэтуні. На варце – адразу некалькі афіцэраў.
«Та-а-к, неакрэдытаваныя спецыялісты. Пра вас ужо ўсе ведаюць. Праход забаронены, у лясы побач таксама нельга заходзіць», – кажуць яны.
Афіцэр просіць паказаць пасведчанні журналістаў і пакуль ён іх праглядае, праз КПП прапускаюць шыкоўны белы джып з таніраваным шклом. Нумары на машыне належаць Маскоўскай вобласці. Натуральна, перасекчы КПП такім чынам, не спыняючыся, змог бы толькі высокапастаўлены вайсковец або супрацоўнік ФСБ.
«Не, расейскіх войскаў на Лепельскім палігоне няма. Бліжэйшыя – пад Барысавам», – запэўніваюць нас шарагоўцы.
Вяртаемся да жылога сектара, але хутка заўважаем, што за намі ідуць тры вайскоўцы – тыя самыя, што стаялі на КПП. Пакуль мы гутарылі з мясцовымі жыхарамі, вайскоўцы пільна сачылі. Нарэшце, пад’ехалі два УАЗікі з АМАПаўцамі. Праверка дакументаў.
«Тут розныя дыверсанты могуць з’явіцца, – кажа амапавец, перапісваючы нашыя дадзеныя, – На палігон хадзіць забаронена. Ведайце, што вас могуць затрымаць»…
Пакуль правяраюць пашпарты, спрабуем разгаварыць міліцыянтаў. Ці ёсць пад Лепелем расейскія войскі?
«Іх тут няма. Машына з расейскімі нумарамі? Я такога не бачыў».
Нас адпускаюць, але прая’зджаем літаральна 50 метраў: раптоўна сілавікі вяртаюцца і нас бяруць у «скрыначку»: блакуюць ажно чатыры машыны міліцыі і вайсковага патруля. Але гэта не затрыманне. Яны проста забыліся адразу праверыць дакументы ў нашага кіроўцы.
«Вас праводзіць?» – пытае міліцыянт, вяртаючы пашпарт.
Мы ветліва адмаўляемся.
***
Сумесныя стратэгічныя манеўры «Захад-2017» працягнуцца да 20 верасня, у іх бяруць удзел 12 700 вайскоўцаў, з іх – каля 3 000 расейцы. Вучэнні адбываюцца на сямі палігонах у розных кропках Беларусі, а таксама ў Глыбокім і ля вёсцы Дрэтунь. Паводле афіцыйнай заявы Мінабароны, расейскія войскі мусяць пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасня.
Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш, belsat.eu